Выстава “Беларусь і Біблія” завяршылася прэзентацыяй кнігі для дзяцей

SAM_4254

21 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы адбылося апошняе мерапрыемства ў межах выставы “Беларусь і Біблія”, якое сабрала вялікую колькасць наведвальнікаў. Сябры “Клуба кніжных прафесараў” пад кіраўніцтвам Таццяны Сапегі і іншыя дзеці з бацькамі прыйшлі на прэзентацыю захапляльнай кнігі доктара Скота Кэрала “Прыгоды Вялікай кнігі” ў перакладзе на беларускую мову, які зрабіла Вольга Жандарава.

Кніга выйшла накладам у 1000 асобнікаў і яе атрымалі многія групы наведвальнікаў выставы, якія прыходзілі з агульнаадукацыйных і нядзельных школ.

“Каб адбылася выстава ў Мінску, мы працавалі цягам цэлага году. Я некалькі разоў прыязджаў у Мінск і сустракаўся ў бібліятэцы з навукоўцамі і выкладчыкамі, — заявіў Скот Кэрал. — Я пераканаўся, што ваш “Клуб маленькіх прафесараў” карыстаецца папулярнасцю. У чэрвені я вяртаўся з Мінска ў ЗША і вырашыў, што павінен напісаць кнігу для маладых людзей на Беларусі. Ідэя такой кнігі даўно выспявала ў мяне. Я падзяліў гэту кніжку на чатыры часткі, кожная частка апісвае гісторыю пэўнай гістарычнай эпохі. Потым я напісаў пра гісторыю кніжак, бібліятэк. З гэтай кнігі маленькія чытачы даведаюцца, як адбываецца адкрыццё старажытных кніг. Мы адшукалі выявы, якія змаглі ажывіць гэту кніжку. Мы вырашылі прыдумаць актыўнасці, якія б маглі адбывацца з гэтай кнігай. Там ёсць шмат заданняў, якія можна выконваць. Гэта кніга не будзе размаўляць з чытачамі па-ангельску, бо яе цудоўны пераклад зрабіла на беларускую мову Вольга Жандарава. Уся праца была зроблена за два з паловай месяцы. Я вельмі палюбіў усіх супрацоўнікаў бібліятэкі, высокаадукаваных спецыялістаў, якія шмат дапамагалі нам. Зараз мы — як адна сям’я. Мы адчулі, што людзі тут – поўныя любові”.

“Мы надзвычай рады, што ідэя была рэалізавана і мы атрымалі кнігу, пра якую марылі і якая будзе выкарыстоўвацца ў нашым клубе, — адзначыла Таццяна Сапега. — Дзесяцігоддзямі доктар Скот збіраў каштоўную інфармацыю, якая была пакладзена ў аснову кнігі для дзяцей”.

SAM_4265

Дзеці задалі сусветна вядомаму даследчыку старажытных кніг найвялікшую колькасць пытанняў за ўвесь час правядзення лекцый і круглых сталоў. Маленькіх прафесараў цікавіла, якія кніжкі любіць чытаць доктар Кэрал, якія мовы ён ведае і якія краіны свету наведваў. Доктар Скот Кэрал сказаў, што ён найбольш зацікаўлены ў гісторыі адной Кнігі і яе перапісвання, бо яна перакладзена на шмат моў і там шмат што можна даследваць. Даследванне такой кнігі дае найбольш выклікаў. Яго ўлюбёнай мовай з’яўляецца старажытнагрэчаская.

Доктар Скот падпісаў кніжкі на памяць дзецям і бацькам. Дзеткі атрымалі сапраўдныя гусіныя пер’і, якімі карысталіся перапісчыкі. Маленькім прафесарам было важна пагаварыць з паважаным навукоўцам, магчыма, хтосьці з іх зацікавіцца гісторыяй і археалогіяй, даследваннем Бібліі і іншых старажытных кніг. Усе наведвальнікі выставы сардэчна падзякавалі доктару Скоту Кэралу за ўнікальную магчымасць дакрануцца да гісторыі стварэння самай галоўнай кнігі чалавецтва.
Э Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі