Архімандрыт Сергій: станоўчыя вынікі выставы «Беларусь і Біблія» мы будзем адчуваць!

SAM_4192

Архімандрыт Сяргей Акімаў, доктар багаслоўя, прафесар, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры біблеістыкі Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры падзяліўся сваімі думкамі пра наведванне выставы «Беларусь і Біблія»:

— Мяне захапляе ідэя, якая нарадзілася ў Нацыянальнай бібліятэцы, і той энтузіязм, які праявіў Раман Сцяпанавіч Матульскі ў сувязі з ідэяй арганізаваць такую ​​выставу. Яна цікавая ўсім. Яе значэнне ў тым, што яна прызначаная для самай шырокай аўдыторыі. Спецыялістам важна наведаць яе і ўбачыць арыгіналы старажытных рукапісаў, сабраных у адным месцы. Любому чалавеку, які цікавіцца гісторыяй, духоўнай культурай, пытаннямі, звязанымі з жыццём чалавека і грамадства, важна пабываць на ёй.

Мне вельмі спадабалася, як тут арганізавана прастора для дзяцей — інтэрактыўная пляцоўка, заняткі, гульні. Здзівіла, якую вялікую цікавасць праяўляюць да выставы людзі. Паток наведвальнікаў сведчыць аб  тым, што гэтая тэма важная, яна запатрабаваная, і тут адкрываецца вялікае поле для дзейнасці. Вельмі важна папулярызацыя такіх ведаў сярод дзяцей і моладзі. У гэтым самае галоўнае значэнне выставы!

Дзіцячыя ўражанні — самыя яркія, яны застаюцца на ўсё жыццё. Цікавасць, якая загараецца ў дзіцячым узросце, праходзіць праз усе гады. Калі ў кагосьці на выставе запаліцца агеньчык  любові да Святога Пісання як да кнігі, як да прадмета, звязанага з гісторыяй і культурай, цікавасць гэта будзе развівацца, з’явіцца жаданне зазірнуць углыб, паглядзець, што там напісана, чаму гэтай кнізе надаецца так шмат увагі.

SAM_4194

Мы прыводзім на выставу нашых студэнтаў з Мінскай духоўнай акадэміі. Я і іншыя выкладчыкі выкарыстоўваем любую магчымасць, каб прыйсці сюды некалькі разоў, паглядзець на экспанаты і натхніцца! Для чалавека, звязанага з біблейскай навукай, важна паглядзець на сферу сваёй дзейнасці з боку. Выстава мяне кранула, уразіла і захапіла. Гэта не проста збор цікавых прадметаў, якія можна разглядаць. Выстава жывая, яна суправаджаецца вялікай колькасцю мерапрыемстваў, сустрэч з людзьмі. След, які яна пакіне ў душах людзей, будзе працяглым і станоўчыя вынікі мы будзем адчуваць.

Даследчыкі Святога Пісання дзейнічаюць у нашай краіне звычайна ў рамках сваіх адукацыйных структур. Праваслаўныя — у праваслаўным, каталікі — у каталіцкім коле стасункаў. Свет Бібліі нас аб’ядноўвае і дазваляе нам выйсці з нашых келляў і наладзіць кантакты, таму што біблеістыка — навука вельмі шырокая і міждысцыплінарная, яна звязана з гісторыяй, культуралогіяй і філалогіяй, з многімі іншымі навукамі. Тут адкрываецца шырокае поле для міжканфесійнага дыялогу.

Пераклад святых тэкстаў — справа вельмі складаная, з улікам таго, што беларуская багаслоўская мова яшчэ не вельмі развітая. У кожнай канфесіі ёсць свая багаслоўская тэрміналогія. Літургічная мова ўплывае на пераклад тэксту. Тыя пераклады, якія мы цяпер выкарыстоўваем, маюць канфесійны характар. У будучыні можа з’явіцца такі пераклад, які будзе прымальны для ўсіх. Ідзе пошук тэрмінаў на беларускай мове. Яны павінны прайсці праз чытача, знайсці свой водгук і паўплываць на падбор таго ці іншага тэрміна. Біблія — ​​гэта найбагацейшая бібліятэка з кніг розных жанраў і стыляў.

Гутарыла Э. Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі