Ліквідацыя Архіепархіі расійскіх цэркваў у Заходняй Еўропе. Падставы ды наступствы

Cathedrale-Saint-Alexandre-Nevsky-630x405-C-OTCP-Amelie-Dupont-I-132-22

“З інфармаваных крыніц мы даведаліся, што Святы Сінод Усяленскага Патрыярхату сабраўся на Фанары. Яны вырашылі распусціць Архіепархію Рускіх Праваслаўных Цэркваў у Заходняй Еўропе, адмяніўшы Патрыяршы Томас 1999 года. Афіцыйнае заяву з падрабязнасцямі хутка з’явіцца!” — менавіта гэтакая інфармацыя з’явілася 27 лістапада 2018 г. на сайце “Оrthodoxie”. Праз неразуменне праблемы яна выклікала багата пытанняў ды некампетэнтных  каментароў, таму ў дадзеным артыкуле мы дадзім пэўны аналіз падзей.

Чым жа ёсць (была) Архіепархія рускіх праваслаўных цэркваў у Заходняй Еўропе ды якая яе гісторыя?

У 1919 г. на тэрыторыі, якую на той час кантралявалі “белыя”, было створанае “Часовае Вышэйшая царкоўнае ўпраўленне Паўднёвага Усходу Расіі”. Менавіта яно напярэдадні масавай эміграцыі, 2/15 кастрычніка 1920 года, прызначыла кіраўнікам заходнееўрапейскіх расійскіх парафій архіепіскапа Яўлогія (Георгіеўскага) на правах епархіяльнага архірэя. У далейшым патрыярх Расійскай Праваслаўнай Царквы Ціхан сваімі указамі № 423 і 424 ад 26 сакавіка / 8 красавіка 1921 г. дабраславіў гэтае прызначэнне “часова, да аднаўлення правільных і бесперашкодных зносінаў азначаных цэркваў з Петраградам” (паколькі замежныя прыходы гістарычна знаходзіліся ў падпарадкаванні менавіта гэтай епархіі РПЦ), а 30 студзеня 1922 г. патрыярх Ціхан узвёў архіепіскапа Яўлогія ў сан мітрапаліта.

Аднак пасля прыходу да кіраўніцтва РПЦ МП мітрапаліта Сергія (Старагародскага) ды ягонай вядомай дэкларацыі 1927 г. аб прызнанні савецкай улады пачаліся спробы павярнуць гэтую групу парафій пад амафор Маскоўскага Патрыярхату. Вынікам быў зварот мітрапаліта Яўлогія да Усяленскага Патрыярха Фоція ІІ, які стварыў для іх “Часовы экзархат святога апостальскага і патрыяршага трона Канстанцінопаля ў Заходняй Еўропе”. Затым была насычаная падзеямі гісторыя спроб вярнуцца і вярнуць усю структуру або асобныя прыходы ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату. Былі супрацьстаянні як з МП, так і з РПЦЗ, захопы храмаў ды шматгадовыя судовыя працэсы.

Нават быў момант, калі 22 лістапада 1965 года Канстанцінопальскі Патрыярх Афінагор скасаваў Расійскі Заходне-Еўрапейскі Экзархат, адмовіўся ад сваёй юрысдыкцыі над ім ды дабраславіў яго вярнуцца ва ўлонне Патрыярха Маскоўскага. Скліканы архіепіскапам Георгіем (Тарасавым) епархіяльны сход часова абвясціў былы Экзархат Аўтаномнай Царквой ў Францыі і Заходняй Еўропе з мэтай стварэння ў будучыні Аўтакефальнай Французскай Праваслаўнай Царквы. Аднак праз палітычную прасавецкую дзейнасць Маскоўскага Патрыярхату, якая выклікала актыўную незадаволенасць вернікаў, 2 студзеня 1971 г. Канстанцінопальскі Патрыярхат аднавіў сваю юрысдыкцыю над прыходамі былога Расійскага Заходнееўрапейскага Экзархата, пераўтварыўшы яго ў Рускую Праваслаўную Архіепархію Заходняй Еўропы, а 19 чэрвеня 1999 года Томасам Усяленскага Патрыярха Варфаламея I пацвярджалася знаходжанне Архіепархіі пад амафорам Канстанцінопальскага патрыярха і аднаўляўся яе статус Экзархата.

На сёння у Архіепархіі 65 парафій, 32 грамады, 11 дзеючых цэркваў, 2 манастыры, 7 скітоў — у Францыі (40 парафій), Бельгіі, Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Германіі, Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Італіі ды Іспаніі; клір налічвае больш за 100 святароў і 30 дыяканаў.

Фармаванне Расійскага Заходне-Еўрапейскага Экзархата менавіта расійскімі эмігрантамі ды іх нашчадкамі, якія жадалі знаходзіцца ў кананічнай Царкве, адразу вызначыла яго ідэнтычнасць як імперскага анклава з адпаведнымі традыцыямі ды духоўнымі запатрабаваннямі. Адзінай фактычнай перашкодай пераходу пад амафор Маскоўскага Патрыярхату былі стойкія антыкамуністычныя ды антысавецкія перакананні ягоных вернікаў.

Аднак пасля падзення камунізму ды развалу СССР, нягледзячы на кананічнае падпарадкаванне Канстанцінопалю, святары і вернікі Архіепархіі ўсё больш і больш удаваліся да падтрымкі Маскоўскага Патрыярхату ды Расіі. Так, пасля таго, як у 2003 г. Маскоўскі патрыярх Алексій ІІ звярнуўся “да ўсіх архірэяў і праваслаўных парафій рускай традыцыі ў Заходняй Еўропе з прапановай аб’яднацца ў складзе самакіравальнай мітрапалічай акругі Расійскай Царквы”, 31 сакавіка 2004 група святароў і вернікаў Архіепархіі стварыла арганізацыю «За памеснае праваслаўе рускай традыцыі ў Заходняй Еўропе», мэтаю якой было аб’яднанне з Маскоўскім Патрыярхатам.

Фактычна, за выключэннем уласна галавы “Архіепархіі Рускіх Праваслаўных Цэркваў у Заходняй Еўропе”, архіепіскапа Яна (Рэнето) ды групы святароў і вернікаў не расійскага паходжання, гэтая Архіепархія была “пятай калонай” Масквы ў структуры Усяленскага Патрыярхату. Менавіта таму, як адзначаюць практычна ўсе эксперты, Канстанцінопаль і вырашыў скасаваць гэты расійскі анклаў, перадаўшы ягоныя парафіі сваім адпаведным епархіям у Заходняй Еўропе.

Што гэта будзе азначаць для Канстанцінопаля? У кананічным сэнсе наводзіцца парадак у Заходняй Еўропе, бо існаванне падобнай структуры аніяк не спрыяла нармальнаму духоўна-адміністратыўнаму жыццю існуючых еўрапейскіх епархій, дзе існуюць нацыянальныя парафіі розных народаў, а вылучэнне расіян у асобную архіепархію на сёння выглядае дзіўна. Пры гэтым нават калі частка расійскіх вернікаў і пакіне свае парафіі, гэта будзе некрытычна, бо яны ўсё роўна былі ментальна чужымі ды арыентаваліся на Маскоўскі Патрыярхат. У духоўным плане для парафій нічога не змяняецца, яны застаюцца пад амафорам Усяленскага патрыярхату.

Што гэта азначае для Маскоўскага Патрыярхату? Рэальна губляецца магчымасць гібрыднай вайны супраць Усяленскага Патрыярхату рукамі арганізаванай прарасійскай структуры. Бо, па-першае, расійскія парафіі будуць раскіданыя па розных структурах, а па-другое – свядомая прарасійская група проста пяройдзе ў Маскоўскі Патрыярхат.

У будзь-якім выпадку падобнае адміністратыўнае рашэнне Канстанцінопальскага патрыярха аніяк не ўплывае на глабальныя працэсы Усяленскага Праваслаўя, у тым ліку на наданне Томасу Украінскаму Праваслаўю.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі