Пасля Томасу. Што чакае Маскоўскі Патрыярхат ва Украіне

1471188568

У апошнія дні медыяпрастора Украіны запоўнілі дзве процілеглыя заявы, а менавіта сцвярджэнне мітрапаліта Ёва (Гечы) аб тым, што «пасля Сінода (Канстанцінопальскага патрыярхату — аўт.) ва Украіне на сёння няма ніякай іншай юрысдыкцыі, акрамя Усяленскай, усе ўкраінскія біскупы з’яўляюцца біскупамі Усяленскай царквы і знаходзяцца ў падпарадкаванні патрыярха Варфаламея», і адказ кіраўніка справамі Маскоўскага патрыярхату ва Ўкраіне (далей МПвУ), мітрапаліта Антонія (Паканіча) аб непрызнанні рашэння Усяленскага патрыярхату ды адданай вернасці Маскве, які быў пацверджаны архірэйскім саборам МПвУ, што адбыўся 13 лістапада ў Кіеве. Апрача таго, епіскапат МПвУ адмовіўся сустракацца з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, фактычна, гаворачы моваю Евангелля, “уклаў камень у працягнутую руку”.

Усе гэтыя падзеі адбываюцца на фоне запыту ўкраінскага грамадства на аб’яднанне Украінскага Праваслаўя ў адзінай Памеснай (аўтакефальнай) Царкве ды непрыняцця дзейнасці МПвУ. Як сцвярджаюць практычна ўсе ўкраінскія аналітыкі, Маскоўскі Патрыярхат, улічваючы настроі грамадства, будзе паступова губляць сваіх вернікаў, парафіі ды выціскацца на маргінес. Аднак мусім глядзець праўдзе ў вочы: Памеснай Царкве яшчэ досыць доўга прыйдзецца суіснаваць са структурамі Маскоўскага Патрыярхата. Таму ў гэтым артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць, якой будзе будучыня Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне.

Дзяржава

У справе Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне многія ўскладаюць свае надзеі на выцісканне яго дзяржаўнымі інстытутамі, як заканадаўчымі, так і выканаўчымі. Падобныя надзеі маюць свае падставы ў гісторыі станаўлення нацыянальных аўтакефалій XIX — першай паловы ХХ ст., калі дзяржава сапраўды душыла праціўнікаў памеснага статусу праз ужыванне заканадаўства ды рэпрэсіўнага апарату. Напрыклад, у даваеннай Польшчы архірэі, якія выступалі супраць Томасу аб аўтакефаліі 1924 года, былі пазбаўленыя сваіх кафедраў і фактычна зняволеныя ў манастырах, а святары — пазбаўленыя права служэння і, адпаведна, парафій. Таксама польскія міжваенныя ўлады не дазволілі стварэння структур Расійскай Праваслаўнай Царквы ў Замежжы, якія прысутнічалі практычна ва ўсіх іншых краінах Еўропы.

Менавіта на такі, прымусовы, сцэнарый выцяснення Маскоўскага Патрыярхату з Украіны накіраваныя пэўныя законы, якія сёння знаходзяцца на разглядзе ў Вярхоўнай Радзе. Гэта, перш за ўсё, вызначэнне статусу і парадку функцыянавання рэлігійнай арганізацыі, цэнтр якой знаходзіцца ў краіне-агрэсары, а таксама ініцыятыва дзяржаўнага перайменавання «УПЦ» у «Расійскую Праваслаўную Царкву ў Украіне». Таксама ініцыяваны перагляд магчымасці арэнды гістарычных збудаванняў (храмаў і манастыроў), якія знаходзяцца ў карыстанні рэлігійных грамад (кананічных структур) МПвУ.

Але прыняцце гэтых законаў, накіраваных на абмежаванне і ускладнення дзейнасці МПВУ, і рэальнае скасаванне дагавораў арэнды гістарычных збудаванняў ужо дастаткова доўга знаходзяцца ў чыста тэарэтычным поле, а іх прыняцце сённяшнім складам Вярхоўнай Рады выклікае вялікія сумневы. Тым больш, што ўлады павінны ўлічваць некалькі сур’ёзных момантаў, як у міжнароднай, так і ва ўнутранай плоскасці.

Па-першае, Украіна не толькі спрабуе стаць паўнапраўным членам Еўрапейскага Саюза і НАТА, але і трывала залежыць ад маральнай і матэрыяльнай падтрымкі заходніх партнёраў праз непрыкрытую агрэсію Расійскай Федэрацыі. Але Захад вельмі ўважліва глядзіць на выкананне правоў чалавека, у тым ліку і ў рэлігійнай сферы. Таму маральная падтрымка краінамі ЕС і ЗША надання Томасу аб аўтакефаліі ўкраінскаму праваслаўю аніяк не азначае падтрымкі рэпрэсій у дачыненні да МПвУ. Падобны ціск можа мець непрадказальныя наступствы для Украіны на міжнароднай арэне.

Па-другое, наіўна меркаваць, што МПвУ нават у выпадку цалкам законнага скасавання дагавораў арэнды гістарычных будынкаў (храмаў ды манастыроў) спакойна і добраахвотна іх пакіне. Безумоўна, што будзе мець месца відавочнае грамадзянскае супрацьстаянне, нават беспарадкі на рэлігійнай глебе. Падобны сцэнарый падзей не толькі ніяк не будзе спрыяць міжнароднаму іміджу Украіны, але, улічваючы вайну з РФ, нясе відавочную дзяржаўную небяспеку.

Не варта забывацца і на рэлігійнае заканадаўства Украіны, якое з’яўляецца адным з самых дэмакратычных у Еўропе і самым дэмакратычным на постсавецкай прасторы. Для стварэння рэлігійнай грамады дастаткова подпісаў 10 чалавек, што робіць стварэнне і рэгістрацыю такіх грамад вельмі даступнай, а ўзмацненне яго жорсткасці сустрэне супраціў практычна ўсіх канфесій.

Аднак, нягледзячы на ўсё вышэй выкладзенае, улада мае рэальныя рычагі, якія могуць рэальна ўскладніць жыццё МПвУ, нейтралізаваць антыўкраінскую дзейнасць і спрыяць яго выцісканню з Украіны.

Перш за ўсё, гэта тычыцца строгага выканання заканадаўства Украіны ў дачыненні да тых архірэяў, святароў і вернікаў, якія ажыццяўляюць супрацьпраўныя дзеянні. І гэта тычыцца не толькі антыўкраінскай прапаганды ва ўсіх яе формах, але і такіх момантаў, як распальванне міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці, дыскрымінацыя грамадзян па канфесійнай і моўнай адзнацы і іншыя падобныя дзеі ў любых формах, у тым ліку і распаўсюджанне адпаведнай літаратуры, асабліва праз манастырскія структуры. А органы выканаўчай ды заканадаўчай улады маюць поўнае права істотна абмежаваць публічную дзейнасць МПвУ, у прыватнасці, правакацыйныя хросныя хады, менавіта праз сеянне супрацьстаяння ды напружанасці ў грамадстве.

Магчыма заканадаўча папярэдзіць продаж храмаў, участкаў, на якіх яны пабудаваныя, для камерцыйных мэтаў. З-за памяншэння вернікаў МПвУ можа спрабаваць прадаць свае храмы (зямельныя ўчасткі, на якіх яны стаяць) забудоўшчыкам. А гэтыя ўчасткі, як вядома, надаваліся ім на бясплатнай аснове менавіта для будаўніцтва храмаў.

Таксама не варта забывацца, што выдзяленне зямлі, перадача ў арэнду будынкаў ці яе працяг, знаходзяцца ў кампетэнцыі Вярхоўнай і мясцовых радаў, то бок у кампетэнцыі абіраемых дэпутатаў.

Такім чынам, можам зрабіць выснову, што дзяржаўны ціск і супрацьдзеянне антыўкраінскай дзейнасці МПвУ будзе залежыць выключна ад таго, якія сілы будуць пры ўладзе. У сувязі з хуткімі прэзідэнцкімі і парламенцкімі выбарамі гэты факт набывае асаблівае значэнне. Аднак надзеі на “новую ўладу”, якую мае МПвУ, досыць міфічныя, бо асноўнае палітычнае змаганне ідзе паміж асобамі, а не паміж палітычным курсам, а прыход да ўлады прарасійскіх палітыкаў цалкам выключаны.

Кананічнае права

Усяленскае Праваслаўе, якое сёння аб’ядноўвае 14 Памесных Праваслаўных Цэркваў, дзейнічае ў адпаведнасці канонаў, у якіх выразна прапісана, што ні адна з гэтых структур не мае права мець свае структуры (епархіі, парафіі) на кананічнай тэрыторыі іншай Памеснай Царквы без яе згоды. Менавіта таму мітрапаліт Ёў (Геча) заявіў, што «Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне няма» (ці ён дэ-факта дзейнічае па-за кананічным полем). Гэта ж становішча будзе і пасля надання Томасу і паўстання новай Памеснай Царквы ў структуры Усяленскага Праваслаўя.

Такім чынам, будучая Украінская Памесная Праваслаўная Царква пры падтрымцы Канстанцінопальскага патрыярхату мае ўсе магчымасці зрабіць поўную ізаляцыю тым архірэям, святарам і манахам, якія, дзейнічаючы на яе кананічнай тэрыторыі, дэкларуюць сваю прыналежнасць да Маскоўскага Патрыярхату. Рэальныя варыянты абструкцыі могуць быць вельмі рознымі, але, калі ісці па аналогіі з падобнымі гістарычнымі выпадкамі, такія клірыкі могуць быць пазбаўлены магчымасці наведвання іншых Памесных Цэркваў і суслужэння з імі. Як найменей — ні адзін прадстаўнік іншых Памесных Праваслаўных Цэркваў не будзе наведваць іх храмы і манастыры ва Украіне, а тым больш саслужыць з архірэямі і святарамі, якія незаконна знаходзяцца на чужой кананічнай тэрыторыі.

На нашу думку, таксама не выключана, што міжправаслаўныя перамовы, перш за ўсё з Канстанцінопальскім патрыярхатам, могуць дапамагчы ў мірным выхадзе МПвУ з гістарычных святыняў ва Украіне.

Такім чынам, жорсткая палітыка новай Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы па абароне сваёй кананічнай тэрыторыі, пры падтрымцы Канстанцінопальскага патрыярхату, будзе спрыяць ліквідацыі структур Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне.

Грамадства

“Кожны тавар будзе вырабляцца да таго часу, пакуль на яго ёсць пакупнік. Тое ж датычыцца і колькасці гэтага тавару”, — гэта эканамічная аксіёма цалкам ілюструе і грамадскія працэсы, таму можна ўпэўнена сцвярджаць, што МПвУ будзе існаваць да таго часу і ў той колькасці ды форме, пакуль будзе існаваць адпаведная колькасць яе вернікаў. Але тут ёсць пэўныя нюансы.

Вайна Расійскай Федэрацыі супраць Украіны, якая пачалася з анексіі Крыма ў 2014 годзе, спрыяла відавочнаму аддзяленню ідэйнай прарасійскай групы як у цэлым ва Украіне, так і ў МПвУ. Пры гэтым, як паказвае сацыялогія і рэальная практыка, тыя, хто падтрымлівае «апазіцыю» (чытай прарасійскія сілы), то падтрымлівае і МПвУ. Такім чынам, можам гаварыць аб т.зв. «ідэйнай частцы вернікаў МПвУ», якія заўсёды будуць яе падтрымліваць. Такіх, калі браць пад увагу палітычныя рэйтынгі, на сёння каля 10%. І гэта дзесьці палова тых, хто па апошніх дадзеных сацыялогіі прызнае сябе вернымі МПВУ (каля 20%). Пры гэтым большасць «ідэйных вернікаў РПЦ» — жыхары гарадоў.

Натуральна, што парафіі МПвУ, дзе асноўную масу складаюць ідэйныя адэпты «рускага свету» і РПЦ, нас цікавяць мала. Тым больш, што яны будуць толькі радавацца, калі іх пачнуць называць менавіта «Расійскай Царквой», а іх агульная колькасць паступова будзе змяншацца да маргінальнага ўзроўню, як гэта ўжо адбываецца на Галіччыне, у прыватнасці ў Львове.

Што праўда, застаецца пытанне з вялікай колькасцю гарадскіх храмаў МПвУ, асабліва ў Цэнтральнай і Ўсходняй Украіне. Іх лёс будзе вырашацца пры неабыякавасці грамадства, выключна ў эканамічнай плоскасці. Асабліва, як ужо адзначалася вышэй, калі заканадаўча будзе задэкларавана немагчымасць камерцыйнага продажу і выкарыстання зямельных участкаў, на якіх ужо пабудаваны храмы.

А што ж астатнія?

Досыць вялікую частку парафій МПвУ, асабліва на Валыні і ў Цэнтральнай Украіне — гэта сельскія прыходы або прыходы ў т.зв. «пасёлках гарадскога тыпу». Частка з іх была тут яшчэ з савецкіх часоў або паўстала ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. З большага, верныя падобных парафій да ідэалогіі «рускага свету» ставяцца, як мінімум, абыякава ці нават маюць украінскую патрыятычную свядомасць. Таму, згодна з нашым даследаваннем, асноўная падстава іх прыналежнасці да МПвУ — т.зв. «кананічнасць» і звычка да асобы святара. Пры гэтым адносна «кананічнасці» пытанне знята ўжо з моманту рашэння кастрычніцкага Сінода Канстанцінопальскага патрыярхату, а вось іншыя пытанні павінны разгледзець больш дэталёва.

Як паказвае практыка апошніх гадоў, пры спробе прыходу пакінуць МПвУ і перайсці да Кіеўскага Патрыярхату або УАПЦ, асноўнай мэтай спрэчкі з боку МПвУ з’яўляюцца не вернікі, а выключна будынак храма. І гэта зразумела, бо жыхары вёскі або гарадка звыклі маліцца, асабліва браць шлюб, хрысціць дзяцей і адпяваць памерлых менавіта ў «сваім» храме. Тым больш, калі яны дзесяцігоддзямі яго будавалі і ўпрыгожвалі. Вядома, дзяржава прапануе шмат варыянтаў вырашэння пытання ад пераходу грамады разам з храмам ды пачарговага служэння двух грамад. Але нас цікавіць іншае пытанне: чаму святары МПвУ не пераходзяць да ўкраінскага праваслаўя і як могуць каталізаваць гэты працэс?

Мы далёкія ад думкі, што сёння большасць сельскіх святароў МПвУ з’яўляюцца перакананымі прыхільнікамі ідэалогіі «расійскага свету» і ворагамі Украіны. Таксама мы не разглядаем пытанне недаверу да новай Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне, бо практычна ўсе ўдзельнікі працэсу, а галоўнае — Канстанцінопальскі патрыярхат, гарантавалі ім далейшае служэнне на сваіх парафіях. Такім чынам, іх знаходжанне ў РПЦ абумоўлена выключна пытаннем «кананічнасці» і, пераважна, чыста эканамічным складнікам. Паколькі пытанне з «кананічнасцю» ўжо вырашана, застаецца толькі эканамічны складнік. Паўстае лагічнае пытанне: ці зможа МПвУ або, уласна, РПЦ, утрымліваць тысячы сваіх святароў (і храмаў) ва Ўкраіне, калі верныя «прагаласуюць нагамі»? Нягледзячы на сітуацыю з «беднымі» прыходамі ў самой Расіі, здольнасць і жаданне МПвУ ўтрымаць пустыя храмы, асабліва ў сельскай мясцовасці, выклікае вялікія сумневы. Гэтую гіпотэзу ўскосна даказвае заклік РПЦ пра гатоўнасць «прыняць украінскіх святароў у Расіі».

Такім чынам, пасля атрымання Томасу і стварэння адзінай Украінскай Памеснай Праваслаўнай Царквы большасць сельскіх святароў МПвУ, якія не з’яўляюцца адэптамі «расійскага свету», будуць пастаўлены перад дылемай: пераходзіць да ўкраінскага праваслаўя ці пакінуць парафію і ехаць у Расію. Але наколькі эфектыўны і хуткі будзе гэты працэс, залежыць выключна ад актыўнасці грамадства і вернікаў, а таксама ад здольнасці прамоўтараў новай Праваслаўнай Царквы.

Асобнай тэмай з’яўляюцца манастыры МПвУ, якіх, толькі паводле афіцыйных звестак, налічваецца больш за 200. Тут трэба ўлічваць, што там не толькі існаваў падбор адпаведных манахаў і манашак, але і адпаведная ідэалагічная апрацоўка. Аднак, як паказвае сацыялогія, праваслаўныя ўкраінцы ведаюць толькі каля 10 манастыроў. Перш за ўсё — Кіева-Пячорскую, Святагорскую і Пачаеўскую лаўры, а таксама некалькі вядомых манастыроў у Кіеве і на Валыні. Менавіта гэтыя манастыры сапраўды існавалі за кошт уласнай гаспадаркі і паломнікаў. Усе астатнія — гэта датацыйныя манастыры, куды паломнікі, адпаведна і дапамога, наведвалі (паступала) праз епархіяльныя і агульныя структуры МПвУ.

Такім чынам, на нашу думку, лёс манастыроў МПвУ будзе вырашацца праз наяўнасць двух фактараў, якія звязаныя паміж сабой эканомікай: памяншэнне сацыяльнай базы гэтай юрысдыкцыі ва Украіне і свядомасці ўкраінскіх праваслаўных вернікаў, якія адмовяцца ад паломніцтва да гэтых манастыроў. Што датычыцца манахаў, то яны, хутчэй за ўсё, скарыстаюцца магчымасцю перабрацца ў адпаведныя манастыры РПЦ у Расіі.

Але пытанне з мірным вяртаннем вядомых праваслаўных святынь, перш манастыроў, такіх як Кіева-Пячэрская або Пачаеўская лаўра, вырашыць будзе вельмі складана. Бо РПЦ кіне ўсе свае рэсурсы на ўтрыманне гэтых святынь, а склад манахаў будзе «падсілкоўвацца» за кошт ліквідацыі малавядомых і малаколькасных манастыроў. Адзіны шлях — гэта грамадскі кантроль, у тым ліку і адпаведных дзяржаўных інстытутаў, адносна поўнага выканання ўмоў арэнды і захавання гістарычнай спадчыны з боку МПвУ, адкрыты доступ да гэтых святыняў, праз іх агульнанацыянальнае і сусветнае значэнне, архірэяў і святароў адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне, а таксама, самае галоўнае, адмова дзяржавы ў працягу арэнды. Аднак, калі разглядаць мірнае вырашэнне канфлікту, павінны змірыцца з прысутнасцю МПвУ ў галоўных святынях Кіеўскага Праваслаўя яшчэ, прынамсі, пяць — дзесяць гадоў.

Вывады

Нягледзячы на заявы прадстаўнікоў Усяленскага Патрыярхату, кананічнае права і жаданне поўнага аб’яднання праваслаўных Украіны, прысутнасць МПвУ захаваецца яшчэ надоўга. Аднак актыўнасць, колькасць і тэрмін рэальнай прысутнасці структурнага падраздзялення РПЦ ва Украіне будзе, перш за ўсё, залежаць ад свядомасці і актыўнасці ўсяго грамадства ў цэлым, а асабліва кожнага ўкраінскага праваслаўнага. Менавіта грамадства і будзе галоўнай сілай, якая, разам з дзяржаўнымі інстытутамі і Канстанцінопальскім Патрыярхатам, будуць вырашаць лёс МПвУ.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі