Махлярства, педафілія, скандалы: з гісторыі царквы святара Бондара

ksiondz

Інфармацыя пра навагрудскага старакаталіцкага святара Дзмітрыя Бондара, які, паводле Следчага камітэту Беларусі,  затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, супраць здароўя і жыцця чалавека, не сыходзіць са старонак беларускіх СМІ.

У сувязі з гэтым мы вырашылі глянуць бліжэй на тую Царкву, да якой ён сябе прылічваў, — на Старакаталіцкі Касцёл у Рэспубліцы Польшча.

Гісторыя старакаталіцтва ў Беларусі

Старакаталіцтва ўзнікла ў 1870-х гадах з тых каталіцкіх святароў і вернікаў, якія былі нязгодныя з рашэннямі Першага Ватыканскага сабору, перадусім з дагматам пра беспамылковасць Папы Рымскага ў пытаннях веры і маральнасці.

На тэрыторыі сённяшняй Беларусі, старакаталікі пачалі з’яўляцца напачатку ХХ стагоддзя разам з узнікненнем у Польшчы Мар’явіцкага Касцёлу, які ў 1909 годзе далучыўся да старакаталіцкай уніі. У 1919 годзе ў Польшчы, часткай якой з’яўлялася і Заходняя Беларусь, пачаў дзейнічаць Польскі Нацыянальны Каталіцкі Касцёл (ПНКК). Вынікам яго дзейнасці, напрыклад, можна лічыць далучэнне ў 1927 годзе да ПНКК выгнанага з віленскай каталіцкай семінарыі Адама Юргелевіча (1895-1959), які ў 1934 годзе стаў старакаталіцкім біскупам. Тым не менш, вялікага ўплыву на рэлігійнае жыццё на беларускіх землях ні мар’явіты, ні старакаталікі не мелі.

Ужо пасля вайны на эміграцыі ўзніклі спробы стварэння Беларускай Старакаталіцкай Царквы. Заснавальнікам і тэарэтыкам беларускага старакаталіцкага руху лічыцца Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі (1925-1978), выключаны з ватыканскага тэалагічнага інстытуту, які ў 1960 годзе ўсклаў на сябе абавязкі апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў. Адразу некалькі старакаталіцкіх цэркваў – Хрыстову Каталіцкую Царкву Амерыкі і Еўропы, Польскую Старакаталіцкую Царкву ў Амерыцы і Еўропе і ў пэўны час Беларускую Артадаксальную Каталіцкую Субожню – узначальваў былы святар Канстанцінопальскага праваслаўнага патрыярхату, а затым пасля сыходу ў раскол беларускі мітрапаліт Пётр (Журавецкі; 1901-1994).

Што тычыцца старакаталіцкай парафіі ў Навагрудку, то яна ўзнікла ў 2005 годзе. Хоць парафія незарэгістраваная, яна мае сваю капліцу, колькасць яе вернікаў – 15-25 чалавек. Святара для адзінай у Беларусі старакаталіцкай парафіі рукапаклаў ў 2012 годзе праваслаўны мітрапаліт Віталь (Кужаватаў), зверхнік некананічнай Апостальскай Праваслаўнай Царквы з Расіі, якая была заснаваная ў 2000 годзе і зарэгістраваная расійскім Мінюстам у 2004-м. У 2012 годзе супольнасць увайшла ў кантакт з польскім старакаталіцкім біскупам Марэкам Кордзікам, і ў 2013-м была прынятая ў склад Старакаталіцкага Касцёлу ў Рэспубліцы Польшча.

Што такое Старакаталіцкі Касцёл у Рэспубліцы Польшча?

На сённяшні дзень у Польшчы, паводле дадзеных Mały Rocznik Statystyczny Polski 2018, зарэгістраваныя пяць самастойных старакаталіцкіх Цэркваў – Старкаталіцкі Касцёл Мар’явітаў у РП, Польскакаталіцкі Касцёл у РП, Каталіцкі Касцёл Мар’явітаў у РП, Польскі Нацыянальны Каталіцкі Касцёл у РП і ўжо ўзгаданы намі Старакаталіцкі Касцёл у РП. Супольная колькасць іх вернікаў, па стане на 2018 год, — 44217 чалавек, аб’яднаных у 142 адміністрацыйныя адзінкі, якія абслугоўваюць 118 святароў.

Старакаталіцкі Касцёл у Рэспубліцы Польшча з іх найменшы. Яму належыць толькі 5 парафій, у якіх служаць 5 святароў і да якіх належаць 254 вернікі. Яна з’яўляецца адным з адгалінаванняў Польскага Старакаталіцкага Касцёлу, узніклага ў 1931 годзе. У камуністычныя часы Касцёл быў забаронены, і аднавіўся толькі ў 1993 годзе. Сучасная яго гісторыя поўная скандалаў.

Гэтак, у 2003 годзе быў арыштаваны, а ў 2007-м асуджаны яго першы паслякамуністычны зверхнік – біскуп Войцех Кольм. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў дзейнасці банды педафілаў на Цэнтральным вакзале Варшавы. У 2008 годзе, ужо ў турме, ён быў паўторна асуджаны за тое, што ў 1994-2000 гадах жыў з чатырма 15-гадовымі хлопцамі.

У 2006 годзе Касцёльны суд экскамунікаваў біскупа Войцеха Кольма, а яго месца заняў былы генеральны вікарый Марэк Кордзік, пры якім да Старакаталіцкага Касцёлу ў РП і далучылася навагрудская парафія.

Скандалы ў гэты час, паводле дадзеных польскіх СМІ, толькі ўзрасталі. Адбываліся пасвячэнні духавенства без адэкватнай багаслоўскай падрыхтоўкі, у выніку чаго святарскі сан атрымлівалі тыя, хто шукаў выгады ад прынятага пасвячэння. Касцёл неаднаразова рабіўся мішэнню СМІ з-за махлярства, учыненых высвечаных Марэкам Кордзікам святарамі. Як, напрыклад, пры арганізацыі «дамоў састарэлых», выхаванцы якіх параўноўвалі іх з канцлагерамі, скандаламі са сферы маральнасці. А ў 2014 годзе нават былі затрыманыя два святары, якія, выдаючы сябе за рыма-каталіцкіх ксяндзоў, збіралі грошы на санктуарый у Данецку.

У 2016 годзе біскуп Марэк Кордзік памёр, а на яго месца зноў вярнуўся Войцех Кольм, які пасля турмы ўжо паспеў паўторна далучыцца да жыцця Царквы. У 2017 годзе Войцех Кольм высвяціў сваім пераемнікам Дарыюша Маеўскага, а сам пакінуў царкоўнае жыццё.

Цікава, што ў раздзеле пра гісторыю царквы на афіцыйным сайце Старакаталіцкага Касцёлу ў РП, фактычна выкраслены перыяд, калі ім кіраваў біскуп Марэк Кордзік, чаго не скажаш пра асуджанага за педафілію Войцеха Кольма. Таксама на сайце няма выразнай дыстанцыі ад рыма-каталіцкіх святароў: заяўляецца, што кожны святар мае “прызнаваемыя каталіцкія святарскія пасвячэнні”, прыводзяцца цытаты Папы Рымскага Францішка, які названы “першым сярод роўных”, а сама Царква дэкларуе сябе каталіцкай.

Кантактных дадзеных Касцёла на сайце, за выключэннем электроннай пошты няма, як і імёнаў святароў і адрасоў парафій, апроч адной.

“Гэта выглядала як нейкая гульня ці тэатр”

Пра асобу Дзмітрыя Бондара Krynica.info распавяла адна з яго знаёмых з часоў юнацтва. Паводле яе, будучы старакаталіцкі святар цікавіўся рэлігіяй і на першы погляд здаваўся вельмі рэлігійным чалавекам. “Некаторы час ён хадзіў у каталіцкі касцёл, мог нешта сказаць на рэлігійную тэму ў свецкай кампаніі. Але з цягам часу ён пачаў праяўляць усё большую цікавасць да пазіцыянавання сябе ў якасці ксяндза. У яго нават была мянушка “ксёндз”. Але мне здаецца, што ніхто яго сур’ёзна не ўспрымаў”, — адзначыла суразмоўца.

“Усё, што ён рабіў, выглядала як нейкая гульня ці тэатр. Ён мог з’явіцца ў святарскай вопратцы на дыскатэку з Бібліяй у руках і сказаць: “Мір вам, браты і сёстры”. І ўсе ўспрымалі гэта як нейкі тэатр. Калі паміж дзяўчынай і хлопцам завязваліся нейкія адносіны, ён мог прапанаваць сваю паслугу абвянчаць іх. Думаю, што і людзі, якія ішлі на гэты нібыта абрад, таксама гэта ўсур’ёз не ўспрымалі. Але для мяне, як для веруючага чалавека, гэта выглядала трошкі дзіка. Ён прывёў нас у нібыта капліцу, якая змяшчалася ў гаражы ў прыватным сектары. На той час ён яшчэ дакладна не меў ніякага святарскага сану. І ў гэтым гаражы была ўся каталіцкая атрыбутыка, усё, што неабходна для правядзення служэння. Ён правёў абрад, а мне стала трошкі страшнавата, бо я адчувала, што ён не мае права гэта рабіць”, — распавяла знаёмая Дзмітрыя Бондара.

На яе думку, яго і зараз ніхто сур’ёзна не ўспрымаў як святара. “Гэта ўсё выглядае, як нейкі тэатр. Не больш за тое. Не ведаю, ці мае ён прыхаджанаў, пра якіх кажуць і пішуць. Ці ёсць у яго нейкая душпастырская праца. Але з таго, што было раней, шмат не змянілася. Ён нібыта проста легалізаваў нейкае ўяўленне пра сябе, калі атрымаў рукапалажэнне. У прынцыпе, я не выключаю, што не асабліва веруючыя ці рэлігійныя людзі, маглі не разабрацца і даверыцца яму. Нейкі ўплыў ён мог мець. Але не думаю, што канструктыўны. З таго, што ён мог сказаць – агульныя фразы, кшталту “Мір вам, браты і сёстры” і “Любіце адно аднаго”. Не больш за тое”, — заключыла суразмоўца.

Як паведамляла Krynica.info, старакаталіцкі святар і актывіст БРСМ Дзмітрый Бондар набыў сваю вядомасць узімку гэтага году, калі праз свае эпатажныя фота ў Instagram стаў героем публікацый у СМІ. З-за гэтага Курыя каталіцкай Гродзенскай дыяцэзіі нават выступіла з заявай, падкрэсліўшы яго недатычнасць да Каталіцкага Касцёлу. У яго абарону тады заступіўся некананічны беларускі праваслаўны дыякан Валянцін Цішко.

У сярэдзіне кастрычніка стала вядома пра затрыманне Дзмітрыя Бондара “па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, непасрэдным аб’ектам злачыннага замаху у якім з’яўляюцца здароўе і жыццё чалавека”. У межах крымінальнай справы выяўлена некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасці мужчыны. Ён знаходзіцца пад вартай. А пацярпелымі прызнаныя тры чалавекі.

Раней Дзмітрый Бондар ужо быў асуджаны па ч.1 арт. 427 КК (службовы падлог) да штрафу.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі