Украінскія біскупы перад выпрабаваннем

Украінскія праваслаўныя хрысціяне, перш-наперш епіскапат, стаяць перад выпрабаванем. Пасля пасяджэння 27–29 лістапада Сіноду Канстанцінопальскай Царквы ўжо ад іх залежыць, быць ці не быць аўтакефальнай памеснай Праваслаўнай Царкве ва Ўкраіне.

Перш чым патлумачыць, у чым заключаецца выпрабаванне, мушу адхіліцца трохі ўбок і задаць пытанне: ці ведае хто, як разгортваліся падзеі, хто што гаварыў, хто колькі галасоў набраў падчас выбараў рымскіх біскупаў апошняга часу – Яна ХХІІІ, Паўла VI, Яна Паўла І, Яна Паўла ІІ, Бенедыкта XVI і Францішка? Дык чаму некаторыя дзеячы хочуць ведаць, хто што казаў на апошнім пасяджэнні Сіноду Канстанцінопальскай Царквы? Шырокай публіцы даведзены вынік працы Сіноду: у чаканні патрыяршага і сінадальнага томасу аб аўтакефліі Праваслаўнай Царквы ва Украіне падрыхтавана яе канстытуцыйная хартыя (Constitutional Charter). Па-нашаму гэты дакумент можна назваць устаноўчай граматай, а прасцей – статутам. Без статута не можа быць Царквы, нельга правесці выбары яе прадстаяльніка. І гэты акт павінен прыняць устаноўчы Сабор новай Царквы, а дату Сабору вызначыць Усяленскі Патрыярх Варфаламей.

Падкрэсліваю: Сабор будзе устаноўчы, а не аб’яднаўчы, як пішуць некаторыя аўтары. Устаноўчы таму, што ва Ўкраіне няма каму аб’ядноўвацца. Аб’ядноўвацца могуць толькі кананічныя цэрквы, але з 11 кастрычніка гэтага года ва Ўкраіне (як і Беларусі) няма ніводнай кананічнай царкоўнай структуры, апроч Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Дата ўстаноўчага Сабору пакуль што не названая. Прэзідэнт Пятро Парашэнка сказаў, што Сабор адбудзецца ў сярэдзіне снежня, але Парашэнка – не Варфаламей.

Чаму не названая дата? На гэты конт можна гадаць, але я не памылюся, калі скажу, што справа ў жаданні некаторых украінскіх біскупаў нешта вытаргаваць ва Ўсяленскага Патрыярхату і задаволіць свае амбіцыі. Напрыклад, мы памятаем, як прадстаяльнік Кіеўскага Патрыярхату Філарэт заявіў: я быў, ёсць і буду патрыярхам. Аднак у вачах Канстанцінопаля ён толькі мітрапаліт, бо меў такі сан у той час, як быў архірэем кананічнай Маскоўскай Царквы. А Кіеўскі Патрыярхат – структура некананічная.

Чаму ўстаноўчую грамату (статут) Царквы пісаў Сінод Усяленскага Патрыярхату? Ды таму, што яго выпрацоўка ўкраінскімі біскупамі можа зацягнуцца на няпэўны час. І нельга выключаць, што ўдзельнікі Сабору проста змарнуюць час. Мы ж ведаем пра рознагалоссі паміж тымі, хто служыў ва Украінскай Праваслаўнай Царкве Маскоўскага Патрыярхату, ва Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве і ў Кіеўскім Патрыярхаце.

Галоўнае пытанне: якую форму кіравання для новай Царквы ва Украіне прадугледзеў Сінод Канстанцінопальскай Маці-Царквы у статуце (устаноўчай грамаце)? Формаў кіравання тры: патрыярхія, архібіскупства і мітраполія.

Акрамя таго, у статуце павінна быць прапісана, як будзе фарміравацца Сінод новай Царквы – шляхам выбараў ці ў яго будуць уваходзіць архірэі па пасадзе (ex officio). Пэўна ж, прадугледжаны і такія інстытуты, як Архірэйскі і Памесны Саборы, а таксама перыядчынасць іх склікання.

Не менш важнае пытанне аб міраварэнні: дзе будуць варыць міра – у Кіеве ці ў Канстанцінопалі?

Наступнае пытанне: хто будзе судзіць біскупаў – Сінод або Архірэйскі ці Памесны Сабор у Кіеве ці Сінод у Канстанцінопалі? Ва ўсякім разе у Канстанцінопаля і без таго маецца права разглядаць апеляцыі на рашэнні, прынятыя памеснымі цэрквамі. Гэта ён зняў з таго ж Філарэта анафему, якую наклала на яго Маскоўская Царква.

І яшчэ адно пытанне – назва Царквы. Не можа быць Украінскай Праваслаўнай Царквы, бо ад слова “Украінскай” патыхае ерассю этнафілетызму, г. зн. дзяленнем хрысціян на плямёны і народы. Новая структура павінна называцца Праваслаўнай Царквой ва Украіне, таму што яна будзе аб’ядноўваць праваслаўных хрысціян Украіны незалежна ад іх этнічнай прыналежнасці.

Не апошняе значэнне мае і тытул прадстаяльніка Царквы. Гэта не толькі духоўны сан (патрыярх, архібіскуп, мітрапаліт), але і тое, што ідзе за ім. Скажам, магчымы такі тытул: мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі-Украіны.

Вось асноўныя пытанні, адказ на якія не мог не даць Сінод Канстанцінопальскай Царквы у статуце (устаноўчай грамаце) новай Царквы ва Украіне. Ці трэба іх цяпер публікаваць да ўсеагульнага ведама? Канстанцінопаль палічыў, што не абавязкова. Магчыма, не абавязкова на пэўны час.

Цяпер патрыяршыя экзархі ва Украіне, напэўна, будуць праводзіць канфідэнцыйныя кансультацыі з украінскімі біскупамі. Ад вынікаў гэтых кансультацый залежыць дата пачатку устаноўчага Сабору новай Царквы.

Адзначу: на Сабор запросяць не тыя некананічныя структуры, што існавалі да 11 кастрычніка, а асабіста біскупаў, якіх у гэтым сане прызнае Канстанцінопаль. Прыедуць яны на Сабор ці не – залежыць ад іх жадання. Ужо пішуць, што на Саборы будзе старшыняваць архірэй Усяленскага Патрыярхату. І гэта правільна, старшыняваць павінен нейтральны чалавек.

Сабору належыць прыняць або не прыняць прапанаваны Сінодам Канстанцінопальскай Царквы статут (устаноўчую грамату). І калі ўкраінскія біскупы зацікаўленыя ў стварэнні аўтакефальнай Царквы ў сваёй краіне, ім давядзецца згадзіцца з прапановамі Маці-Царквы. Думаю, што прадстаўнікі Ўсяленскага Патрыярхату прымуць пярэчанні толькі па нейкіх непрынцыповых пытаннях.

Не трэба сумнявацца, што прынцыповыя палажэнні статута Праваслаўнай Царквы ва Украіне зафіксаваны і ў тэксце патрыяршага і сінадальнага томаса пра яе аўтакефалію.

Пасля таго, як будзе прыняты статут новай Царквы, адбудуцца выбары яе прадстаяльніка. Парадак выбару з усёй пэўнасцю прадугледжаны ў статуце. Магчымыя некалькі падыходаў да выбарчай працэдуры. Вылучу два з іх: або прадстаяльнікам становіцца той архірэй, за якога прагаласавалі 2/3 прысутных біскупаў, або Сабор вылучае 4 кандыдатаў, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, і гэтыя кандыдаты цягнуць лёс (жэрабя).

Хто будзе прадстаяльнікам новай Царквы? Не ў інтарэсах Канстанцінопаля, каб новую Царкву ўзначальвалі людзі, якія да 11 кастрычніка знаходзіліся ў расколе. І самой новай Царкве лепш пазбегнуць дакораў, што яе ўзначальвае былы раскольнік. Таму больш імаверна, што Сабору будуць прапанаваныя кандыдатуры архірэяў або Канстанцінопальскага Патрыярхату (у ім служаць 10 біскупаў-украінцаў), або Маскоўскага Патрыярхату (Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату для Канстанцінопаля не існуе).

Толькі пасля прыняцця статута новай памеснай Царквы і абрання яе прадстаяльніка (патрыярха, архібіскупа ці мітрапаліта) можна атрымаць томас аб аўтакефаліі. Прадстаяльнік атрымае гэты томас з рук Усяленскага Патрыярха. І хутчэй за ўсё яму давядзецца накіравацца на Фанар – раён Стамбула, у якім знаходзяцца рэзідэнцыя Варфаламея і сабор святога Георгія. Атрымаўшы томас, прадстаяльнік адслужыць разам Усяленскім Патрыярхам Боскую літургію, і такім чынам будзе сцверджана, што ў сям’і памесных цэркваў з’явілася Праваслаўная Царква ва Украіне. Тыя ж праваслаўныя архірэі і святары, якія не далучацца да новай памеснай Царквы, будуць для Ўсяленскага Пасаду раскольнікамі, а іх структуры – самачыннымі сходамі.

Дзясяткі ўкраінскіх біскупаў самі папрасілі Ўсяленскага Патрыярха Варфаламея даць аўтакефалію Царкве ва Ўкраіне. І Канстанцінопаль гатовы даць ім тое, што яны просяць. Але дыктаваць свае ўмовы Маці-Царкве, патрабаваць ад яе задавальнення сваіх амбіцый яны не могуць. Цяпер яны стаяць перад выпрабаваннем: што важней – уласныя амбіцыі ці памесная аўтакефальная Праваслаўная Царква ва Ўкраіне?

 

Анатоль Сідарэвіч.

4 снежня 2018 г.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі