100 гадоў таму. Пра што не варта было б забываць

1381487944-ein-bild-fuer-geschichtsbuecher-philipp-scheidemann-an-einem-fenster-berliner-reichstagsgebaeudes-am-9-november-1918-rief-k-2l9yaPUsa7

11 лістапада адзначаюць 100-годдзе з дня заканчэння Першай сусветнай вайны.

Заканчэнню вайны папярэднічала рэвалюцыя ў Нямеччыне. 9 лістапада кайзер Вільгельм ІІ адрокся ад пасаду. У той дзень, 9 лістапада 1918 г., адзін з лідараў Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, Філіп Шайдэман (Scheidemann), стаўшы на падваконнік на 2-м паверсе Райхстага і раскінуўшы рукі, выгукнуў: Няхай жыве Рэспубліка! Нейкі рэпарцёр зафіксаваў гэты гістарычны момант на фота.

Нешта я не заўважыў публікацыяў да гэтай даты. Мо таму, што ў Германіі, якая будавала, як пісаў Антон Луцкевіч, самую дэмакратычную рэспубліку ў тагачаснай Еўропе, дэмакратыя змянілася таталітарным рэжымам?

Не ведаю, чаму не ўшанавалі дату Лістападаўскай рэвалюцыі.  Між тым яна мела ўплыў і на Беларусь. Не толькі таму, што пасля адрачэння Вільгельма з неабходнасцю заканчвалася вайна і нямецкія войскі мусілі пакінуць Беларусь. Не толькі таму, што праз два дні пасля рэвалюцыі ў Варшаве будзе абвешчана незалежнасць Польшчы, палітычны клас якой быў варожа настаўлены да нашай незалежнасці. А і таму, што ўжо 13 лістапада ў нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі пачнецца новы этап. Бальшавіцкая Расія пачне ствараць ланцуг рэспублік-буфераў на сваіх заходніх ускраінах. Рэспублік, якія на думку Леніна і яго прысных, павінны былі стаць альтэрнатывай Беларускай Народнай Рэспубліцы, Латвійскай і Літоўскай Рэспублікам, Украінскай Народнай Рэспубліцы і Эстонскай Рэспубліцы.

У Менску ж, зважаючы на прыход да ўлады ў Берліне сацыял-дэмакратаў, вырашылі паставіць на чале Ўраду БНР таксама сацыял-дэмакрата. Але перш 11 лістапада 1918 года (сто гадоў таму) Рада Беларускай Народнай Рэспублікі перайменавала Народны Сакратарыят ў Раду Народных Міністраў БНР. І ў той самы дзень быў прыняты закон аб правох і абавязках Рады Народных Міністраў, аўтарамі якога былі сябры Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі (Партыі народай свабоды) Павел Андрэеў і Уладзімір Самойла, сацыялісты Язэп Варонка і Леанард Заяц, хрысціянскі дэмакрат Антон Крэпскі і член Мінскага праваслаўнага брацтва Міхаіл Бурнашоў. На пасаду старшыні Рады Народных Міністраў быў намінаваны 34-гадовы ветэран беларускага руху, аўтар Акту 25 Сакавіка, сацыял-дэмакрат Антон Луцкевіч.

22 лістапада Луцкевіч выступіць у Радзе БНР з урадавай дэкларацыяй, і яго кабінет, у які ўвайшлі сацыял-дэмакраты Аркадзь Смоліч (намеснік старшыні) і Вацлаў Іваноўскі, сацыялісты-федэралісты Аляксандр Цвікевіч і Васіль Захарка, а таксама сацыяліст-рэвалюцыянер Леанард Заяц, прыступіў да выканання сваіх абавязкаў.

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі