Памылка мітрапаліта Кіеўскага

thumbnail-tw-20181216145233-4489

Я глядзеў першую службу прадстаяльніка Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне (ПЦУ), мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Епіфанія, у запісе. Цікава было, ці ўжо лічыць ён сябе “калегам” прадстальнікаў іншых памесных цэркваў. І калі на Вялікім уваходзе Епіфаній памінаў прадстаяльнікаў іншых цэркваў, я гэты эпізод пракруціў яшчэ раз, бо з першага разу не пачуў імя Кірыла Маскоўскага.

Памылкі не было: малады (39-гадовы) і толькі ўчора абраны прадстаяльнік новай аўтакефальнай Царквы вырашыў (сам ці з падказкі іншых уладыкаў) не памінаць варожа настроенага галаву Маскоўскай Царквы. Я пазваніў аднаму праваслаўнаму беларусу, спачувальніку ўкраінскай аўтакефаліі, і сказаў, што памянуць Кірыла трэба было.

Памянуць Кірыла трэба было хоць бы таму, што не ўсе вернікі Маскоўскай Царквы як у самой Расіі, так і ў іншых поставецкіх дзяржавах варожа настаўленыя да Украіны і аўтакефаліі ПЦУ. Памянуць Кірыла трэба было і таму, што сам Ісус Хрыстос вучыў любіць ворагаў і бласлаўляць тых, хто кляне цябе. Гэта якраз той выпадак, калі трэба быць вышэй за крыўды і паказваць: вось яны плявузгаюць на нас, яны не жадаюць нам дабра, але мы молімся за іх. У такім разе новая Царква і яе прадстаяльнік будуць не толькі паказваць вернасць запаветам Ісуса з Назарэта, але і маральна стаяць вышэй за Кірыла і тых, хто яго падтрымлівае ва ўкраінскім пытанні.

У якасці ж пастскрыптума дадам, што з учарашняга дня кіраўнік украінскай філіі Маскоўскай Царквы Ануфрый (Беразоўскі) страціў тытул мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны, бо, як прадпісаюць каноны, у адным горадзе не можа быць двух біскупаў. Для Канстанцінопаля з суботы 15 снежня ў Кіеве ёсць толькі мітрапаліт Епіфаній.

Анатоль Сідарэвіч

16 снежня 2018 г.

Фота Liga.net

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі