Тэатр абсурду, або яшчэ раз аб “помніку гарадавому”

gorodovoi_04

І раздзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру; і, сплёўшы вянок з цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі з Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!

(Мц. 27:28-29)

Абсурднасць устаноўкі помніка гарадавому Расійскай імперыі ў Менску была відавочная ад самага пачатку, бо, па-першае, ані кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, ані большасць насельніцтва аніяк не выказваюць сантыментаў ды жалю за “царскім часам”; па-другое, злачынца ставіць помнік сваёй ахвяры ў двух выпадках: як здзек або пакаянне. Аб адсутнасці пакаяння сведчыць адзначэнне кастрычніцкага перавароту на дзяржаўным узроўні, назва “міліцыя” ды помнік “Жалезнаму Феліксу” на супраць МУС. А вось на здзек ката над ахвярай вельмі падобна… Але давайце ўсё разгледзім паслядоўна.

Хто такі “гарадавы” ў святле гісторыі Расійскай імперыі? Гэта ніжэйшы чын паліцэйскай варты ў сталічных, губернскіх і павятовых гарадах. Іх набіралі з адстаўных салдат ды унтэр-афіцэраў па вольным найме, а ўтрымліваліся за кошт бюджэту горада. З улікам таго, што ў царскую армію прызывалі з 21 года, а служылі 6 гадоў (з 1906 – 5) у войску або 7 гадоў на флоце, можна меркаваць, што наймалодшаму гарадавому 1917 г. было 26-28 гадоў. Але трэба ўлічваць – з пачаткам І Сусветнай вайны было мабілізавана досыць вялікая частка маладых гарадавых ды заменена людзьмі старэйшага ўзросту. Пры гэтым, па законе Расійскай імперыі, на кожныя 500 чалавек губернскага горада было не больш за 1 гарадавога. Можна лёгка вылічыць, што ў Менску на пачатак ХХ ст. было не больш 200 – 250 гарадавых.

З улікам таго, што заробак гарадавога быў часам ніжэй за заробак кваліфікаванага рабочага або машыніста на чыгунцы, іх сем’і жылі пераважна ў рабочых кварталах або прыватных будынках на ваколіцах гарадоў. А калі ўлічыць, што большая частка іх службы праходзіла на вуліцах, можна ўпэўнена сказаць, што яны былі найбольш вядомымі насельніцтву чынамі паліцыі. Адпаведна, паколькі на гарадавых пакладалася задача падтрымліваць парадак менавіта на вуліцах ды будынках, яны былі залучаны ў безліч дробна-крымінальных ды бытавых канфліктаў, што аніяк не спрыяла прыязнаму стаўленню насельніцтва. Асабліва – антысацыяльных, маргінальных элементаў ды дробнага вулічнага крыміналу.

Менавіта таму ўжо ў першыя дні Лютаўскай рэвалюцыі гарадавыя сталі першымі ахвярамі “рэвалюцыянераў”, якія распраўляліся з імі як з «ненавіснымі слугамі царскага рэжыму». Асабліва жорсткія расправы пачаліся у ноч з 27-га на 28-га лютага, пасля таго, як 27 лютага з Дзяржаўнай Думы быў атрыманы загад аб арышце «ўсёй паліцыі». Арыштамі займалася новая “народная міліцыя”, наспех сфармованая з рабочых ды салдатаў. Як піша у сваіх мемуарах палкоўнік Віктар Вінберг, “салдаты і рабочыя гойсалі па ўсім горадзе, шукаючы няшчасных гарадавых і акалотачных, выказвалі бурнае захапленне, знайшоўшы новую ахвяру для здаволення сваёй ахвоты нявіннай крыві, і не было здзекаў, абраз і катаванняў, якіх не выпрабавалі б подлыя звяры над сваімі безабароннымі ахвярамі”. Практычна ўсе мемуарысты ды даследчыкі сходзяцца на тым, што ўжо да канца вясны 1917 г. было забіта каля паловы ўсіх службоўцаў паліцыі, большую частку з якіх складалі менавіта гарадавыя ды акалотачныя, як найбольш вядомыя “рэвалюцыянерам”.

C9yo0KTXUAAqZZX

Парадаксальна, але факт: у Менску да рэпрэсій ды па-за судовых распраў з гарадавымі, як і агулам з царскімі паліцэйскімі, найбольш датычная менавіта “народная міліцыя”, якая была створаная ад імя Усерасійскага земскага саюза неўзабаве пасля Лютаўскай рэвалюцыі, а 4 сакавіка 1917 г. яе кіраўніком быў прызначаны бальшавік М. Фрунзе. Сёння гэты дзень урачыста адзначаецца ў РБ як “Дзень беларускай міліцыі”.

Але найбольшыя ды добра арганізаваныя рэпрэсіі распачаліся пасля верасня 1918 году, калі была выдадзена пастанова Саўнаркама “Аб Чырвоным тэроры”. Рэпрэсіям падвяргаліся былыя паліцыянты, жандары, чыноўнікі царскага ўрада, святары, а таксама былыя памешчыкі і прадпрымальнікі. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, можна сказаць, што планавае вынішчэнне чыноў царскай паліцыі працягвалася на тэрыторыі БССР (СССР) увесь час панавання камуністычнага рэжыму. Апошнія больш-менш масавыя арышты былых паліцыянтаў Расійскай імперыі, якім тады было, як мінімум, за 50 гадоў, адбыліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 – 1941 гг.

Такім чынам, “беларуская міліцыя”, якая афіцыйна вядзе сваю гісторыю ад “народнай міліцыі” 1917 г., паставіла помнік не “свайму папярэдніку”, а адной з катэгорый сваіх ахвяр, часам бязвінных, якіх знайшлі спачын у безыменных магілах, у тым ліку – у Курапатах. А іх “ушанаванне” ды бязглуздая “ахова” гэтага помніка ўсё больш і больш нагадваюць блюзнерства рымскіх воінаў над Хрыстом. Блюзнерства, якое, разам з рэпрэсіямі супраць абаронцаў Курапатаў, з невымоўнай сілай раскрывае іх праўдзівую сутнасць.

І апошняе. 28 траўня 2008 г. на Марсавым поле Санкт-Пецярбургу пачалася паніхіда па пахаваных на ім ахвярах доўгу — гарадавых, якія загінулі ў дні рэвалюцыі. Арганізатарам ды ініцыятарам усталявання памятнага крыжа выступіла Міністэрства ўнутраных спраў РФ.

Дык, можа, тым, хто так раўнуе аб тым помніку, варта перанесці яго ў Курапаты ды паставіць побач з адмысловым памінальным крыжам?

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі