У Мінску адкрыецца выстава да 100-годдзя незалежнасці Латвіі

2_Латвия - 100 афиша вертЗ 16 лістапада 2018 года па 13 студзеня 2019 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстава «Латвіі – 100. Гісторыя, мастацтва, традыцыі», арганізаваная Нацыянальным музеем гісторыі Латвіі сумесна з Пасольствам Латвіі ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь. Выстава прымеркавана да 100-годдзя незалежнасці Латвіі, якая была абвешчана 18 лістапада 1918 года.

На выставе будзе прадстаўлена больш за дзвесце экспанатаў – творы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія пазнаёмяць з багатай гісторыяй і разнастайнасцю традыцый латышскага народа.

Усплёск развіцця латышскага нацыянальнага мастацтва прыйшоўся на 1890-я гады. Ён быў абумоўлены рэзкімі эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі зменамі ў латвійскім грамадстве ў другой палове XIX стагоддзя. Пачала расці цікавасць да гісторыі, этнаграфіі і фальклору, што аказала вялікі ўплыў на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці. З мэтай выяўлення і збору матэрыялаў традыцыйнай культуры Камісіяй ведаў Рыжскага Латышскага таварыства былі арганізаваны экспедыцыі ў розныя рэгіёны Латвіі. У 1894–1895 гадах у гэтых экспедыцыях у якасці мастака і фатографа прымаў удзел Яніс Крэсліньш (1865–?), чые працы – малюнкі, акварэлі, карціны і фатаграфіі – з’яўляюцца важнай гістарычнай крыніцай для вывучэння традыцыйнай культуры.

Адным з першых латышскіх мастакоў, хто ў канцы XIX стагоддзя пад уплывам нацыянальнага рамантызму захапіўся малюнкам старажытнай гісторыі Латвіі, быў Артурс Баўманіс (1867–1904). Ён чэрпаў натхненне, ствараючы рэканструкцыі старажытналатышскіх касцюмаў і з энтузіязмам вывучаючы хронікі, а таксама даступны ў той час і адносна бедны археалагічны матэрыял.

На выставе будуць прадстаўлены творы аднаго з самых знакамітых латвійскіх мастакоў канца XIX – першай паловы XX стагоддзя, родапачынальніка латышскай школы пейзажнага жывапісу Вільгельма Пурвітыса (1872–1945). Сярод іх – карціна «Ранняя вясна» (канец 1930-х) з калекцыі Нацыянальнага музея гісторыі Латвіі і аднайменная кампазіцыя (1917) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Важнай задачай на мяжы XIX і XX стагоддзяў было стварэнне прафесійнага латышскага прыкладнога мастацтва, заснаванага на традыцыях народных рамёстваў. Яркім феноменам гэтай эпохі сталі творы Екаба Дранды (1853–1915). Іх багаты роспіс спалучае ў сабе характэрныя асаблівасці традыцыйнай ганчарнай справы і арнаментальныя матывы ў стылі мадэрн.

На выставе «Латвіі – 100. Гісторыя, мастацтва, традыцыі» будзе шырока прадстаўлена разнастайная мастацкая спадчына выдатнага майстра прыкладнога мастацтва, жывапісца і мастака-графіка Ансіса Цыруліса (1883–1942), у тым ліку створаныя па яго эскізах прадметы мэблі для інтэр’ера залы акрэдытацыі паслоў у прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Рыжскім замку (1926–1929).

Нацыянальны рамантызм працягваў развівацца ў 1920-я і 1930-я гады і выяўляўся як у жывапісе, так і ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і дызайне. Элементы і матывы нацыянальнага арнаменту паўплывалі на стварэнне дзяржаўных і нацыянальных сімвалаў Латвійскай Рэспублікі – герба, грашовых знакаў, манет і дзяржаўных узнагарод, якія складуць асобную частку экспазіцыі.

Пераемнасць латышскіх нацыянальных традыцый у мастацтве і культуры захавалася і пасля ўключэння Латвіі ў склад СССР. На выставе іх творчае выкарыстанне прадставяць творы Джэмы Скулме (1925 г.н.) з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Латвіі, якія былі спецыяльна адабраныя для экспанавання ў Мінску ў рамках выставачнага праекта.

У XXI стагоддзі захаванне і выкарыстанне нацыянальных традыцый у мастацкай творчасці з’яўляецца важным фактарам у фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні прыналежнасці да латвійскай дзяржавы.

 

* Нацыянальны музей гісторыі Латвіі – найбуйнейшы збор каштоўнасцяў матэрыяльнай культуры латышскага народа. Ён быў заснаваны ў 1869 годзе, і на сённяшні дзень калекцыя музея складае больш за мільён экспанатаў. Асноўная экспазіцыя музея ахоплівае перыяд з IX стагоддзя да н. э. па 1991 год. У хуткім часе Нацыянальны музей гісторыі Латвіі будзе істотна ператвораны і ўдасканалены. У другой палове 2019 года пачнецца пераезд музея ў новыя працоўныя памяшканні і фондасховішчы. У сваю чаргу ў 2023 годзе плануецца завяршыць рэнавацыю і рэстаўрацыю самай старой часткі Рыжскага замка – Канвента, адведзенай для патрэб экспазіцый музея.

 

У 2003 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася выстава «Гістарычны партрэт Латвіі XVII–XVIII стст.» з калекцыі Музея гісторыі Латвіі (з 2005 года – Нацыянальны музей гісторыі Латвіі), якая стала прэзентацыяй латвійскага музея ў Беларусі. На выставе экспанаваліся партрэты курляндскіх герцагаў, гравюры, карты, манеты і медалі – унікальныя помнікі гістарычнай і мастацкай спадчыны.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі