Наталля Васілевіч: я ўжо бачыла вернікаў, якія цяпер не могуць хадзіць у храмы Маскоўскага Патрыярхату

vasilevich

На выязным паседжанні ў Мінску Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы заявіў аб разрыве еўхарыстычнай лучнасці з Канстанцінопальскім Патрыярхатам. У дадатак да ранейшых забарон на саслужэнне іерархаў абедзвюх Цэркваў дадалася забарона міранам удзельнічаць у Літургіі і прычашчацца ў храмах Усясветнай Патрыярхіі. Пагражае Масква і іншым Цэрквам, калі яны падтрымаюць наданне аўтакефаліі Украінскай Царкве.

Як усе гэтыя дзеянні і рашэнні паўплываюць на простых праваслаўных беларусаў? Пра гэта карэспандэнты Krynica.info паразмаўлялі з багасловам, дырэктарам цэнтру “Экумена” Наталляй Васілевіч.

У што на практыцы выльецца рашэнне Сіноду РПЦ?

Рашэнне Сіноду пра перапыненне еўхарыстычнай лучнасці з Канстанцінопальскім Патрыярхатам на практыцы будзе азначаць, што епіскапы і святары не змогуць саслужыць з іерархамі і святарамі Канстанцінопальскага Патрыярхату. А міране не змогуць прычашчацца ў храмах Канстанцінопальскага Патрыярхату. Але кантраляваць міранаў ніякай магчымасці няма, і я думаю, што кожны міранін, які будзе знаходзіцца за мяжой (на некаторых тэрыторыях Грэцыі, у Турцыі, Заходняй Еўропе, Амерыцы ці Аўстраліі), пры сваім жаданні зможа пайсці і прыняць прычасце ў храме Канстанцінопальскага Патрыярхату. Гэта ніяк не магчыма пракантраляваць. І толькі воля самога чалавека з’яўляецца нейкім крытэрам, ці захоча ён салідарызавацца з рашэннем сваёй памеснай Царквы, да якой ён лічыць, што належыць, ці не.

Адзінае, што могуць пацярпець нейкія канкрэтныя групы. Гэта звязана з тым, што Афон, які з’яўляецца папулярным месцам паломніцтва для мужчын з Рускай Праваслаўнай Царквы, знаходзіцца цалкам у юрысдыкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату. Яны не змогуць там саслужыць і прычашчацца. Але гэта дастаткова маленькая група людзей.

Горш сітуацыя будзе ў замежжы, бо тут дзейнічаюць епіскапскія канферэнцыі праваслаўных епіскапаў, якія ўзначальваюцца іерархамі Канстанцінопальскага Патрыярхату. І, безумоўна, ёсць рызыка, што Руская Праваслаўная Царква, яе іерархі, святары, а таксама царкоўныя функцыянеры не змогуць больш удзельнічаць у агульнацаркоўных праектах. Таксама гэта можа пагоршыць іх стасункі з дзяржавай на розных узроўнях, у прыватнасці, у пытанні апякунства праваслаўных хрысціян у турмах і шпіталях і выкладанні рэлігіі ў школе, дзе яно ёсць. Але я думаю, што іерархі Канстанцінопальскага Патрыярхату будуць спрыяць таму, каб усё ж такі прадстаўнікі Рускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату не пацярпелі ў выніку рашэнняў свайго Сіноду.

Ці паследуюць за РПЦ іншыя памесныя цэрквы?

Іншыя памесныя Цэрквы не павінны следаваць за рашэннем Рускай Праваслаўнай Царквы. Атрымаецца мадэль, падобная да сітуацыі вакол Катару паміж Антыяхійскім і Іерусалімскім Патрыярхатамі. Антыяхійскі Патрыярхат перапыніў еўхарыстычную лучнасць з Іерусалімскім з-за спрэчнай тэрыторыі ў Катары, бо той адкрыў прыход на тэрыторыі, якую ў Антыёхіі лічаць сваёй кананічнай. З-за гэтага Антыяхійскі Патрыярхат нават аргументаваў, што не можа саслужыць з іерархам Іерусалімскага Патрыярхату на Усеправаслаўным Саборы на Крыце. Гэта было адным з абгрунтаванняў, чаму ён адмяніў свой удзел у Саборы. Астатнія Праваслаўныя Цэрквы знаходзіліся адначасова ў стасунках і з Іерусалімскім Патрыярхатам, і з Антыяхійскім.

Тое самае, хутчэй за ўсё, адбудзецца і ў дадзеным выпадку. І іерархі і святары іншых Цэркваў будуць знаходзіцца адначасова ў лучнасці і з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, і з Маскоўскім. Хаця могуць адбывацца некаторыя інцыдэнты, звязаныя з немагчымасцю іх прадстаўнікоў саслужыць разам. Асабліва гэта тычыцца Маскоўскага Патрыярхату. Такую сітуацыю мы ўжо мелі ў Нямеччыне пару тыдняў таму, калі епіскапа Канстанцінопальскага Патрыярхату Варфаламея на інтранізацыі новага сербскага епіскапа Сербская Царква папрасіла не ўдзельнічаць у Літургіі для таго, каб даць магчымасць святарам Рускай Праваслаўнай Царквы служыць на гэтай інтранізацыі. Давялося выбіраць, каму з іх сказаць “не”, бо саслужыць разам яны ўжо не маглі.

Ці могуць дзеянні Масквы спыніць працэс надання ўкраінскай аўтакефаліі?

Працэс надання ўкраінскай аўтакефаліі на дадзены момант ніякія дзеянні Маскоўскага Патрыярхату спыніць не могуць, бо ён быў цалкам выведзены з механізмаў уплыву, дзе Маскоўскі Патрыярхат мог бы мець голас. Маскоўскі Патрыярхат мог бы ўдзельнічаць у гэтым працэсе, прыехаўшы на Святы і Вялікі Сабор. Цяпер яны страцілі магчымасць уплываць на сітуацыю і, хутчэй, проста рэагуюць на развіццё падзеяў. Спыніць працэс надання ўкраінскай аўтакефаліі могуць толькі дзеянні тых удзельнікаў, якія маюць у ім актыўную суб’ектнасць, але не дзеянні Маскоўскага Патрыярхату.

Як ранейшыя рашэнні, а тым больш поўны разрыў еўхарыстычных зносін можа паўплываць на беларускіх вернікаў?

Ёсць некалькі слаёў вернікаў. Напрыклад, тыя, каго гэта пытанне не турбуе, могуць і далей працягваць хадзіць у царкву, і для іх нічога не зменіцца. Знешне ўсё застаецца тое самае. Цяпер назіраюцца толькі настроі сярод тых вернікаў, для якіх прынцыпова важна быць у лучнасці з Усяленскім Патрыярхатам, з усяленскім праваслаўем. І для іх, канечне, будзе псіхалагічна цяжка працягваць хадзіць у храмы Маскоўскага Патрыярхату з-за таго факту, што ён перапыніў стасункі з Канстанцінопальскім Патрыярхатам.

Я ўжо цяпер бачыла ў Facebook допісы актыўных вернікаў, багасловаў нават, якія сказалі, што цяпер не могуць хадзіць у храмы Маскоўскага Патрыярхату, што гэта ім непрыемна. І на святы яны збіраюцца ездзіць у бліжэйшыя храмы, якія знаходзяцца ў лучнасці з Усясветным Патрыярхатам, напрыклад, у Польшчу. Але, безумоўна, такая магчымасць ёсць не ва ўсіх. І тут кожны чалавек вырашае сам для сябе, зыходзячы са сваіх рэлігійных, палітычных ці асабістых прыярытэтаў. Кожны чалавек вольны.

На жаль, тыя, хто хацеў бы наведваць прыходы не Маскоўскага Патрыярхату, у Беларусі гэтага зрабіць не могуць, бо адзіная прызнанай Царквой, якая ўсё роўна знаходзіцца ў лучнасці з Усясветным праваслаўем, з’яўляецца Маскоўскі Патрыярхат.

Ці не прывядзе гэта да адыходу вернікаў ад РПЦ?

Непасрэдна гэтае рашэнне не прывядзе да шырокага адыходу вернікаў ад РПЦ. Безумоўна, людзі будуць перажываць крызісы. Магчыма, будуць адзіночныя рашэнні і выпадкі. Але падставаў для масавага адтоку ў кароткатэрміновай перспектыве я не бачу. У доўгатэрміновай перспектыве магчымае проста пашырэнне ўплываў у Рускай Праваслаўнай Царкве тых сілаў, якія прадстаўляюць радыкальна-фундаменталісцкае крыло, якія арыентаваныя на самаізаляцыю РПЦ і Расіі на міжнародным узроўні. Якія ўспрымаюць гэта як пажаданую сітуацыю. І ўжо гэта агульная фундаменталізацыя РПЦ можа негатыўна паўплываць на больш ліберальных ці нават кансерватыўных, але не фундаменталісцкіх вернікаў. Для іх будзе ўсё цяжэй і цяжэй знаходзіцца ў гэтым ізаляцыянісцкім і мілітарысцкім дыскурсе, які арыентаваны на канфлікт і канфрантацыю.

Што чакаць надалей?

Усё будзе добра. Гістарычны працэс развіваецца. Так, гэта стварае нязручнасці і складанасці. Гэта ўсё непрыемна і цяжка перажываецца. Але я не думаю, што гэтая сітуацыя ў такім стане закансервуецца на працяглы час, і неяк гэтыя праблемы будуць паступова вырашацца.

Гутарыў Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі