Пад Глыбокім святар сабраў вернікаў на малітву за ахвяраў злачынных рэжымаў

Глубокое
Пад Глыбокім ва ўрочышчы Барок на месцы пахавання савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных 7 лістапада, калі ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, па ініцыятыве пробашча Троіцкай парафіі кс. Мікалая Ціхановіча сабраліся каля ста вернікаў разам са святарамі .

Падчас вайны ля сучаснай турмы ў Глыбокім, быў нацысцкі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Тут пахаваныя каля 27 тысяч чалавек, якія памерлі ад голаду, холаду або былі расстраляныя. Тут жа знаходзяцца пахаванні некалькіх соцень італьянскіх ваеннапалонных, якіх нацысты расстралялі ў 1943 годзе, калі Італія перастала быць саюзнікам Германіі, паведамляе catholic.by.

На могілках усталяваныя 27 валуноў, кожны з якіх сімвалізуе тысячу ахвяраў. На пачатку 90-х гадоў на мемарыяле быў устаноўлены крыж. Каля гэтага крыжа адбылася святая Імша.

Святары маліліся за ахвяраў абодвух рэжымаў, а таксама ў інтэнцыі прабачэння за тое зло, што рабіў на гэтай зямлі камуністычны рэжым. У сваім слове да вернікаў кс. Мікалай яшчэ раз нагадаў пра ахвяраў савецкага рэжыму, паказаўшы спіс людзей, што загінулі ў турме НКУС у Беразвеччы (зараз гэта частка Глыбокага).

«Ніхто публічна не перапрашаў за грахі рэжыму ў нашай краіне, ніхто не пакаяўся за забойствы людзей, за іх вываз, за іншыя рэпрэсіі. Хто гэта будзе рабіць, калі не Касцёл? Я лічу, што гэта наш святы абавязак», — падкрэсліў святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі