Германія перад новымі праблемамі. Да вынікаў выбараў ў Гесэне

1394877794_1598727075

Праз два тыдні пасля выбараў у зямельны парламент Баварыі на выбрчыя ўчасткі прыйшлі жыхары федэральнай зямлі Гесэн.

Гэтымі выбарамі завяршаецца пяцігадовы цыкл 2013–2018 гадоў, цягам якога прайшлі выбары ў зямельныя парламенты ўсіх 16 федэральных земляў і двойчы (у 2013 і 2017 гадах) выбары ў Бундэстаг.

Нічога сенсацыйнага ў Гесэне не адылося. Кожная з партый-суперніц атрымала прыблізна тую колькасць галасоў, якую прадказвалі ёй сацыёлагі. А сацыёлагі прадказвалі, што Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Сацыял-дэмакратычная партыя зведаюць вялікія страты.

Поспех прадказвалі зялёным і правапапулісцкай Альтэрнатыве для Германіі. Зялёныя набралі 19,8% галасоў. Прырост у параўнанні з 2013 годам склаў 8,7%. Альтэрнатыва ў 2013 годзе дэбютавала і атрымала тады падтрымку толькі 4,1% гесэнскіх выбаршчыкаў. Учора ж за яе прагаласалі 13,1% грамадзян, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі.

Можна сказаць, што і зялёныя, і Альтэрнатыва забралі галасы ў хадэкаў і эсдэкаў. У 2013 годзе за “чорных” (колер хрысціянскіх дэмакратаў) галасавалі 38,3% выбаршчыкаў, сёлета ім перавагу аддалі 27% грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Чырвоныя (а дакладней – ружовыя) страцілі падтрымку 10,9% выбаршчыкаў: у 2013 годзе яны набралі 30,7% галасоў, сёлета – 19,8%. Умацавалі свае пазіцыі таксама ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) і Левая партыя.

Калі  працэнты галасоў пераводзіць на колькасць мандатаў, то хадэкі атрымалі ў 137-асабовым ландтагу Гэсэна 40 месцаў, а сацыял-дэмакраты і зялёныя – па 29. 19 крэслаў у зямельным парламенце будуць належаць прадстаўнікам Альтэрнатывы, 11 – “жоўтым” (колер Свабоднай дэмакратычнай партыі) і 9 – Левай партыі.

Вынікам выбараў у Гэсэне стала тое, што старая – чорна-зялёная – урадавая кааліцыя захаваецца. Хадэкі і зялёныя атрымалі роўна 69 мандатаў у ландтагу, што дазваляе ім зноў сфармаваць кабінет (Адной з асаблівасцяў Гесэна з’яўляецца тое, што лідарам зялёных і віцэ-прэм’ерам зямлі з’яўляецца Тарэк аль-Вазір, сын немкі і еменскага араба, грамадзянін Германіі і Емена). Некаторыя ж назіральнікі лічаць, што для большай стабільнасці земельнага ўрада ў Гесэне патрэбная і можа скласціся “Ямайка” – трохпартыйная чорна-зялёна-жоўтая кааліцыя (такія колеры сцяга Ямайкі).

Выбарамі ў Гесэне практычна завяршылася перамена палітычнага ландшафту ў Германіі. Цяпер правая Альтэрнатыва для Германіі прадстаўлена ва ўсіх зямельных парламентах і ў Бундэстагу. Яна стала трэцяй палітычнай сілай у краіне, пасунуўшы зялёных, лібералаў ды Левую партыю і наступаючы на пяты сацыял-дэмакратам.

Многія назіральнікі лічаць, што выбары 14 кастрычніка ў Баварыі, дзе хрысціянскія сацыялісты і сацыял-дэмакраты таксама панеслі страты, а таксама выбары ў Гесэне абвастрылі пытанне аб лідары Хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Раздаюцца галасы, што Ангеле Мэркель пара ўжо пакінуць капітанскі масток. Прадказваюць таксама распад вялікай урадавай кааліцыі хадэкаў і эсдэкаў у Берліне і стварэнне “ямайкі” на федэральным узроўні (чорныя, зялёныя і жоўтыя маюць у Бундэстагу 393 з 709 месцаў).

Пакуль што не падобна на тое, што сацыял-дэмакраты хочуць выйсці з кабінета Ангелы Мэркель. Іх лідарка Андрэя Налес па выніках выбараў у Гесэне наракае на кааліцыю, але разам з тым хоча яе захаваць, бо лічыць выхад з альянсу небяспечным. Небяспека ж палягае ў тым, што фармаванне новага, трохпартыйнага, ураду Германіі можа зацягнуцца і нават скончыцца няўдачай, а гэта з неабходнасцю прывядзе да новых парламенцкіх выбараў, на якіх, як прадказваюць сацыёлагі, і сацыял-дэмакраты, і хрысціянскія дэмакраты пацерпяць істотныя страты. Калі раней у Германіі дамінавалі гэтыя дзве палітычныя плыні, то цяпер такой гарантыі няма. Германіі могуць пагражаць частая змена кабінетаў і перафарматванне ўрадавых кааліцый, як гэта некалі было ў Італіі.

Анатоль Сідарэвіч

29 кастрычніка 2018 г.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі