Рух «За Свабоду» прыняты ў склад ЕНП

_45685089_2150496981649489_4954587544390991872_n

На пасяджэнні палітасамблеі Еўрапейская народная партыя (ЕНП) прагаласавала за наданне статусу назіральніка Руху «За Свабоду». Рада Руху «За Свабоду» зацвердзіла рашэнне падаць заяўку на далучэнне да Еўрапейскай народнай партыі ў верасні 2017 года.

«З Еўрапейскай народнай партыяй мы звязаныя больш чым дзесяцігадовай гісторыяй партнёрства і супрацоўніцтва. Мы ганарымся тым, што падзяляем каштоўнасці і бачанне гэтай сям’і партыяў», — заявіў на паседжанні ў Хельсінкі старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Па ягоных словах, «у гэты цяжкі час нестабільнасці ва ўсходняй Еўропе нам трэба — напэўна, больш, чым калі-небудзь раней — адчуваць падтрымку сям’і ЕНП у нашай барацьбе за мірныя дэмакратычныя перамены ў Беларусі».

«Статус назіральніка дае ў першую чаргу магчымасці для больш глыбокага супрацоўніцтва як з самой ЕНП, так і з партыямі-партнёрамі па ўсёй Еўропе. Мы зможам больш эфектыўна уздымаць беларускае пытанне на пасяджэнні Еўрапейскай народнай партыі, надаваць больш увагі да рэпрэсіяў і магчымага пераследу актывістаў і палітыкаў у Беларусі», — пракаментаваў рашэнне ЕНП сайту Pyx.by Губарэвіч.

Акрамя таго, падкрэсліў старшыня Руху, гэта новыя магчымасці для сябраў арганізацыі — у выглядзе ўдзелу ў больш шырокім коле адукацыйных і экспертных мерапрыемстваў.

«Добра, што рашэнне прынятае напярэдадні прэзідэнцкай і парламенцкай кампаніі. Гэта ўзмацніць і пазіцыі правацэнтрысцкай кааліцыі — бо Рух „За Свабоду“ заставаўся адзіным яе суб’ектам, які не меў афіцыйнага статусу пры ЕНП — і нашу супольную працу», — заключыў Юрый Губарэвіч.

Еўрапейская народная партыя — адна з найбуйнейшых партыяў Еўропы, уключае ў сябе правацэнтрысцкія партыі з розных краінаў еўрапейскага кантыненту. ЕНП уключае ў сябе 16 кіраўнікоў урадаў краін — членаў ЕС і 6 кіраўнікоў урадаў краін, якія не ўваходзяць у ЕС, таксама 13 членаў Еўрапейскай камісіі, старшыню Еўрапейскага савета, старшыню Еўрапейскага парламента і найбуйнейшую фракцыю ў Еўрапарламенце. З Беларусі статус назіральніка пры ЕНП таксама маюць Аб’яднаная грамадзянская партыі і Партыя БХД.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі