Чытач: Дзмітрыя Бондара не ўзялі ў семінарыю з-за БРСМ

Бондарь

Затрыманага старакаталіцкага святара з Ліды Дзмітрыя Бондара не прынялі ў каталіцкую семінарыю праз яго сяброўства ў БРСМ – ён быў другім сакратаром. Пра гэта Krynica.info па тэлефоне паведаміла дзеля большай аб’ектыўнасці яго знаёмая, якая не назвала свайго імя, але паведаміла, што раней працавала разам з ім.

“Каталіцкі Касцёл катэгарычна не даў ніякіх рэкамендацый. Для іх, што БРСМ, што камсамол – гэта адно і тое ж”, – сказала яна.

Пасля БРСМ, адзначыла суразмоўца, Дзмітрый Бондар узначаліў мясцовы кінатэатр і ператварыў “страшны, гнілы, забіты будынак, якога ганак ніхто не пераступаў”, у “разынку”.

“Працаваў суткамі. Зэканоміў мільёны бюджэтных грошаў. Чалавек з кінатэатра не вылазіў, запусціў 3D, зрабіў шыкоўны рамонт. Так, кожны год ездзіў адпачываць і браў два адгулы да адпачынку з ведаму выканкаму. Заводзіцца крымінальная справа, чалавека лічаць злачынцам за дзевяць няправільна аформленых адгулаў за пяць гадоў і прысуджаюць да 300 базавых штрафу”, – распавяла яна дэталі першай крымінальнай справы святара.

Паводле яе, “беларускае гестапа так здзекуецца з таленавітых кіраўнікоў”.

Зараз, распавяла жанчына, Дзмітрыю Бондару прад’яўлена абвінавачванне па ч. 1 арт. 157 КК Беларусі (Свядомае пастаўленне іншай асобы ў небяспеку заражэння вірусам імунадэфіцыту чалавека). І, кажа яна, хоць у Беларусі 25 тыс. ВІЧ-інфіцыраваных людзей, менавіта яго затрымліваў “АМАП з сабакамі”, а пасля шукаў “па ўсёй краіне палавых партнёраў”. “Для чаго гэта робіцца?” – задалася пытаннем суразмоўніца.

Як паведамляла Krynica.info, Дзмітрый Бондар быў затрыманы ў сярэдзіне кастрычніка. «Гэты чалавек затрыманы па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, непасрэдным аб’ектам злачыннага замаху у якім з’яўляюцца здароўе і жыццё чалавека. Узбуджаная крымінальная справа. У цяперашні час выяўлена некалькі эпізодаў злачыннай дзейнасці мужчыны. Следствам падазраванаму прад’яўлена абвінавачванне. Пракурорам санкцыянавана прымяненне меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Пацярпелымі прызнаныя тры чалавекі», — адзначыла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

У мінулым годзе ён прыцягваўся па ч.1 арт. 427 КК (службовы падлог) і быў асуджаны да штрафу.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі