Улады адмовілі ў пераносе выходнага з 7 на 2 лістапада: Гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі

19180830-grave_uritzy_red_terror

Гарадзенскі гарадскі каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Яўген Дудкін атрымаў з міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва адказ на калектыўны зварот з просьбай перанесці выходны дзень з 7 лістапада, Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, на 2 лістапада, Дзяды. Абодва дні ў Беларусі з’яўляюцца святочнымі, аднак Дзяды не з’яўляюцца выходным.

Як паведамляе ў BCHD.INFO, у звароце нагадвалася, што Канстытуцыя Беларусі забараняе ўсталяванне ідэалогіі палітычных партый у якасці абавязковай для грамадзян, тады як 7 лістапада ўшаноўваецца менавіта гісторыя Камуністычнай Партыі Савецкага Саюза, якая ўсталявала аднапартыйную сістэму ў Беларусі, руйнавала храмы, арганізавала ганенні на веруючых і масавыя рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі, сялян і працоўных.

Замест 7 лістапада прапаноўвалася зрабіць выходным днём 2 лістапада, Дзень памяці, або Дзяды, які ўмацуе сямейныя каштоўнасці праз наведванне членамі сям’і могілак продкаў, а ў рамках абвешчанага 2018 года Годам малой радзімы ўзмацніць магчымасці грамадзян ў навядзенні парадку ў малых населеных пунктах.

Але ў адказе з Мінпрацы за подпісам першага намесніка міністра Андрэя Лабовіча гаворыцца, што “прапанова пра перанос выхаднога дня з 7 лістапада на 2 лістапада ў цяперашні час не разглядаецца”. Паводле яго, у Беларусі і так ёсць тры выходныя рэлігійныя святы (Раство 7 студзеня і 25 снежня, Радаўніца), а абвяшчэнне “яшчэ аднаго непрацоўнага святочнага дня (рэлігійнага свята) для вернікаў пэўнай канфесіі можа выклікаць незадаволенасць вернікаў іншых канфесій”.

Больш за тое, заяўляе міністр, “дата 7 лістапада – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, стала адной з самых значных падзей XX стагоддзя і карэнным чынам паўплывала на ход далейшай гісторыі”.

“Гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікай Кастрычніцкай Сацыялістычнай Рэвалюцыі – вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці. Дадзеныя прынцыпы закладзены ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А для кагосьці гэта проста яшчэ адзін выхадны, на працягу якога можна проста адпачыць або правесці час з сям’ёй”, — заяўляе Андрэй Лабовіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі