Томас. Самагубства Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне

ануфры

Пасля дэмаршу Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне (далей — МПУ), калі яго архірэі адмовіліся сустракацца з Прэзідэнтам Украіны, многія аналітыкі паспрабавалі і паспрабуюць адказаць на пытанне “Чаму?». Бо, на іх думку, такі паводзіны алагічныя і незразумелыя. Сапраўды, падзея выклікае вельмі шмат пытанняў, калі яе разглядаць асобна ад усяго комплексу дзеянняў, якія здзейсніў МПУ на працягу апошніх 4-5 гадоў. Але менавіта ў гэтых дзеяннях “схаваная” логіка ўсяго таго, што сёння адбываецца з гэтай рэлігійнай групай — свядомае ажыццяўленне ўласнага самагубства. Таму ў гэтым артыкуле мы паспрабуем аднавіць хаду падзей і, уласна, прааналізаваць логіку гэтага працэсу самазнішчэння.

На нашу думку, працэс самазнішчэння быў запушчаны яшчэ ў далёкім 1992 годзе, калі практычна ўсе архірэі Украінскага Экзархата РПЦ адмовіліся ад курса на аўтакефалію ды пагадзіліся на вельмі сумнеўны статус «самакіравальнай» «Украінскай Праваслаўнай Царквы» (далей — УПЦ), бо падобнага статусу Усяленскае Праваслаўе не ведае, тут ёсць толькі памесныя або аўтаномныя праваслаўныя царквы. Рэальна УПЦ засталася ранейшым экзархатам з трохі большымі правамі, бо рашэнні сінода, архірэйскага або памеснага сабора РПЦ, былі для яе абавязковымі. Менавіта таму, выконваючы загады Масквы, кіраўніцтва МПУ (УПЦ), замест дыялогу з новаўтворанымі Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквой і Кіеўскім Патрыярхатам, што было цалкам лагічна ва ўкраінскіх рэаліях, пайшло па шляху жорсткай канфрантацыі. Апагеем падобнага згубнага падыходу была не толькі адкрыта палітычная анафема, накладзеная на Свяцейшага Патрыярха Філарэта ў 1997 годзе, але і антыкананічнае непрызнанне хрышчэння (як і ўсіх іншых Таямніц), здзейсненага ў Кіеўскім Патрыярхаце або УАПЦ. Асабліва цікава, што канфрантацыя, якую распальваў Маскоўскі Патрыярхат, адбывалася на фоне імклівага інтэнсіўнага росту рэальных парафій Кіеўскага Патрыярхату ды павелічэння колькасці ягоных вернікаў, а таксама шматразовых спробаў УПЦ КП (і УАПЦ) пачаць дыялог з МПУ.

Праз  адсутнасць відавочных міждзяржаўных абвастрэнняў, кіраўніку МПУ, нябожчыку мітрапаліту Уладзіміру (Сабадану), некаторы час неяк атрымоўвалася затармазіць працэс самагубства сваёй рэлігійнай структуры, зрабіць яго несістэмным, мазаічным. Пад яго ўплывам, нават адкрытаму украінафобу ды прыхільніку «рускага свету», мітрапаліту Антонію (Паканічу), атрымоўвалася насіць маску «дэмакрата і ліберала». Аднак кіраўніцтва Маскоўскага Патрыярхату (далей МП) рабіла ўсё магчымае, каб нівеляваць гэтыя слабыя парасткі здаровага сэнсу. Тут варта ўспомніць адхіленне ад кіруючай пасады ў МПУ архімандрыта Кірыла (Гаваруна), які быў паслядоўным прыхільнікам дыялогу, ліквідацыю працэсу перамоў з УПЦ КП, які пачаўся ў 2004, а таксама паслядоўнае ганенне і спробы адхілення ад усіх пасад мітрапаліта Аляксандра Драбінкі… Акрамя таго, МП пад рознымі падставамі напаўняла МПУ сваімі прарасійскімі кадрамі і песціла падобныя настроі досыць вялікай часткі свайго епіскапату і святарства ва Украіне. Увогуле, не ўдаючыся ў дэталі, трэба прызнаць, што яшчэ задоўга да адкрытага канфлікту паміж Расіяй і Украінай МП адкрыта ігнаравала запатрабавання большасці ўкраінскага грамадства ў міжюрысдыкцыйным  дыялогу, накіроўваючы МПУ на шлях канфрантацыі ды адасобленасці.

Каталізатарам і лакмусам працэсаў распаду, якія адбываюцца ў МПУ зрабіліся падзеі 2014, калі Расійская Федэрацыя анексавала Крым і пачала вайну на Данбасе. Менавіта гэтыя падзеі зрабіліся “скрыжаваннем” для “ўкраінскай” структуры Маскоўскага Патрыярхату, бо перад ёй паўстала праблема выбару: або, спасылаючыся на сваю «самастойнасць ва ўпраўленні», заняць патрыятычную дзяржаўную пазіцыю; або адкрыта выказаць сваю падтрымку расійскай агрэсіі.

Тут варта адзначыць, што вясной 2014, пачалася імклівая палярызацыя ўкраінскага грамадства, калі большая частка выявіла відавочныя праўкраінскія патрыятычныя і дзяржаўныя настроі. Праз дзеі кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ды іх адкрытую падтрымку з боку Маскоўскага патрыярха Кірыла, давер і пазітыўнае стаўленне да Маскоўскага Патрыярхату пачалі імкліва падаць. Паколькі гэты працэс паказваў прагрэсіўную дынаміку, нават некаторыя расійскія царкоўныя аналітыкі прапаноўвалі МПУ заняць пазіцыю свяціцеля Мікалая Японскага ў часе Руска-японскай вайны 1904 — 1905 гг. Калі ён застаўся са сваёй паствай у Японіі, аднак у грамадскіх богаслужэннях удзелу не прымаў, але заклікаў сваю японскую паству “выканаць свой абавязак у дачыненні да сваёй Радзімы (Японіі — аўт.)”. Такім чынам, прарасійскім архірэям і святарам было «прапанавана»: або з’ехаць у Расію, ці адысці ад публічнага служэння. Гэта, на думку тых жа экспертаў, дазволіла б захаваць пэўны давер да МПУ (УПЦ) у дастаткова шырокіх слаях ўкраінскага грамадства …

Аднак неўзабаве пасля смерці мітрапаліта Уладзіміра Сабадана (+05.07.2014) МПУ канчаткова ўстала на прарасійскі шлях. Кіраўніком гэтай царкоўнай інстытуцыі быў абраны прыхільнік «рускага свету» мітрапаліт Ануфрый (Беразоўскі), а кіруючыя органы былі пазбаўленыя нават дэкаратыўнай прысутнасці дэмакратычнага элемента. У прыватнасці без якіх-небудзь пасад, якія маглі ўплываць на царкоўную палітыку і медыя, застаўся мітрапаліт Аляксандр Драбінка і шматгадовы прэс-сакратар МПУ, прот. Георгій Каваленка. Таксама ў меншай ці большай ступені пацярпелі і некаторыя праўкраінскія святары, асабліва тыя, якія былі публічнымі асобамі (пераважная большасць з-за нязгоды з дзейнасцю МПУ перайшла ў УПЦ КП ці УАПЦ).

Калі мы прааналізуем палітыку і заявы кіраўніцтва МПВУ пасля лета 2014, то ўбачым, што ўсе яны адлюстроўваюць погляды вельмі невялікай і найбольш расійска-кансерватыўнай праслойкі грамадства. Пры гэтым цалкам ігнаруюцца патрэбы большасці праваслаўных ўкраінцаў адносна патрыятычнай пазіцыі ды адзінства праваслаўя, якія, згодна практычна ўсім сацыялагічным дадзеным, устойліва растуць ад 2014 г. і да сённяшняга дня. Натуральна, што такя пазіцыя выклікала не толькі сыход вялікай колькасці вернікаў (сёння колькасць праваслаўных, якія прызнаюць сябе вернымі МПУ, значна прайграе адпаведнай колькасці вернікаў Кіеўскага Патрыярхату), а і выклікала ланцуговую рэакцыю публічных скандалаў, дзе фігурантамі былі менавіта архірэі і клірыкі гэтай юрысдыкцыі. Пры гэтым, паводле нашага маніторынгу, колькасць падобных выпадкаў за перыяд 2014 — восені 2018, перавышае аналагічныя паказальнік 2000–2014 гг. Акрамя таго, МПУ сістэмна правакавалі ўкраінскае грамадства рознымі «хроснымі хадамі», «малітоўнымі стаяннямі» і г.д., акцыямі пад прарасійскімі і антыўкраінскімі лозунгамі. Але гэтага кіраўніцтву МПУ было відавочна недастаткова, таму некаторыя яго архірэі паслядоўна выступаюць з адкрыта антыдзяржаўнымі заклікамі. Тут варта ўспомніць выказванне найбольш адыёзных асобаў: “намесніка Кіева-Пячэрскай лаўры”, мітрапаліта Паўла (Лебедзя) і епіскапа Логіна (Жара), якія замест асуджэння за “палітычнае праваслаўе” атрымліваюць ўсебаковую маральную падтрымку кіраўніка МПУ мітрапаліта Ануфрыя.

Акрамя таго, яшчэ задоўга да таго, як Маскоўскі Патрыярхат разарваў зносіны з Канстанцінопальскім Патрыярхатам, у МПУ знаходзіліся ці ледзь не самыя буйныя асяродкі крытыкі дзеянняў ды палітыкі Усяленскага патрыярха Варфаламея.

Так, калі мы звернемся да таго “багаслоўя”, якое зыходзіла з Кіева-Пячэрскай, Пачаеўскай, Данецкай Свята-Горскай лаўр і Узнясенскага Банчанскага мужчынскага манастыра, як мінімум, 2000-2016 гг., дык убачым здзеклівую крытыку рэлігійнага курсу і дзеянняў Усяленскага Патрыярхату менавіта з пазіцый крайняга расійскага праваслаўнага кансерватызму, а эпітэты, якімі гэтыя прадстаўнікі МПУ «ўзнагароджвалі» Патрыярха Варфаламея, былі аналагічныя тым, якія сёння гучаць з вуснаў кіраўнікоў Маскоўскага Патрыярхату. Вельмі істотна, што ці ледзь не самым крытыкам быў намеснік Банчанскага манастыра, епіскап Логін (Жар), бо гэта адбывалася ў епархіі, якой да лета 2014 г. кіраваў цяперашні кіраўнік МПУ мітрапаліт Ануфрый (Беразоўскі). У сваім расійскім кансерватызме ды беспакаранасці з боку кіраўніцтва МПУ епіскапЛогін дайшоў нават да непамінання патрыярха Кірыла з-за яго сустрэча з папам Францішкам (у чым пасля пакаяўся ў Маскве). А жорсткія заявы аб немагчымасці ўдзелу і ўжо папярэднім непрыняцці рашэнняў Усеправаслаўнага сабору агучваліся ў МПУ задоўга да таго, як сінод Маскоўскага Патрыярхату прыняў рашэнне аб яго ігнараванні.

Такім чынам, як мы бачым з вышэй выкладзенага, МПУ як мінімум з лета 2014 г. не проста ішло ў фарватары царкоўнай палітыкі Маскоўскага Патрыярхату, а нават была наперадзе яго ў плане распаўсюджвання рускага кансерватыўнага мыслення. Пры гэтым, па нашым меркаванні, усе дзеянні МПУ ўклаліся ў вельмі сістэмны ланцуг: прыход да ўлады прарасійскіх кансерватараў — максімальнае абвастрэнне адносін з УПЦ КП і УАПЦ (тут найбольш паказальнае непрызнанне хрышчэння, здзейсненага “раскольнікамі” (хоць, згодна праваслаўным канонам, ахрысціць мае права нават свецкі чалавек, святар толькі дапаўняе падобнае хрышчэнне. Сам Маскоўскі Патрыярхат прызнае хрышчэнне нават каталікоў ды пратэстантаў); прынцыповае ігнараванне патрэбы грамадства на адзінства і дыялог — правакаванне грамадства пэўнымі заявамі і дзеяннямі… Нядзіўна, што ўсе сацыялагічныя апытанні паказваюць устойлівую дынаміку скочвання МПУ на ўзбочыну, паступовае ператварэнне яе выключна на “царкву прарасійскай меншасці”. Менавіта ў такім стане знаходзілася МПУ, калі прэзідэнт і дзяржаўныя інстытуты падтрымалі імкненне большасці праваслаўных вернікаў ва Украіне вылечыць рану падзелу шляхам атрымання Томасу аб аўтакефаліі з рук Канстанцінопальскага Патрыярха.

Натуральна, што ніхто не чакаў, што сучаснае кіраўніцтва МПУ падтрымае працэс стварэння адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Аднак, як адзначае большасць аналітыкаў, было б цалкам лагічна, калі б яны актыўна ўключыліся ў дыскусійны працэс ды хоць бы паспрабавала данесці сваю пазіцыю як уласным верным, так і ўладзе ды грамадству. Але, на нашу думку, гэтакія паводзіны відавочна бы “выпадалі” з абранай імі прарасійскай пазіцыі і сістэмнай палітыкі варожасці да ўсяго ўкраінскага. Менавіта таму быў абраны шлях безумоўнай падтрымкі маскоўскай пазіцыі, як у пытанні надання Томасу аб аўтакефаліі, так і аддзялення ад Канстанцінопальскага Патрыярхату ды наогул большасці Усяленскага Праваслаўя. Бо, нягледзячы на заклік Маскоўскага Патрыярхату, нават яго саюзнікі не разарвалі еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім Патрыярхам. Пры гэтым своеасаблівай “кропкай незвароту”, цалкам сістэмнай, на шляху да самагубства стаў дэмарш архірэяў МПУ ў адносінах да прэзідэнта Украіны, здзейснены 13 лістапада 2018 г.

Увогуле, калі аналізаваць новую рэлігійную гісторыю Украіны (і Расіі), у сустрэчы прэзідэнта з архірэямі любой юрысдыкцыі няма нічога незвычайнага. Так, 15 кастрычніка 2018, адбылася сустрэча членаў Святога Сінода РПЦ з прэзідэнтам Беларусі А. Лукашэнкам. Пры гэтым ні адзін архірэй Маскоўскага Патрыярхату не абурыўся, што гэтая сустрэча адбывалася “на тэрыторыі прэзідэнта” — у яго мінскай рэзідэнцыі. Пры гэтым варта ўлічваць^ у Беларусі дзейнічае толькі экзархат РПЦ, а з яго «беларускага» епіскапату толькі мітрапаліт-экзарх Павел (Панамароў) з’яўляецца членам сіноду.

Таму ўяўляецца вельмі дзіўным, што практычна ўсе архірэі МПУ (УПЦ), якія з’яўляюцца грамадзянамі Украіны ды служаць на яе тэрыторыі, не проста праігнаравалі запрашэнне прэзідэнта, а таксама пачалі ставіць свае ўмовы для сустрэчы. Тым больш, што, па-першае, яны самі раней увесь час гаварылі пра “нежаданне прэзідэнта выслухаць іх меркаванне”; па-другое — ніхто не збіраўся іх прымушаць да нейкіх дзеянняў у падтрымку аўтакефаліі. Дык што ж на самай справе адбылося?

Некаторыя аналітыкі вылучаюць гіпотэзу, што кіраўнікі МПУ, найперш мітрапаліты Ануфрый (Беразоўскі) і Антоній (Паканіч), баяліся шчырай размовы «сваіх архірэяў» з прэзідэнтам Украіны, бо «ён мог іх пераканаць прыняць удзел у стварэнні адзінай Памеснай Царквы». Сапраўды, гэта сцвярджэнне не пазбаўленае сэнсу, бо пад уплывам аргументаў прэзідэнта магла паўстаць ўнутраная дыскусія архірэяў МПУ, якая пахіснула б тэзіс яе кіраўнікоў пра «адзінае меркаванне епіскапату па пытанні аўтакефаліі». Аднак ёсць і пэўныя бясспрэчныя аргументы, якія могуць паставіць гэтую гіпотэзу пад сумнеў:

— Дыскусія, наколькі гэта прасачылася ў СМІ, паўстала і без прысутнасці прэзідэнта, падчас закрытага архірэйскага сабора МПУ. А тры архірэі, нягледзячы на пазіцыю мітрапаліта Ануфрыя, усё ж сустрэліся з прэзідэнтам Украіны.

— антыаўтакефальная і антыканстанцінопальская аргументацыя як МПУ, так і Маскоўскага Патрыярхату ў цэлым добра вядомая. Таксама добра вядомыя аргументы на карысць аўтакефаліі украінскага праваслаўя, якую неаднаразова агучвалі прадстаўнікі ўкраінскай улады і, перш за ўсё, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. Таму б нічога прынцыпова новага на гэтай сустрэчы, як для прэзідэнта, так і для архірэяў МПУ не прагучала.

— Палярызацыя поглядаў архірэяў МПУ (УПЦ) на аўтакефалію і стварэнне адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне вядомая. Таму нічога не перашкаджае прэзідэнту Украіны, прадстаўнікам яго адміністрацыі прыватна працаваць з паасобнымі прадстаўнікамі епіскапату МПУ. Пры гэтым гэтакія перамовы могуць (і, хутчэй за ўсё, адбываюцца) па-за вядомасцю мітрапаліта Ануфрыя (Беразоўскага) і іншых прарасійскіх кіраўнікоў МПУ.

Такім чынам, па нашым меркаванні, дэмарш МПУ (УПЦ) 13 лістапада 2018 г. быў сістэмнай складовай часткай плана Маскоўскага Патрыярхату (і, уласна, кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі) па пераўтварэнні гэтай структуры на надзейную прарасійскую “пятую калону” ва Украіне. Гэты план, хутчэй за ўсё, быў прыняты ў Маскве яшчэ ў 2014 г., калі там убачылі патрыятычны ўздым украінцаў, у тым ліку, «рускамоўных», на якіх Расія мела надзею, як на сваіх патэнцыйных саюзнікаў. Такім чынам, МПУ праз загады кіраўніцтва Маскоўскага Патрыярхату (чытай — Расійскай Федэрацыі), пачынаючы ад 2014 г., паслядоўна ды сістэмна паспрабуе пазбавіцца ўсяго, што можа перашкодзіць ёй быць верным саюзнікам Крамля ва Украіне. Нават барацьба за храмы ідзе не праз страх страціць вернікаў, а выключна праз жаданне пакінуць сабе ва ўласнасці (карыстанні) ліквідную і прыбытковую нерухомасць ва Украіне.

Нам могуць запярэчыць: а чаму самагубства (самазнішчэнне), калі архірэйскі сабор МПУ ды яе епархіяльныя сходы выказваюць падтрымку менавіта палітыцы і курсу Маскоўскага Патрыярхату?

Па нашым меркаванні, “агульная падтрымка рашэнняў і курсу Маскоўскага Патрыярхату” перш за ўсё абумоўлена “пераходным станам” Украінскага Праваслаўя. Бо пакуль невядомая ні структура новай Памеснае Царквы, ні яе статут, ні размеркаванне епархій. Акрамя таго, ні архірэям, ні святарам МПУ пакуль проста няма куды пераходзіць, бо новая аб’яднаная кананічная Праваслаўная Царква паўстане толькі пасля аб’яднальнага сабора 15 снежня 2018 г. Акрамя таго, шмат хто ў МПУ перад тым, як зрабіць пэўныя крокі, хоча ўбачыць трываласць і адзінства новай структуры. Таму не выключана, што працэс перацякання большасці архірэяў і святароў МПУ ў новую памесную Праваслаўную Царкву ў Украіне можа заняць некалькі гадоў.

Супрацьпастаўляючы сябе большасці ўкраінскага грамадства, пазбаўленая “эксклюзіўнай кананічнасці”, МПУ паступова, але вельмі ўпэўнена, скочваецца на ўзровень “духоўна-палітычнага забеспячэння” прарасійскай меншасці ва Украіне. Але гэта меншасць з кожным антыўкраінскім крокам Расіі рэальна пазбаўляецца сваіх адэптаў. Мяжа электаральных сімпатый былой «Партыі рэгіёнаў», прадстаўнікі якой безумоўна падтрымліваюць МПУ, усё больш і больш адкочваецца на ўсход, змяншаючыся ў геаметрычнай прагрэсіі. Акрамя таго, нават апазіцыйна настроеныя да цяперашняй улады палітыкі, якія дэкларуюць свой “Украінскі спектр”, ніколі не будуць ігнараваць электаральнымі сімпатыямі большасці, якая падтрымлівае паўстанне адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне.

Да гэтага варта дадаць і апошнюю заяву Канстанцінопальскага патрыярхату, якая паказвае, што пасля аб’яднальнага сабора і паўстання Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне, кіраўнік МПУ мітрапаліт Ануфрый (Беразоўскі) будзе кананічна пазбаўлены тытула “Кіеўскага мітрапаліта”. Таму рэальна выказаць гіпотэзу, што й іншыя архірэі МПУ пасля Томасу будуць пазбаўленыя сваіх тытулаў, якія капіююць тытулы кананічных архірэяў новай аўтакефальнай Царквы. Акрамя таго, іх дзейнасць на тэрыторыі іншай Памеснай Царквы будзе незаконнай, што, у сваю чаргу, прадбачвае кананічныя санкцыі з боку Усяленскага Праваслаўя, якія безумоўна будуць ініцыяваныя Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне і падтрыманыя Канстанцінопальскім Патрыярхатам.

Такім чынам, што ж чакае МПвУ у будучым?

Гэта будзе структура Маскоўскага Патрыярхату, якая незаконна знаходзіцца на чужой кананічнай тэрыторыі. Тытулы яе архірэяў не прызнаюцца, як мінімум, большасцю Усяленскага Праваслаўя, таму яны знаходзяцца ў стане абструкцыі (раскольнікаў), з імі не будуць служыць архірэі іншых юрысдыкцый (Маскоўскі Патрыярхат не лічым). Паства будзе пастаянна змяншацца, бо нават апошнія гады паказалі памяншэнне прарасійскіх настрояў ва Украіне. На гэтым фоне МПУ будуць пакідаць святары, перш за ўсё парафіяльныя, таксама і частка архірэяў. Не будзе ў баку і Расія, якая прыме да сябе найбольш «перспектыўных» архірэяў і святароў, а частку найбольш «бела-імперскіх» перацягне да сябе РПЦЗ… Таксама, калі праваслаўныя ўкраінцы пачнуць «галасаваць нагамі», ды праз юрыдычныя моманты, раней ці пазней, МПУ будзе вымушаная сысці з Кіева-Пячэрскай і Пачаеўскай лаўры, большасці гістарычных храмаў. Можна прагназаваць, што далейшы лёс МПУ — гэта маргінальная, цалкам ізаляваная ад Усяленскага Праваслаўя структура, будзе нават нябачная на рэлігійнай карце Украіны, яе чакае знікненне. Гэта будзе лагічны вынік той сістэмнай палітыкі самагубства, якая была запушчана МПУ з падачы Масквы.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі