Як зменшыць недахоп каталіцкіх святароў у Беларусі. Некалькі парад
Прызнаюся, планы па напісанні гэтага артыкулу я выношваў ужо не адзін месяц. Але не хапала ці то часу, ці то натхнення. І вельмі рады, што прынамсі адна з маіх ідэй можа пачаць рэалізоўвацца ў Беларусі і без маёй прапановы, тым не менш прыгадаю і яе.
У Беларусі станам на 2016 год было зарэгістравана 486 рыма-каталіцкіх парафій, дзейнічала каля 490 святароў, з іх каля 120 – замежнікі. Пры гэтым замежныя святары рэгулярна сутыкаюцца з перашкодамі з боку ўладаў, маюць праблемы з атрыманнем дазволу на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці.
Нават існуючая статыстыка паказвае, што святароў у краіне хапае толькі на душпастырства дзеючых парафій, перспектывы для развіцця сеткі парафій вельмі цьмяныя. А наяўнасць ва ўладаў магчымасці ў межах дзеючага заканадаўства без тлумачэння прычын не працягнуць дазвол на служэнне замежнікам, можа ўвогуле пакінуць амаль кожную пятую парафію без святарскай апекі. Пагоршыць сітуацыю можа і інструментарый “святарскага прызыву”, калі маладыя ксяндзы могуць замест прэсвітарскага служэння накіравацца на вайсковую службу.
Якія крокі можна зрабіць у такой сітуацыі, каб, па-першае, мінімізаваць магчымы негатыўны ўплыў вонкавых фактараў, па-другое, зменшыць залежнасць ад замежных людскіх рэсурсаў, а, па-трэцяе, зрабіць магчымым развіццё існуючых і стварэнне новых парафій?
1. Развіццё сталага дыяканату. Беларускі епіскапат ужо дазволіў яго развіццё ў краіне. Важным момантам у гэтым з’яўляецца тое, што сталымі дыяканамі могуць стаць жанатыя мужчыны, хоць і з 35 гадоў. Падчас Імшы сталы дыякан можа выконваць функцыі акаліта, лектара і міністранта, а таксама ўдзяляць Камунію і чытаць Евангелле. Але ў беларускай сітуацыі найбольш важна тое, што ён можа пры неабходнасці хрысціць і асіставаць пры заключэнні сужэнства, здзяйсняць некаторыя сакрамэнталіі, а таксама ўзначальваць абрады пахавання.
Не сакрэт, што для многіх вёсак, як на ўсходзе, так і на захадзе, галоўным элементам рэлігійнага жыцця з’яўляецца пахаванне вернікаў. Ды і для гарадоў характэрнае жыццё многіх каталікоў па прынцыпе “пахрысцілі і да смерці адпусцілі”. Магчымасць сталых дыяканаў хрысціць, удзяляць сакраменталіі, асіставаць пры заключэнні сужэнства і ўзначальваць абрады пахавання зможа істотна зменшыць нагрузку на святароў і вызваліць іх сілы для іншай дзейнасці.
Праўда, для гэтага неабходна не проста абвесціць пра адраджэнне сталага дыяканату, але і заахвочваць вернікаў далучацца да яго, у тым ліку для жыхароў аддаленых вёсак. Бо пад ляжачы камень вада не цячэ.
2. Развіццё грэка-каталіцкага святарства. Не сакрэт, што сярод практыкуючых у Беларусі лацінскі абрад шмат тых, хто быў ахрышчаны ва ўсходнім, то бок патэнцыяльных грэка-каталікоў. Паколькі ў грэка-каталіцкім абрадзе адсутнічае абавязковы цэлібат святарства, ён можа патэнцыяльна стаць яшчэ адным фактарам росту пакліканняў. Зноў жа пры адмысловай і мэтанакіраванай працы, у тым ліку рыма-каталіцкага епіскапату і духавенства, па адшуканні тых, хто адчувае пакліканне стаць святаром, але каго стрымлівае цэлібат. Такім чынам, каталіцкія вернікі, асабліва ва ўсходняй Беларусі, змогуць займець большую апеку святароў, хай і іншага абраду.
3. Развіццё свецкіх ордэнаў. Каталіцкія ордэны, напрыклад, францішкане, дамініканец, аўгусцінцы, кармеліты і іншыя, маюць свецкую частку, калі свецкія мужчыны і жанчыны жывуць адпаведна з ідэаламі манаскіх ордэнаў, але не з’яўляюцца манахамі. Пры гэтым яны могуць адыгрываць вялікую ролю ў евангелізацыі, умацаванні парафій і супольнасцяў, развіваць ордэнскія ўстановы ў краіне і пашыраць веды, у тым ліку і пра манаскія галіны ордэна. Прызнаюся, у касцёлах пра такія магчымасці я не чуў, толькі з дадатковай літаратуры. Магчыма, калі б людзі больш ведалі пра магчымасць далучыцца да ордэнскай супольнасці, не робячыся манахам, гэта магло дапамагчы і развіццю саміх ордэнаў у краіне праз большую уцягнутасць людзей у іх дзейнасць, як і іншых задач. У любым разе гэта дапамагло б надаць больш моцы солі зямлі.
4. Перадача большых паўнамоцтваў парафіянам. Яшчэ адной з магчымасцяў вызваліць святароў ад руцінных абавязкаў, каб яны маглі больш сілаў аддаваць менавіта душпастырству, магло б стаць надзяленне новымі, дадатковымі функцыямі парафіянаў згодна з прынцыпам субсідыярнасці. Пры гэтым вернікі мусяць быць надзеленыя не толькі абавязкамі выконваць даручэнні святара, але і правамі. Ці пойдуць епіскапат і духавенства на гэта, пытанне.
5. З папярэднім вельмі шчыльна звязана і перадача шматлікіх функцый у курыях беларускіх дыяцэзій. Упэўнены, што шматлікія юрыдычныя, адміністратыўныя ці эканамічныя функцыі могуць выконваць не толькі святары ды законнікі. Б’юся аб заклад, што сярод свецкіх вернікаў таксама ёсць людзі з неабходнымі здольнасцямі і адукацыяй. У той жа час святароў, законнікаў і законніц можна было накіраваць на парафіі.
Вядома, гарантый, што гэтыя прапановы здолеюць істотна, а тым больш у кароткай перспектыве, змяніць сітуацыю няма. Але і спадзявацца, што ўсё выправіцца само, таксама не варта.
Максім Гацак
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Курс «Хрысціянскае кансультаванне» 27.02.2021 18:25
- Дні праваслаўнай культуры адкрыюцца 27 лютага ў Мінску 24.02.2021 16:56
- Кароткая гісторыя таго, што зараз адбываецца вакол царквы “Новае Жыццё” 22.02.2021 17:07
- Вернікі царквы “Новае жыццё” ўсё роўна хочуць сабрацца на малітву 20.02.2021 14:01
- Зварот біскупаў Евангельскіх цэркваў Беларусі ў сувязі з сітуацыяй вакол Царквы “Новае жыццё” г. Мінска 19.02.2021 17:43
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)