Дэманстрацыя да гадавіны Слуцкага збройнага чыну пройдзе 24 лістапада

slucki-zbroiny-chin-2011-06

Слуцкі райвыканкам даў дазвол на правядзенне 24 лістапада ў Слуцку дэманстрацыі і мітынгу з нагоды 97-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. Пра гэта паведаміў сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч.

Масавыя мерапрыемствы адбудуцца 24 лістапада. У 11:00 прызначаны збор удзельнікаў каля гарадскога стадыёну (вул. Віленская, 14), далей дэманстрацыя рушыць да гарадскога парку, у якім ад 11:45 да 12:30 пройдзе мітынг, паведамілі ў ПБНФ.

Як і ў мінулым годзе, улады змянілі маршрут запланаванай дэманстрацыі, не дазволіўшы заяўнікам акцыі прайсці калонай па галоўнай вуліцы Слуцку, як было запланавана паводле першапачатковай заяўкі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябра Сойму Партыі БНФ Павал Батуеў, сябра Сойму Партыі БНФ і каардынатар грамадскага аб’яднання “Рух “За свабоду” па Мінскай вобласці Віталь Амяльковіч і прадстаўнік руху салідарнасці “Разам”, мастак Генадзь Драздоў.

Як паведамляюць заяўнікі, у гэты ж дзень у Слуцку адбудзецца канцэрт Лявона Вольскага, арганізатары дэманстрацыі і канцэрту ўзгадняюць свае планы.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў спадзяванне, што сёлетняя акцыі павінная прыцягнуць больш грамадскай увагі, бо прыпадае на год стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, пад чыімі штандарамі быў распачаты Слуцкі Збройны Чын:

“Слуцкае паўстанне — адзін з найяскравейшых прыкладаў праявы мужнасці і адвагі беларусаў, якія змагаліся за незалежнасць нашай краіны. Менавіта такія гістарычныя даты мы павінныя шанаваць дзеля мацавання незалежнасці Рэспублікі Беларусь на цяпершнім этапе яе развіцця. Мы разлічваем што на акцыю ў Слуцку прыедуць патрыёты і з Менску, і з іншых гарадоў”, – сказаў Аляксей Янукевіч.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Адзін месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, супраціўляліся наступу савецкіх войскаў.  14 лістапада 1920 году распачалася збройная абарона незалежнасці Беларусі на Случчыне. У гэты дзень там распачаўся З’езд, які абраў Раду Случчыны. Задачамі Рады стала арганізацыя грамадзянскага кіравання, а таксама абароны краю. З’езд прыняў рэзалюцыю, якая абвяшчала ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і наваколлі, і выказаў пратэст супраць бальшавіцкай акупацыі. Збройныя дзеянні адбываліся з 27 лістапада па 31 сьнежня 1920 году.

З 1980-х гадоў угодкі Слуцкага паўстання, як знакавая падзея ў гісторыі барацьбы за незалежнасць, Беларусі адзначаюцца беларускім грамадствам як Дзень Герояў. Афіцыйныя ўлады ігнаруюць антыбальшавіцкі збройны чын.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі