У мінскім прыходзе скарацілі Літургію па-беларуску, вернікі просяць падтрымкі

хор
Вернікі праваслаўнага прыхода Святога Міхала ў мінскім мікрараёне Сухарава, дзе традыцыйна служылася Боская літургія па-беларуску, паведамілі пра колькаснае скарачэнне такіх службаў.

Чальцы прыходскага хора звярнуліся з гэтай нагоды з пратэстным лістом да мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які просяць падпісаць усіх вернікаў, неабыякавых да выкарыстання ў Праваслаўнай Царкве беларускай мовы. Цалкам ліст можна пабачыць на старонцы ў фэйсбуку адной з яго аўтарак, Наталлі Гарковіч.

У лісце гаворыцца:

“Да Вас звяртаецца суполка пеўчых і праваслаўныя вернікі, якія з 8 сакавіка 2015 года збіраюцца штомесяц па нядзелях на беларускамоўную Літургію ў прыходзе ў гонар святога Архангела Міхаіла ў мікрараёне Сухарава горада Мінска.

Атрымаўшы Ваша архіерэйскае дабраславенне на правядзенне такіх службаў, мы цягам трох з паловай гадоў раз на месяц сустракаліся з радасцю ўзнесці падзяку і хвалу Госпаду і памаліцца падчас Літургіі на беларускай мове ў нядзелю, Гасподні дзень, які, паводле запавету, мы закліканыя шанаваць і прысвячаць Богу. Трэба адзначыць унікальнасць беларускамоўнай Літургіі на Свята-Міхайлаўскім прыходзе, якая была ў тым, што яна адбывалася ў галоўны богаслужбовы дзень – нядзелю, і на асноўныя святы, якія прыпадаюць на выходны дзень – Пасху і Раство Хрыстова, у той час як у іншых прыходах такія Літургіі святкуюцца ў іншыя дні тыдня, і, часцей за ўсё, з пачаткам а 6-30 раніцы, што ўскладняе ўдзел у ёй для тых, хто вучыцца, працуе ці жыве далёка ад храма. Запатрабаванасць такіх Літургій была даволі высокай, пра што сведчыць наступны факт: у святакаванні звычайных нядзельных Літургій па-беларуску бралі ўдзел як найменей паўсотні вернікаў, і колькасць удзельнікаў пастаянна расла, да ліку пеўчых далучаліся новыя людзі.

За гэты час мы разам са сваімі сем’ямі, а таксама братамі і сёстрамі ў Хрысце адсвяткавалі чатыры Вялікадні і тры Раства, беручы ўдзел ў Таемствах Цела і Крыві Хрыстовай падчас Літургіі на роднай мове ў гэтыя вялікія святы. Служыў Літургію, як правіла, іярэй Аляксандар Шрамко.

Са жніўня 2018 года на прыходзе св. Архангела Міхаіла паводле ініцыятывы настаяцеля, протаіярэя Ігара Галакава, Літургію на беларускай мове да нашай радасці пачалі служыць і іншыя святары.

Пры планаванні чарговай Літургіі на лістапад, снежань і Раство мы ў звычайным парадку звярнуліся да адказнага за складанне раскладу багаслужбаў на прыходзе святара – іяр. Дзімітрыя Маркіна, які паведаміў, што Літургіі на беларускай мове на свята Раства, як гэта было тры гады запар, не плануецца, а колькасць беларускамоўных Літургій скарачаецца, Літургіі будуць святкавацца толькі адзін раз на тры месяцы, на што настаяцель Ігар Галакаў мае ад Вашага Высокапрэасвяшчэства пісьмовы дазвол.

Мы звярнуліся да настаяцеля прот. Ігара Галакава, і ў тэлефоннай размове ён пацвердзіў нам, што на свята Раства, а таксама ў бліжэйшыя месяцы беларускамоўнай Літургіі не плануецца, апрача магчымай у будні працоўны дзень на працягу перыяду святак. Настаяцель патлумачыў гэта складанасцямі з арганізацыяй такіх служб і перагружанасцю клірыкаў, а таксама спаслаўся на тое, што ад Вашага Высокапраасвяшчэнства мае пэўныя пісьмовыя ўказанні наконт беларускамоўных служб, змест такіх указанняў ён не патлумачыў, адаслаўшы нас да благачыннага другой Мінскай акругі прот. Ігара Карастылёва.

Падчас тэлефоннай размовы з прот. Ігарам Карасталёвым мы растлумачылі складанасці, якія ўзніклі з беларускамоўнымі богаслужэннямі на прыходзе св. Архангела Міхаіла. Прот. Ігар са спачуваннем паставіўся да праблемы, але са свайго боку не змог прапанаваць нам адпаведнага выйсця, паколькі на прыходзе ў гонар іконы Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць” няма прыдатных умоваў для служэння дадатковай нядзельнай Літургіі, нам была прапанавана магчымаць служыць беларускамоўную службу па суботах.

У сувязі з гэтай сітуацыяй мы звяртаемся да Вас, нашага архіпастыра, бо многія вернікі прызвычаіліся да гэтай нядзельнай службы, чакаюць яе, рэгулярна прыходзяць памаліцца ў нядзелю на беларускай мове, паспавядацца і прыняць Прычасце.

Таму просім дапамгчы нам знайсці прыдатнае месца ў горадзе Менску – каб вернікі паспявалі і мелі магчымасць даехаць раз на месяц на нядзельную беларускамоўную службу. Мы размаўлялі з некалькімі менскімі святарамі, якія ўжо маюць досвед служэння па-беларуску, і якія з радасцю хацелі б праводзіць падобныя службы, калі на гэта будзе дабраславенне Вашага Высокпраасвяшчэнства.

У Хрысце, як сказаў Апостал Павел, няма а ні іўдзея, а ні элліна, таму звяртаемся да Вас, каб справа святых Кірыла і Мефодзія працягвала сваё прыгожае мірнае дзеянне ў народзе беларускім”.

Ужо пасля таго, як частка подпісаў была перададзеная ў епархіяльнае ўпраўленне, Наталля Гарковіч мела размову з мітрапалітам Паўлам, які ўхіліўся ад прамога вырашэння пытання, спаслаўшыся на малую колькасць вернікаў, якія наведваюць службу па-беларуску. Адначасова кіраўнік БПЦ паабяцаў падыйсці да вырашэння пытання больш шчыльна ў самы бліжэйшы час.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі