“Мінскі” сінод РПЦ: Падставы, вынікі, наступствы

detail20181015-PAL_6799-обр

15 кастрычніка ў Мінску адбылося выязное пасяджэнне сіноду Расійскай Праваслаўнай Царквы пад кіраўніцтвам Патрыярха Кірыла (Гундзяева), які прыняў цалкам прадказальнае рашэнне аб разрыве еўхарыстычных зносін з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Адначасна яго правядзенне выбухнула скандалам – за публічную крытыку паводзін Патрыярха Кірыла ды абмеркавання ягонай аховы святар Мінскай епархіі Беларускага Экзархата а. Аляксандр Шрамко забаронены ў служэнні ды выпраўлены па-за штат. Гэтыя падзеі выклікалі жвавае абмеркавання на старонках СМІ ды сацыяльных сетках, якое паставіла некаторыя вострыя пытанні. У гэтым невялікімі артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць ды даць адказ на некаторыя з іх.

Чаму пасяджэнне сіноду РПЦ раптам адбылося ў Мінску?

Калі мы паглядзім на гісторыю выязных Сінодаў РПЦ, дык пабачым, што яны найбольш праводзіліся ва Украіне. І гэта зразумела, бо Маскоўскі Патрыярхат традыцыйна хоча замаркіраваць “сваю тэрыторыю”, асабліва ў тых выпадках, калі адчувае яе магчымую страту. Без сумневу, у святле апошняй заявы Канстанцінопальскага патрыярхату аб кананічнай належнасці гістарычнай тэрыторыі Кіеўскай мітраполіі, немагчымасці правядзення падобнага пасяджэння ва Украіне Беларусь падаецца патрыярху Кірылу ці не ідэальным месцам для дэманстрацыі ўласнай пазіцыі. Аднак, па нашым меркаванні, РПЦ мела іншыя падставы для падобнага выбару.

Беларусь – краіна найбольшага камфорту для Расійскай Праваслаўнай Царквы, якога яна не мае нават у самой Расійскай Федэрацыі. Тут няма ніводнай афіцыйна зарэгістраванай парафіі іншай юрысдыкцыі, а сама назва “праваслаўны” заканадаўча замацавана менавіта за РПЦ. Улада дае цвёрдую гарантыю адсутнасці нават мінімальнага дыскамфорту ад вулічнай крытыкі ды нязручных пытанняў журналістаў. Гэта менавіта тая абстаноўка камфортнай асабістай прасторы, якая сёння вельмі патрэбная Патрыярху Кірылу праз моцную страту рэйтынгавых сімпатый як у самой Расіі, так і на міжнароднай арэне.

Таксама мы бачым паражэнне ўсіх спроб Маскоўскага Патрыярхату стварыць хоць мінімальную “антыканстанцінопальскую” кааліцыю ва Усяленскім Праваслаўі. Нават найбольш прарасійскія Памесныя Праваслаўныя Цэрквы абмежаваліся агульнымі заявамі ды не далучыліся да кананічнай канфрантацыі з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Менавіта таму інфармацыйныя рэсурсы Масквы пачалі штучна ствараць міф аб “падтрымцы” дзей РПЦ МП праз штучную маніпуляцыю назвамі. І тут другая назва Беларускага Экзархату РПЦ – “Беларуская Праваслаўная Царква” прыдалася вельмі да месца, прарасійскія СМІ ўжо некалькі дзён іскраць загалоўкамі “Беларуская Праваслаўная Царква падтрымала…”

І так, тры рэальныя чыннікі: замаркіраванне тэрыторыі ў святле заяў Канстанцінопальскага патрыярхату, зона асабістага камфорту ды інфармацыйны эфект – вось тры галоўныя падставы, якія абумовілі выбар Мінска як месца правядзення не проста Сіноду РПЦ, а й “рашучага рускага адказу Усяленскаму Патрыярху”.

Скандал з іерэям Аляксандрам Шрамко – як нечаканае, але цалкам лагічнае паражэнне Патрыярха Кірыла

Як мы ўжо адзначалі вышэй, адной з падстаў абрання Мінска для правядзення “баявога” пасяджэння Сіноду РПЦ была асабістая зона камфорту для Патрыярха Кірыла, якую штучна стварыла беларуская ўлада. Менавіта таму Расійскі Патрыярх, раззлаваны паражэннямі ў кананічнай вайне з Канстанцінопалем, нават не думаў тут гуляцца ў нейкія “дэмакратычныя рэйтынгавыя гульні”. Пропуск у кафедральны сабор толькі па “квітках”, мора аховы, поўнае ігнараванне ўласнай паствы – усё гэта навочна ілюстравала як унутраны стан самога патрыярха, так і агульны стан дэградацыі самога Маскоўскага Патрыярхату. У падобных умовах будзь-які мінімальны выпад або крытыка дзей Патрыярха Кірыла маглі абернуцца для клірыка вельмі сур’ёзнымі наступствамі, што, уласна, і адбылося ў выпадку з а. Аляксандрам Шрамко.

Скажу шчыра, хоць рызыкую спаткаць мора крытыкі, дзеі а. Аляксандра сапраўды не адпавядаюць маральным паводзінам святара адносна Прадстаяцеля Царквы, парушаюць пэўныя каноны ды апошні абзац прысягі святара РПЦ МП. Але тут пытанне стаіць больш аб адэкватнасці пакарання, а таксама аб яго іміджавым рэзанансе ў СМІ.

Зрэшты, дыякан Андрэй Кураеў або іншыя вядомыя святары-публіцысты РПЦ МП дазваляюць сябе значна больш вострую крытыку Патрыярха Кірыла, але ў служэнні іх не забараняюць. Тым больш, што, нягледзячы на пэўныя крытычныя заўвагі, а. Аляксандр Шрамко багата гадоў адстойваў менавіта пазіцыю РПЦ МП па ключавых палітыка-рэлігійных пытаннях, асабліва ў яе адносінах да “ўкраінскіх раскольнікаў”. Больш таго, менавіта рэакцыя кіраўніцтва РПЦ ды асабіста Патрыярха Кірыла зрабіла найлепшы піяр каментару а. Аляксандра ды нават вывела яго ў “топ” рэлігійных навін беларускіх ды замежных СМІ.

Па нашым меркаванні, рэакцыя Патрыярха Кірыла на досыць нявінную крытыку выявіла не толькі няздольнасць адэкватна рэагаваць на выклікі, а і вялікі страх перад будзь-якой крытыкай. Гэта, несумненна, паражэнне Прадстаяцеля РПЦ ды выяўленне ступені маральнай дэградацыі.

Вынікі сіноду: Вызнанне паражэння ды сыходжанне ў гета

Ужо пасля асабістай сустрэчы Усяленскага Патрыярха Варфаламея з Маскоўскім патрыярхам Кірылам усім было зразумела, што Канстанцінопальскі патрыярхат не кіне займацца “ўкраінскім пытаннем” ды давядзе яго да лагічнага завяршэння. Усе наступныя крокі, якія зрабіў Усяленскі Патрыярхат, а менавіта прызначэнне экзархаў ды кананічная рэабілітацыя УПЦ КП ды УАПЦ, яшчэ раз гэта пацвярджаюць. У падобных умовах у Маскоўскага Патрыярхату было два шляхі: або адкінуць імперскія амбіцыі ды зрабіцца ўдзельнікамі працэсу, або ісці на разрыў адносін з Канстанцінопалем. Расійская Праваслаўная Царква абрала другі шлях ды цалкам сістэмна па ім рухалася.

Але, на наш погляд, Маскоўскі Патрыярхат яўна пераацаніў свой уплыў на іншыя Памесныя Цэрквы, нават тыя, каго ён лічыў безумоўным саюзнікам. Фактычна толькі Сербская Праваслаўная Царква давала РПЦ яўныя знакі падтрымкі. Усе іншыя, у лепшым выпадку, абмежаваліся агульнымі словамі, а большасць выказала падтрымку пазіцыі Канстанцінопальскага патрыярхату. Такім чынам, спроба стварыць “антыканстанцінопальскую кааліцыю” яўна правалілася.

Менавіта ў гэтых умовах рэлігійна-дыпламатычнага паражэння Маскоўскі Патрыярхат здзяйсняе фактычна акт самазабойства – разрывае ўсе еўхарыстычныя ды кананічныя звязкі з Усяленскім патрыярхатам. Што гэта азначае рэальна?

Па-першае, Маскоўскі Патрыярхат вызнае сваё поўнае паражэнне на царкоўна-дыпламатычным фронце, бо разарваўшы ўсе звязкі з Канстанцінопальскім Патрыярхатам пазбаўляецца нават мінімальнага ўплыву на працэс вырашэння “ўкраінскага пытання”.

Па-другое, адбываецца выдаленне прадстаўнікоў РПЦ з усіх міжправаслаўных камісій ды канферэнцый, практычна адразае яе ад рэальнага ўдзелу ў жыцці Усяленскага Праваслаўя.

Па-трэцяе, забаронай сваім святарам ды міранам маліцца ды прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага патрыярхату, а гэта большасць храмаў дыяспары, яны замыкаюць іх у своеасаблівае гета. Ці пагодзяцца на падобнае яе вернікі ў Еўрапейкам Саюзе, ЗША, Аўстраліі ды Канадзе – вялікае пытанне. Ва ўсялякім разе, вялікая частка замежных вернікаў ад Маскоўскага Патрыярхату адыдзе.

Такім чынам, па нашым меркаванні, сваім мінскім рашэннем Маскоўскі патрыярхат найперш пакараў сябе, а не прынёс нейкай шкоды Канстанцінопальскаму Патрыярхату або дапамог сваім вернікам ва Украіне.

Рашэнне сіноду РПЦ ды беларускія праваслаўныя вернікі

Некаторыя каментатары надаюць вялікую ўвагу таму факту, што рашэнне аб разарванні ўсіх звязкаў з Канстанцінопальскім Патрыярхатам было прынятае ў Менску, і, такім чынам, “праваслаўныя беларусы ўцягнуты ў вайну на баку РПЦ”.

Часам ставіцца досыць крытычнае пытанне аб рэакцыі праваслаўных беларусаў, найперш міран, не звязаных кананічнай дысцыплінай кліру, на падобныя рашэнні Сіноду РПЦ.

На наш погляд, гэтыя два пытанні пэўным чынам павязаны паміж сабой, але адказ ляжыць як у плоскасці кананічнага права, так і ў палітычнай плоскасці.

Палітычны рэжым ды заканадаўства Рэспублікі Беларусь робяць практычна немагчымым легальную дзейнасць кананічных праваслаўных структур іншых юрысдыкцый, апрача Расійскай Праваслаўнай Царквы. Ды што казаць аб іншых Праваслаўных Цэрквах, калі без згоды Беларускага Экзархату РПЦ нават немагчыма зарэгістраваць грамадскую арганізацыю, у назве якой будзе слова “праваслаўе-праваслаўны”. Падобнага “эксклюзіву” не існуе нават у Расіі, дзе дзейнічаюць не толькі падвор’і шэрагу Праваслаўных Цэркваў Усяленскага Праваслаўя, а нават дзве епархіі Кіеўскага Патрыярхату.

Такім чынам, у праваслаўных беларусаў ёсць два выйсця: або быць у структурах БЭ РПЦ, падпарадкоўвацца пэўным правілам ды мець магчымасць легальнай дзейнасці (богаслужбы на беларускай мове, выданне літаратуры, катэхітычная ды асветніцкая дзейнасць); або сысці ў “падпольнае гета” ды практычна спыніць будзь-якую рэальную дзейнасць. Выбар, на мой погляд, відавочны, ён дыктуецца найперш палітычнымі умовамі. Асабліва гэта датычыцца тых, хто жадае рэальна служыць Беларусі ды ў Беларусі, будучы праваслаўным святаром.

Адносна абвінавачання ў тым, што “заявы РПЦ робяцца й ад імя беларускіх праваслаўных вернікаў ды яны нясуць за іх адказнасць (як мінімум – маральную)”. Дык тут мусім згадаць Украіну часоў СССР, калі тут была забаронена дзейнасць не толькі будзь-якіх праваслаўных юрысдыкцый, апрача РПЦ, а і УГКЦ. Тады ўсе ўкраінскія вернікі (прыхільнікі аўтакефаліі або ўніяты) наведвалі храмы Украінскага Экзархату РПЦ, а багата з іх нават былі там святарамі ды епіскапамі. Таксама як і сёння, РПЦ рабіла гучныя заявы, як супраць прыхільнікаў украінскай аўтакефаліі, так і грэка-каталікоў, быццам ад імя сваіх вернікаў, але тыя, нават калі былі з гэтым нязгодныя, працягвалі наведваць храмы, былі святарамі РПЦ МП. Але змяніліся палітычныя абставіны ды адразу паўсталі епархіі УАПЦ ды УГКЦ. Мільёны вернікаў практычна ў адзін дзень адвярнуліся ад РПЦ МП. Тое самае будзе і ў Беларусі, аднак найперш, як ужо казалася вышэй, павінны зрабіцца палітычныя змены.

У той жа час, ёсць і кананічны складнік, а менавіта тое, што гэта РПЦ разарвала адносіны з Усяленскім Патрыярхатам. Але апошні аніяк не забараняў сваім архірэям, святарам ды вернікам мець еўхарыстычную еднасць з РПЦ. Такім чынам праваслаўныя беларусы, якія жывуць сёння на кананічнай тэрыторыі Канстанцінопальскага патрыярхату – Беларусі, могуць бесперашкодна маліцца, прымаць таямніцы ды нават служыць у храмах Маскоўскага патрыярхату. Асабліва калі да гэтага прымушаюць палітычныя рэаліі.

На наш погляд, вывад відавочны: ніякай адказнасці за рашэнні сіноду РПЦ беларускія праваслаўныя не нясуць.

Наступствы рашэння сіноду для самой РПЦ МП

Паколькі мы не назіраем кананічнай падтрымкі Маскоўскага Патрыярхату з боку іншых Памесных Цэркваў, далейшыя дзеі Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Украіне могуць прывесці да вельмі сумных наступстваў менавіта для самой РПЦ.

На наш погляд, асноўная праблема для РПЦ палягае ў тым, што прыняцце дзей Усяленскага Патрыярхату з боку будзь-якой Памеснай Царквы, а падобная падтрымка ўжо ёсць, будзе вымагаць распаўсюджання дзеі сінадальнага рашэння й на тых, хто стаіць на пазіцыях Канстанцінопальскага патрыярха. Логіка такога кроку выводзіцца не толькі з тэксту рашэння сіноду Маскоўскага Патрыярхату, а і з шматлікіх каментароў, якія давалі ягоныя ўпаўнаважаныя асобы.

Такім чынам, мы можам стаць сведкамі таго, як Маскоўскі Патрыярхат паступова будзе пераходзіць у стан кананічнай ізаляцыі ад Усяленскага Праваслаўя. Наступствы падобнага працэсу, у сукупнасці з палітычнай ізаляцыяй самой Расіі праз імперскую палітыку, могуць ды хутчэй за ўсё прывядуць, да распаду самой РПЦ на некалькі незалежных юрысдыкцый, практычнай страты замежных епархій ды парафій.

Апрача таго, практычна ўсе эксперты, у тым ліку і адэкватныя прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату, прагназуюць узмацнення аўтакефальных настрою або жадання перайсці пад амафор Канстанцінопальскага Патрыярхату практычна ва ўсіх краінах былога СССР, найперш у Беларусі, Латвіі ды Літве, бо быць закладнікам імперскіх амбіцый ніхто не хоча.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі