Украінская Аўтакефалія: за крок да Томасу

Владимирский собор

11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату прыняў некалькі лёсавызначальных рашэнняў, якія ёсць фактычна апошнімі крокамі перад наданнем аўтакефаліі Украінскаму Праваслаўю.

Па-першае, была пастаўленая лагічная кропка ў спрэчцы аб кананічнай належнасці тэрыторыі гістарычнай Кіеўскай мітраполіі, а менавіта пацверджаная яе належнасць да Канстанцінопальскага патрыярхату ды адкінутыя заявы Масквы аб быццам бы яе перадачы Расійскай Праваслаўнай Царкве ў 1686 годзе. Гэта дае права Усяленскаму Патрыярху вырашаць пытанне аб аб’яднанні ўкраінскіх праваслаўных не толькі як “першаму па годнасці” ў Сусветным Праваслаўі, а і як непасрэднаму кананічнаму адміністратару гэтай тэрыторыі.

Па-другое, былі адноўлены ў якасці кананічных архірэяў Прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы патрыярх Філарэт ды Прадстаяцель Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Макары. Адпаведна прызнаны ўсе Таямніцы, які яны здзяйснялі раней ды будуць здзяйсняць у будучыні. Такім чынам, што ёсць найгалоўнейшым, усе епіскапы ды святары дадзеных Праваслаўных Цэркваў (юрысдыкцый) прызнаны кананічнымі. Менавіта гэтае рашэнне найбольш уразіла ды выклікала рэзкі супраціў Маскоўскага Патрыярхату. Паспрабуем разабрацца чаму “кананічная амністыя” УПЦ КП ды УАПЦ настолькі важная, сапраўды лёсавызначальная.

Калі аб належнасці гістарычнай тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскаму патрыярхату мы чулі ўжо досыць даўно, практычна пачынаючы ад надання Томасу аб аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царкве ў 1924 годзе, дык аб фармальным прызнанні кананічнага статусу кліру УПЦ КП ды УАПЦ да нядаўняга часу ніхто нічога не казаў. Менавіта гэты факт даваў спадзеў Маскве на немагчымасць надання Томасу аб аўтакефаліі Украінскаму Праваслаўю, бо, як неаднойчы адзначалі ў Маскоўскім патрыярхаце, “немагчыма надаць аўтакефалію тым, хто не ёсць праваслаўнымі епіскапамі ды святарамі”.

Адзначаны вышэй погляд Маскоўскай патрыярхіі грунтаваўся на тым, што Патрыярх Філарэт быў адлучаны ад Царквы, а мітрапаліт Макары забаронены ў служэнні яшчэ святаром. Лагічна рабілася высновы, што іх архірэйскія дзеі не маюць ніякай сілы. А паколькі практычна ўсе архірэі УПЦ КП ды УАПЦ маюць пераемнасць ад гэтых іерархаў, адпаведна няма і епіскапату, і святарства, якое атрымала хіратонію ад дадзеных праваслаўных уладык.

Тут варта адзначыць, што само невызнанне кананічнага статусу архірэя і, як следства, высвечанага ім святара або дыякана, мае два варыянты, якія грунтуюцца на факце прысутнасці т.зв. апостальскай пераемнасці ды кананічна правільнага рукапалажэння архірэя. Пры гэтым уз’яднанне такіх людзей з кананічнай Праваслаўнай Царквой, па версіі Маскоўскага Патрыярхату, можа адбывацца толькі праз два варыянты:

— акрывіяльны, які, уласна, спавядае (спавядаў) Маскоўскі патрыярхат у дачыненні архірэяў УПЦ КП ды УАПЦ, калі незалежна ад наяўнасці апостальскай пераемнасці, формы ды канонаў, дзеі забароненага, а тым больш пазбаўленага сану, епіскапа не маюць сілы. Крайняй формай падобнага падыходу (хоць і дагматычна-памылковай) з’яўляецца практычна т.зв. “перахросты” тых, хто прыняў таямніцу хрышчэння ў “некананічных цэрквах”. Адпаведна архірэі, святары ды дыяканы, што атрымалі сан у “раскольнікаў”, прымаюцца як міране ды мусяць атрымаць новыя хіратоніі ад “кананічных епіскапаў”.

— іканомія – калі архірэй або святар, прыняўшы сан у “некананічнай царкве”, але маючы фармальную апостальскую пераемнасць, прымаецца ў існуючым сане праз чын хіратэсіі. Менавіта так Маскоўская Патрыярхія прымала некаторых клірыкаў РПЦ Замежнай або Ісціна Праваслаўных Цэркваў, але чамусь адмаўлялася ўжываць падобную форму ва Украіне.

Натуральна, што Маскоўская Патрыярхія, разглядаючы Украіну выключна як уласную кананічную тэрыторыю, аніяк не збіралася здзейсняць “кананічную легалізацыю” кліру УПЦ КП ды УАПЦ, а таксама выкарыстоўвала сваю кананічнасць як дадатковы факт дыскрэдытацыі аўтакефальных “некананічных” юрысдыкцый. А справу надання аўтакефаліі замыкала на сваёй структуры – сукупнасці епархій Маскоўскага патрыярхату в Украіне, замаскірованую пад назваю “УПЦ МП”.

Што ж было зроблена сінодам Канстанцінопальскага патрыярхату? І чаму такі шлях адпавядае ўсім праваслаўным канонам?

Канстанцінопальскі патрыярхат прыняў як цалкам законным працэс адыходу архірэяў, святароў ды вернікаў ад падпарадкавання Маскоўскаму Патрыярхату, які распачаўся яшчэ ў 1989 – 1990 гадоў, бо ён грунтаваўся на незаконнай анексіі Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату Расійскай Праваслаўнай Царквой яшчэ ў 1686 годзе. У далейшым падобны адыход атрымаў дадатковае абгрунтавання праз паўстанне ўкраінскай незалежнасці. Пры гэтым тыя ўкраінскія праваслаўныя (клір ды міране), што апынуліся ў кананічнай ізаляцыі, не дапусцілі аніякага адыходу ад праваслаўнага веравучэння, дагматаў ды канонаў, увесь час звярталіся да Канстанцінопаля за вызначэннем свайго кананічнага статусу па-за Маскоўскім Патрыярхатам. Адначасна Маскоўскі Патрыярхат, нягледзячы на шматлікія заявы аб жаданні “вылечыць рану падзелу”, не толькі не рабіў рэальных практычных крокаў, а яшчэ больш падзяляў праваслаўных Украіны.

Таму, як мы ўжо адзначалі вышэй, карыстаючыся сваім правам на ўласнай кананічнай тэрыторыі, Канстанцінопальскі патрыярхат вызнаў архірэйскую годнасць прадстаяцеляў УПЦ КП ды УАПЦ, а праз іх – кананічнасць усяго кліру ды таямніц дадзеных праваслаўных юрысдыкцый Украіны. Адпаведна, як цалкам правадзейныя у сваім стане ды знаходзячыся ў еўхарыстычнай еднасці з Канстанцінопальскім патрыярхатам, клірыкі УПЦ КП ды УАПЦ разам з жадаючымі з Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне атрымалі магчымасць сабраць сабор, абраць свайго Прадстаяцеля ды атрымаць Томас аб сваім аўтакефальным статусе з рук Усяленскага Патрыярха Варфаламея.

Апрача ўсяго вышэй выкладзенага, мы назіраем практычна поўную падтрымку дзей Усяленскай патрыярхіі з боку іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў, правал спробы РПЦ стварыць “антыканстанцінопальскі” альянс. Усё гэта яшчэ раз сведчыць – мы знаходзімся за крок ад Томасу аб аўтакефаліі Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі