Чырвоны касцёл адзначыў гадавіну свайго асвячэння

SAM_4657

Урачыстасць, прысвечаная 108-й гадавіне асвячэння касцёла Святых Сымона і Алены, была адзначана каталіцкай супольнасцю 25 лістапада ў дзень Госпада Езуса Хрыста Валадара Сусвету.

На свята ў Мінск прыбыў біскуп Казімір Вялікаселец, які ў гэты дзень удзяліў Сакрамант Канфірмацыі дзясяткам маладых людзей.

У прамове да вернікаў біскуп Казімір узгадаў словы геніяльных вучоных і пісьменнікаў: Ісаака Ньютана, Міхаіла Ламаносава, Дмітрыя Мендзелеева, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Фёдара Дастаеўскага пра цудоўную гармонію сусвету, духоўнае жыццё і душу чалавека, якую Бог стварыў прызначанай для вечнасці.

Вечарына, прысвечаная памятнай даце асвячэння Чырвонага касцёла “Вы святую веру захавалі…”, адбылася ў бібліятэцы імя А. Міцкевіча. Прывітальнае слова гасцям бібліятэкі сказаў біскуп Казімір Вялікаселец. Прадстаўляючы яго, кс. Уладыслаў Завальнюк нагадаў, што ён пабудаваў сем храмаў.

“Радасць напаўняе нашыя сэрцы, бо мы гадаваліся ў часы, калі храмы былі зачыненыя. Я нарадзіўся ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці. Калі мне было тры гады, касцёл зачынілі, а ксяндза забралі ў турму. Школьнае выхаванне, палітінфармацыі ў войску – усё было накіравана супраць веры. Нас выратавала вера бацькоў, хатні касцёл”, — распавёў біскуп.

SAM_4673

Ён узгадаў выпадак, калі генерал Шарль дэ Голь прыляцеў з візітам да Леаніда Брэжнева. Ён сказаў: “Я — католік і хачу ў нядзелю наведаць храм”. У Маскве ў той час не знайшлося каталіцкага святара. Генерал дэ Голь сеў на самалёт і паляцеў у Ленінград, каб прысутнічаць на святой імшы. Пра візіт Шарля дэ Голя распавёў будучаму біскупу на рэкалекцыях ленінградскі ксёндз. “Нават прэзідэнты знаходзяць прыклады веры і маралі”, — падсумаваў Яго Экселенцыя.

Працягнула імпрэзу паэтка і кіраўнік мінскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Галактыка” Кацярына Мяшкова.

Дакументальная стужка адкрыла цікавыя факты, звязаныя з будаўніцтвам святымі.

На пачатку ХХ стагоддзя ў губернскім Мінску існавалі толькі два касцёлы. Фундатар святыні Эдвард Вайніловіч замовіў праект польскаму архітэктару Томашу Паяздзерскаму з Варшавы. Завяршаў будаўніцтва архітэктар Генрых Гай. Матэрыял на будаўніцтва касцёла быў прывезены з Чанстаховы, кожная цаглінка была загорнута ў паперу.

Уладыслаў Трыпуз працягнуў аповед пра гісторыю касцёла Святых Сымона і Алены, які перажыў шмат драматычных момантаў.

21 лістапада 1910 года быў асвечаны касцёл Святога Сымона і Святой Алены, які стаў самым вялікім у горадзе і хутка атрымаў неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл». Храм асвячаў ксёндз Вітольд Чачот. На ўрачыстасць прыбыў губернатар Якаў Эрдэлі.

Шмат выпрабаванняў перанёс касцёл у ХХ стагоддзі, але яму выпала важная роля стаць цэнтрам духоўнага жыцця Мінска. У 1932 годзе касцёл быў зачынены. У 1960-я гады храм хацелі знесці і на яго месцы збудаваць сучасны кінатэатр.

У савецкія гады ў касцёле знаходзіўся Дзяржаўны польскі тэатр БССР, пазней у ім быў створаны Дом кіно.

SAM_4692

З 1989 г. ксёндз Уладзіслаў Завальнюк разам з вернікамі пачаў барацьбу за вяртанне народу каталіцкіх святынь у Мінску, аднавіў і адкрыў каталіцкія парафіі ў Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах, Лагойску, Корані, Негарэлым і інш.

Каб вярнуць Чырвоны касцёл, вернікі праводзілі крыжовыя шэсці вакол будынка касцёла паўтары гады кожны вечар пасля працы, а ў нядзелю — днём, пры любым надвор’і ўзносілі малітвы.

21 лістапада 1990 года, у дзень 80-годдзя касцёла, святыня была вернута прыхаджанам. У гэты ж дзень біскуп Тадэуш Кандрусевіч адслужыў Святую Імшу ў касцёле і блаславіў вернікаў у іх духоўнай і фізічнай працы па аднаўленні касцёла.

Вядоўца імпрэзы падкрэсліла, што з 1990-х гадоў касцёл стаў цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця сталіцы, яго візітнай карткай. У ім штодня гучыць родная беларуская мова, захоўваецца духоўная спадчына продкаў. У бібліятэцы імя А. Міцкевіча захоўваецца 50.000 кніг з творамі нацыянальнай і сусветнай класікі. Словы сардэчнай падзякі прагучалі ў адрас пробашча Чырвонага касцёла ксяндза-каноніка Уладыслава Завальнюка, які з пастырскай адданасцю і шчырым словам служыць Богу і людзям.

На імпрэзе прагучалі вершы, прысвечаныя Чырвонаму касцёлу, створаныя Кацярынай Мяшковай, Эдуардам Граковічам, Алегам Жыдовічам, Ірынай Багдановіч.

“Засявае Хрыстос дабрынёй Беларусь,

Яе бачаць крыштальнай крыніцай”, — стварыла кранальныя радкі Кацярына Мяшкова.

На вечарыне адбылася прэм’ера песні, прысвечанай касцёлу. У ёй былі выказаныя пачуцці многіх вернікаў:

“У нашым касцёле ты знойдзеш сяброў,

Пан Бог адкрывае ў сэрцах любоў,

Усіх навучае, каб добрымі былі,

І тое, што трэба старанна рабілі”.

У імпрэзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі мінскага літаратурна-музычнага аб’яднання “Галактыка”: паэтэса Кацярына Мяшкова, спявачка і пісьменніца Ірына Цуканава, музыка і паэт Афанасій Бацяноўскі; навукоўцы, паэты і пісьменнікі, сябры бібліятэкі імя Адама Міцкевіча, удзельнікі дзіцячай артстудыі “Неспадзянка” і ўдзельнікі музычнай групы Медыцынскай Палоніі Мінска і Мінскай вобласці.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі