У Беларусі прапануюць стварыць дзяржаўнае ведамства па падтрымцы беларускай мовы

SAM_4527

7 лістапада адбылося чарговае пасяджэнне Рады ГА ТБМ імя Ф. Скарыны. Як адзначыла старшыня арганізацыі, дэпутат Палаты Прадстаўнікоў спадарыня Алена Анісім, у наступным годзе ТБМ будзе святкаваць 30-годдзе з моманту заснавання. Сябры ТБМ выступілі з прапановай абвесціць 2020 год годам беларускай мовы.

Устаноўчы з’езд ТБМ праходзіў 27 чэрвеня 1989 года. Ля вытокаў стварэння арганізацыі стаялі такія асобы, як прафесар Фёдар Янкоўскі, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан, пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Янка Брыль, Анатоль Клышка, Барыс Сачанка, святары Уладыслаў Чарняўскі і Ян Матусевіч. Вялізны ўнёсак у дзейнасць арганізацыі зрабіў яе першы старшыня народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

На чарговай Радзе ТБМ абмяркоўваўся праект Закона «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». Пра яго змест распавёў Дзяніс Тушынскі.

Законапраект прайшоў розныя інстанцыі, у прыватнасці, Цэнтр па законатворчай дзейнасці. У Палаце Прадстаўнікоў ён атрымаў станоўчыя водгукі. Праект быў нядаўна мадэрнізаваны, у яго ўнесены новыя накірункі.

Асноўным падмуркам захавання мовы, на думку стваральнікаў законапраекта, павінны з’яўляцца агульнанацыянальныя і міжнародныя праграмы падтрымкі і распаўсюду беларускай мовы. Для таго, каб забяспечыць гэтыя праграмы фінансава, могуць засноўвацца фонды падтрымкі беларускай мовы. Арганізацыйнае забеспячэнне рэалізацыі гэтых праграм могуць ажыццяўляць: Дэпартамент беларускай мовы пры прэзідэнце, альбо Упраўленне беларускай мовы Міністэрства культуры, ці Міжведамсная камісія па беларускай мове пры міністэрстве культуры.

Законапраект прадугледжвае максімальна шырокае карыстанне беларускай мовай, напрыклад, старшыні абедзвюх палат Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь дасканала валодаюць беларускай мовай, вядуць паседжанні палат па-беларуску і па-руску. Прэм’ер–міністр дасканала валодае беларускай мовай, арганізуе дзейнасць ураду, вядзе пасяджэнні па-руску і па-беларуску. Асобны акцэнт законапраекта зроблены на забеспячэнні права карыстацца вуснай і пісьмовай беларускай мовай у любой камунікатыўнай сітуацыі: у сродках масавай інфармацыі, у інфармацыйных, даведачных і забаўляльных паслугах, у дзейнасці банкаў і бухгалтэрыі. Па прапанове юрыстаў ТБМ у законапраект закладаецца магчымасць вядзення судаводства на беларускай мове.

Дзяржаўныя ўстановы і прадпрыемствы мусяць забяспечыць права працоўнага карыстацца вуснай і пісьмовай беларускай мовай пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. Дзяржаўныя ўстановы абавязаны забяспечыць навучанне беларускай мове для сваіх супрацоўнікаў. Дасканалае валоданне беларускай мовай павінна быць дадатковым фактарам пры прыёме на працу і павышэнні ў пасадзе ў дзяржаўных установах. Праект Закона будзе размешчаны на сайце ТБМ і вынесены на грамадскае абмеркаванне да 1 студзеня.

Старшыня ТБМ Алена Анісім выказалася пра важнасць пазначаць беларускую мову ў якасці роднай на перапісе насельніцтва ў 2019 годзе. “Гэта пытанне мае палітычны змест, — адзначыў ганаровы сябра ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. — Калі вы не хочаце анексіі Беларусі, пазначайце роднай беларускую мову”.

Таксама на пасяджэнні Рады ТБМ быў прэзентаваны сайт Універсітэта імя Ніла Гілевіча www.nhu.by.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі