Каб усе былі адно

1462397486

Ян 17, 20–26

Хачу, каб былі са Мною там, дзе Я

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне.

Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю, якую Ты даў Мне, бо палюбіў Мяне перад заснаваннем свету.

Ойча справядлівы, свет Цябе не пазнаў, а Я пазнаў Цябе, і гэтыя пазналі, што Ты паслаў Мяне. Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх.

Гэта слова Пана.

 

“Вось было б добра, калі б мы з праваслаўнымі ў адзін дзень святкавалі Вялікдзень і Каляды!” — менавіта такім чынам многія беларусы выражаюць сваё прагненне адзінства між падзеленымі хрысціянамі. Хоць гэта і слушна, але ці ж гэта дастатковая прычына для пошукаў адзінства?

Езус просіць Айца нябеснага аб адзінстве паміж намі, Ён вельмі зацікаўлены ў гэтым. Іншымі словамі, адзінства тых, хто паверыць словам Апосталаў з’яўляецца моцным прагненнем Сэрца Езуса. “Ойча святы, не толькі за іх прашу Я, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе”. Той факт, што сёння пакуль што няма не толькі супольнага календара для ўсіх хрысціянаў, але і супольнай Эўхарыстыі з’яўляецца страшэнным непаразуменнем, выразным запярэчаннем Божай волі.

Але не меншая бяда ў падзелах між хрысціянамі заключаецца яшчэ і ў тым, што гэта ўводзіць у памылку вонкавы, язычніцкі ці атэістычны свет. Людзі ж прагнуць адзінства і шукаюць эфектыўных мадэляў гэтага адзінства. Калі якаясьці хрысціянская супольнасць або Касцёл прапануе свету хрыстову мадэль паяднання, то гледзячы на нашыя падзелы, такія язычнікі ці атэісты задаюць пытанне: “Як жа гэты ваш Хрыстос можа сабраць разрозненае чалавецтва, калі Ён нават вас не здолеў утрымаць у еднасці?” Таму Езус кажа: “Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне”. У рэчаіснасці толькі Хрыстос і можа сабраць у адно. Таму што ўсе імперыялізмы і калектывізмы, змушаючы да еднасці сілай, прыводзілі да яшчэ мацнейшых падзелаў.

Хрыстос у гэтай малітве выражае таксама і спосаб дасягнення сапраўднага адзінства. Яно дасягаецца не прымусам ці пагрозамі. Хрыстос не хоча змушаць хрысціян да адзінства сваім загадам, як і Айцец не змушае да адзінства Яго. Гэта праўда, што ў адзінстве сіла, але не таму, што сіла гэтая здольная скарыць упартых, а таму, што адзінства пераконвае свет ў рэальнасці любові Бога да чалавека. “Я абвясціў ім Тваё імя, і абвяшчаць буду, каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх”.

Ці ёсьць у маім сэрцы глыбокае прагненне адзінства з іншымі хрысціянамі? Ці не імкнуся я прымусіць кагосьці да адзінства?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Беларусь.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі