Каталіцкі святар: веруючы чалавек не павінен уступаць у БРСМ

BRSM

Хоць афіцыйна Каталіцкі Касцёл не выказваўся афіцыйна пра Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) і афіцыйнай забароны ўступаць у яго няма, веруючы чалавек не павінен уступаць у гэту арганізацыю. Пра гэта заявіў каталіцкі святар, кс. Андрэй Радзевіч, паведамляе Grodnensis.by.

Святар нагадаў, што БРСМ з’яўляецца спадкаемцай Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі, які будаваўся “на камуністычных, а значыць антырэлігійных, прынцыпах” і даручаў сваім членам “рашуча змагацца з любымі праявамі буржуазнай ідэалогіі, рэлігійнымі забабонамі і другімі чужымі сацыялістычнаму ладу жыцця поглядамі і норавамі”.

Як адзначыў кс. Андрэй, камунізм асуджалі многія Папы Рымскія: у 1846 годзе – Пій ІХ у энцыкліцы “Qui pluribus”, у 1878-м – Леў XIII у энцыкліцы “Quo apostolici muneris”, у 1937-м – Пій ХІ у энцыкліцы “Divisi Redemptors” Пія XI, а Пій ХІІІ нават тройчы – у энцыкліках “Orientales omnes Ecclesias” (1945), “Ad apostolo rum” (1958) i “Meminisse iuvat” (1958).

“Камунізм мае на сваім сумленні велізарную колькасць чалавечых ахвяраў, якіх трэба лічыць у дзясятках мільёнаў. Камуністычныя кіраўнікі імкнуліся да рэалізацыі сваіх мэтаў, не зважаючы на чалавечае жыццё. Галоўнай з ідэй камунізму была барацьба з рэлігіяй. Гэтая сістэма знішчыла шмат святыняў і замардавала шмат духоўных і свецкіх вернікаў. Ва ўсё гэта быў умяшаны таксама камсамол. Гэта камсамольцы часта пасылаліся нішчыць святыні, а нават забіваць духавенства”, – заявіў святар.

Паводле яго, камсамол быў антыхрысціянскай, бязбожнай і атэістычнай арганізацыяй. “І калі БРСМ – яго спадкаемца, то веруючы чалавек не павінен уступаць у арганізацыю, якая мае такую гісторыю і такі фундамент. З жалем назіраю, калі ў кастрычніку гэтага года ў некаторых месцах былі плакаты з камсамольскім значком з Леніным і надпісам “Это наша с тобой история”. Так, гэта гісторыя, але ж гісторыя, у якой няма чым ганарыцца. Адно безумоўна – што на гнілым фундаменце не пабудуеш добры будынак”, – падкрэсліў ксёндз Андрэй Радзевіч.

Ён заклікаў тых, хто сапраўды клапоціцца пра моладзь, “парваць з бязбожным камсамолам, асудзіць крывавы камуністычны тэрор і пачаць будаваць штосьці новае, арганізацыю, якая будзе выхоўваць моладзь любіць сваю Айчыну, любіць сваю зямлю, яе мову, культуру і традыцыі”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі