Кіеўскі аб’яднаўчы Праваслаўны сабор 2018 года. Спроба сістэмнага аналізу

021250cd649e31582d664e124f18eb0f_1544889362_extra_large

У суботу, 15 снежня 2018 г., адбыўся Кіеўскі аб’яднаўчы Праваслаўны сабор, на якім была створаная адзіная аўтакефальная Праваслаўная Царква в Украіне ды абраны яе Прадстаяцель. Ужо вечарам таго ж дня Усяленскі патрыярх Варфаламей надаў сваё дабраслаўленне новаабранаму мітрапаліту Кіеўскаму, Галіцкаму і ўсяе Украіны Епіфанію, а ў нядзелю, 16 снежня, Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы Украіны паміналі сярод іншых кіраўнікоў аўтакефальных праваслаўных Цэркваў падчас літургіі ў Канстанцінопалі. Такім чынам, было завершана кананічнае афармленне новай Памеснай Царквы ды прыпыненае шматгадовае раздзяленне Украінскага Праваслаўя. Гэтая, без перабольшання, эпахальная падзея прывярнула ўвагу практычна ўсяго грамадства не толькі ва Украіне, але і па-за яе межамі, парадзіла багата домыслаў ды інсінуацый. Таму ў гэтым артыкуле мы паспрабуем як прааналізаваць падзеі, якія папярэднічалі сабору, так і даць пэўны аналіз яго правядзенню ды рашэнням.

Падрыхтоўка сабору

Яшчэ задоўга да фармальнага пачатку працэсу атрымання падзеленым украінскім праваслаўем аўтакефальнага статусу ад Канстанцінопаля ўсе выдатна разумелі патрэбу аб’яднання як мінімум двух ягоных галін: Кіеўскага Патрыярхату (далей – УПЦ КП) ды Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (далей – УАПЦ). Тым больш, што ніякіх дагматычных, абрадавых або ідэалагічных перапонаў для гэтага акту не існавала. Не ўдаючыся ў гісторыю, можна канстатаваць, што да апошняга Кіеўскага сабору т.зв. “чалавечы фактар” традыцыйна зрываў усе спробы дамовіцца. Аднак пасля таго, як подпісы ўсіх архірэяў УПЦ КП ды УАПЦ былі пастаўлены пад зваротам да Канстанцінопальскага патрыярха аб наданні памеснага статусу, пытанне аб’яднаўчага сабору зрабілася ключавым. Пры гэтым кожны бок меў аб ім сваё ўяўленне.

Погляд на правядзенне сабору

УПЦ КП бачыла такі сабор выключна архірэйскім, на якім права голасу мелі толькі ўкраінскія епіскапы, што падпісалі зварот да Усяленскага Патрыярха. Пры гэтым архірэі Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне (далей МПУ), якія не паставілі свае подпісы пад зваротам, потым маглі падаць заяву аб далучэнні да новаўтворанай Царквы. Таксама УПЦ КП настойвала на адкрытым галасаванні за кандыдатаў на пасаду Прадстаяцеля.

Натуральна, што колькасная перавага епіскапату УПЦ КП дэ-факта рабіла такі “аб’яднаўчы сабор” фармальнасцю, а ўдзельнікаў з боку УАПЦ і, пры наяўнасці падпісантаў, МПУ – статыстамі, бо прадстаўнікі УПЦ КП без праблем працягнулі любое патрэбнае ім рашэнне. Акрамя таго, на думку некаторых экспертаў, УПЦ КП у пэўнай меры баялася прыходу на аб’яднаўчы сабор вялікай колькасці архірэяў МПУ, што магло адразу падарваць колькасную манаполію Кіеўскага Патрыярхату пры галасаванні, найперш – выбары Прадстаяцеля.

Агулам ад самага пачатку працэсу УПЦ КП не прыхоўвала свае прэтэнзіі на дамінуючую ролю, абумоўліваючы іх колькасцю епархій (адпаведна – колькасцю кіруючых ды вікарных архірэяў), манастыроў, навучальных устаноў ды парафій. Таксама адзначаўся ўзровень даверу грамадства да Кіеўскага Патрыярхату і г.д.

УАПЦ хоць афіцыйна і не выказвала сваёй пазіцыі, аднак увесь час спасылалася на чаканне рашэння Канстанцінопальскага патрыярхату ды вуснамі сваіх скіпераў настойвала “на форме аб’яднання, а не паглынання або прыяднання”. Таксама прадстаўнікамі УАПЦ актыўна вылучалася ідэя правядзення сабору менавіта не ў архірэйскім, а ў памесным фармаце; распрацоўцы новага Статуту менавіта ў часе падрыхтоўчага працэсу ды ўключэнне да яго абгаворвання зацікаўленых прадстаўнікоў МПУ.

Пры гэтым у працэсе публічных выступаў ды абмеркавання ў сацыяльных сетках архірэі ды спікеры УАПЦ, калі ім казалі аб нязначнай колькасці рэальных парафій ды вернікаў, адкрыта намякалі на “залатую акцыю” сваёй Царквы ў аб’яднаўчым працэсе.

МПУ, хоць яго кіраўніцтва сістэмна крочыла ў рэчышчы палітыкі Масквы адносна надання аўтакефаліі ўкраінскаму праваслаўю, вуснамі сваіх паасобных прадстаўнікоў падтрымліваў ідэю менавіта статусу памеснага сабора пад эгідай Канстанцінопальскага патрыярхату, а таксама адкідаў магчымасць фактычнага прыяднання да УПЦ КП. Цікавай асаблівасцю “ўдзелу” МПУ ў працэсе было тое, што толькі адзін архірэй, мітрапаліт Аляксандр Драбінка, не прыхоўваў сваёй афіцыйнай падтрымкі працэсу надання аўтакефаліі.

Канстанцінопальскі патрыярхат, увесь час адзначаючы неабходнасць правядзення аб’яднаўчага сабору, як адной з галоўных умоў надання томасу аб аўтакефаліі, практычна да канца лістапада не рабіў ніякіх заяў адносна фармату будучага сабору. Нават калі ў Кіеў прыбылі ягоныя экзархі менавіта для яго падрыхтоўкі, ніякіх адкрытых, а тым больш афіцыйных прапазіцый, яны не выказалі. Аднак ужо ў канцы лістапада ў досыць дэкларатыўнай форме, як рашэнне Свяшчэннага Сіноду Канстанцінопальскага Патрыярхату, да ўкраінскіх архірэяў былі даведзены не толькі ўмовы правядзення аб’яднаўчага сабору, а і праект Статуту новай Памеснай Царквы, асноўныя пункты якога, па словам афіцыйных прадстаўнікоў Усяленскага Патрыярхату, будуць прапісаныя й у томасе.

Варта адзначыць, што як у фармаце правядзення сабору, так і ў праекце Статуту, па сведчанні ўсіх экспертаў, былі практычна праігнараваныя ўсе пункты, якія да гэтага выходзілі з асяродку УПЦ КП: статус сабору быў памесны, аднак кожны кіруючы архірэй меў магчымасць узяць толькі аднаго святара ды прадстаўніка міран; запрашэнне атрымалі ўсе праваслаўныя архірэі УПЦ КП, УАПЦ і МПУ, нават тыя, хто не падпісваў зварот да Усяленскага Патрыярха вясной 2018 года, а старшыняваў на саборы прадстаўнік Канстанцінопальскага патрыярхату. Таксама на сабор былі запрошаны кіраўнікі свецкай улады Украіны.

Дзяржаўная ўлада Украіны ў асобе прэзідэнта Пятра Парашэнкі найменш пераймалася фарматам сабору ды была засяроджаная на самым факце яго правядзення. Аднак, калі прааналізаваць серыю інтэрв’ю яе прадстаўнікоў, асабліва апошніх тыдняў, можна высунуць гіпотэзу поўнага задаволення ўкраінскай улады тым фактам, што Канстанцінопальскі патрыярхат сам вызначыў парадак правядзення сабору ды напісаў праект статуту, тым самым не даўшы прадстаўнікам УПЦ КП, УАПЦ ды часціне МПУ загрузнуць у бясконцых перамовах і кансультацыях.

Дыскусіі аб Прадстаяцеле Праваслаўнай Царквы Украіны ды ягоным тытуле

Адным з ключавых ды найбольш дыскусійных пытанняў было пытанне абрання Прадстаяцеля новай Памеснай Царквы. І хоць на першых этапах ніякіх абмежаванняў на вылучэнне якога-небудзь украінскага архірэя або прадстаўніка Канстанцінопальскага патрыярхату не ставілася, яно прысутнічала практычна ва ўсіх абмеркаваннях.

Так, УПЦ КП вуснамі свайго афіцыйнага скіпера, архіепіскапа Еўстрація (Зары), неаднойчы падкрэслівала, што “хоць вылучацца можа кожны архірэй, удзельнік сабору, увесь Кіеўскі Патрыярхат падтрымлівае выключна патрыярха Філарэта”. Гэтую ж думку ў розных інтэрпрэтацыях публічна падтрымлівалі й іншы архірэі УПЦ КП, а таксама шэраг святароў ды міран. Неаднойчы падтрымліваў сваё абранне і сам патрыярх Філарэт, заяўляючы, што яму сёння проста няма альтэрнатывы.

Аднак супраць абрання патрыярха Філарэта на пасаду Прадстаяцеля сістэмна выступалі прадстаўнікі УАПЦ, а таксама аўтакефальная частка МПУ. Кантраверсійнасць падобнага абрання вызнавалі й некаторыя эксперты, гаворачы аб тым, што падобны выбар значна запаволіць прызнанне новай Царквы з боку досыць вялікай часткі Усяленскага Праваслаўя. Пры гэтым з боку УАПЦ было адразу заяўлена аб адмове яе кіраўніка, мітрапаліта Макарыя вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду Прадстаяцеля новай Праваслаўнай Царквы Украіны.

Хоць прадстаўнікі УПЦ КП да апошняга заяўлялі аб магчымасці вылучэння кандыдатуры патрыярха Філарэта на пасаду Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы Украіны, але кіраўнік УАПЦ, мітрапаліт Макарый у сваім інтэрв’ю “Радыё Свабода” заявіў: “у кастрычніку прыйшоў ліст за подпісам Усяленскага патрыярха, да мяне прыйшоў і, напэўна, да патрыярха Філарэта, каб мы не вылучаліся на галасаванне — ні адзін, ні другі” [1].

На думку большасці экспертаў, пытання абранне Прадстаяцеля да апошняга моманту было найбольш рызыкоўным у святле зрыву аб’яднаўчага сабору. Толькі 13 снежня, практычна за дзень да прызначанай даты, архірэйскі сабор УПЦ КП вырашыў вылучыць не патрыярха Філарэта, аб чым яшчэ некалькі месяцаў таму выказаўся Усяленскі Патрыярх, а мітрапаліта Епіфанія. Аднак, нават ва ўмовах прысутнасці патрыярха Філарэта, які падтрымаў уладыку Епіфанія, ды адкрытым галасаванні 15 архірэяў УПЦ КП падтрымалі іншага кандыдата – кіраўніка Валынскай епархіі мітрапаліта Міхаіла (у далейшым гэта адаб’ецца і на выніках галасавання на аб’яднаўчым саборы).

Тое ж самае адбылося і з дыскусіямі вакол тытулавання Прадстаяцеля новай Праваслаўнай Царквы Украіны. Хоць УПЦ КП паслядоўна настойвала на “свяцейшым патрыярху” хоць бы для “ўнутранага карыстання” ды нават зменьвала гэты тытул на адным з сваіх сінодаў, была прынятая фармуліроўка Свяцейшага Сіноду Канстанцінопальскага патрыярхату: “мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Украіны” са звычайным тытулам “дабрашчасны”.

Спрэчкі аб статуце Праваслаўнай Царквы Украіны

Адным з пунктаў спрэчкі паміж УПЦ КП ды УАПЦ была распрацоўка новага статуту Праваслаўнай Царквы Украіны. Аб гэтым у сваіх інтэрв’ю некалькі раз казаў кіраўнік УАПЦ мітрапаліт Макарый.

Згодна інфармацыі з крыніц УАПЦ, асноўнымі пытаннямі былі: назва Царквы ды форма кіравання. Так, паводле інфармацыі, УПЦ КП жадала захаваць сваю сінадальную форму кіравання ПЦУ, калі ёсць сінод, у якім большасць членаў сталыя ды некалькі часовыя. Гэтакая форма кіравання, на думку апанентаў, засяроджвала ўсю царкоўную ўладу ў руках вызначанай групы асобаў, а іншым архірэям даводзілася б проста “галасаваць за ўжо прынятыя рашэнні на досыць рэдкіх архірэйскіх або памесных саборах”.

Таксама прадстаўнікі УПЦ КП настойвалі на назве “Украінская Праваслаўная Царква”, без дадаткаў “КП” або “МП” ды нават падалі такі законапраект у Вярхоўную Раду Украіны. На думку экспертаў, апошняе магло прывесці да трывалых судовых працэсаў з МПУ ды РПЦ, у тым ліку – у міжнародных судах.

Хутчэй за ўсё, зацікаўленыя бакі так і не знайшлі згоды, таму Канстанцінопальскі патрыярхат на сваім лістападаўскім сінодзе разрабіў ды прыняў праект новага Статуту ПЦУ, фармулёўкі якога ўвайшлі й у томас аб аўтакефаліі.

Няпэўны статус як падстава неспакою

Напярэдадні аб’яднаўчага сабору, калі ўжо была вызначана яго дата і месца правядзення, нечакана выніклі засцярогі, што магчымы ягоны зрыў. Менавіта так прарэагавала досыць вялікая група ўкраінскіх экспертаў на правядзенне сіноду, а 13 снежня – архірэйскага сабору УПЦ КП. Яшчэ за некалькі дзён да правядзення архірэйскага сабору, з’яўляецца артыкул Таццяны Нагорнай і Уладзіміра Сімакова “У надзеі на мудрасць Канстанцінопаля”, дзе прыводзіцца крытыка УПЦ КП, як з боку саміх аўтараў, так і вядомых экспертаў[2]. А неўзабаве пасля яго правядзення, вядомы ўкраінскі рэлігійны публіцыст Кацярына Шчоткіна апублікавала артыкул “Сюрпрызы Сабору. Чаму Філарэт кінуў выклік Усяленскаму патрыярху”, у якім адзначыла: “Не ведаю, як бачыцца знутры епіскапату УПЦ КП іх уласная пазіцыя, але вонкава гэта выглядае так: ці аўтакефалію на нашых умовах ці яна нам не патрэбна” [3].

Падставаю для падобнай крытыкі зрабіўся кананічны статус, у якім апынуліся ўсе праваслаўныя юрысдыкцыі Украіны пасля рашэння Канстанцінопальскага патрыярхату ад 11 кастрычніка, бо, згодна яго пазіцыі, з гэтага моманту не існавала ані МПУ, ані УПЦ КП, ані УАПЦ — усе яны пераўтварыліся ў набор епархій ды парафій у кананічным падпарадкаванні Усяленскага патрыярхату. Менавіта такі статус мусілі прыняць тыя, хто звяртаўся да Канстанцінопаля па томас ды пагадзіўся гуляць па яго правілах Ніякія уласныя сіноды ды саборы без дабраслаўлення Канстанцінопаля немагчымы. Таму Кацярына Шчоткіна у адзначаным вышэй артыкуле робіць выснову: “Увогуле, ўладыкі УПЦ КП далі зразумець, што яны зусім не лічаць сябе вернымі Усяленскага патрыярха. Яны па-ранейшаму ўяўляюць сабою УПЦ КП — царкоўную структуру, у якой ёсць статут, глава царквы і ўсе іншыя атрыбуты “самастойнасці””[3]. Дарэчы, на сёння, інфармацыя аб архірэйскім саборы на афіцыйным сайце УПЦ КП абмяжоўваецца наступным паведамленнем: “Сабор заслухаў інфармацыю аб падрыхтоўцы да аб’яднальнага Сабору, які 15 снежня 2018 склікаецца ў Святой Сафіі Кіеўскай. Было прынятае рашэнне прыняць удзел у Саборы ў складзе епіскапату, прадстаўнікоў духавенства, міран і манахаў, згодна з благаславення Свяцейшага Усяленскага Патрыярха Варфаламея”[4], хоць іншыя СМІ далі больш поўную інфармацыю ўжо вечарам 13 снежня [5].

Аб’яднаўчы сабор

Насуперак усім песімістычным прагнозам, ціску з боку МПУ ды Масквы, аб’яднаўчы сабор усё ж адбыўся, як і было заяўлена, 15 снежня ў Кіеўскай Сафіі. Праходзіў ён у памесным фармаце, які быў распрацаваны ў Канстанцінопалі. Перад пачаткам сабору яго дэлегаты ад УПЦ КП ды УАПЦ падпісалі акты аб роспуску гэтых юрысдыкцый, а прадстаўнікі МПУ – аб уваходжанні ў склад ПЦУ.

Асаблівасцю Кіеўскага аб’яднаўчага памеснага сабору было тое, што, пэўна, з часоў Усяленскіх сабораў, у прэзідыуме знаходзіўся прэзідэнт Украіны, надзелены асаблівым статусам запрошанага на сабор, а таксама адразу жорстка запланаваная працягласць сабору – адзін дзень. Галоўнымі мэтамі сабору былі: абранне Прадстаяцеля Праваслаўнай Царквы Украіны праз рэйтынгавае закрытае галасаванне, а таксама папярэдняе прыняцце Статуту, распрацаванага сінодам Канстанцінопальскага Патрыярхату. Абодва пытанні былі паспяхова вырашаны.

Безумоўна, адной з галоўных інтрыг аб’яднаўчага сабору было абранне новага Прадстаяцеля. Пры гэтым нават з улікам таго, што УПЦ КП на архірэйскім саборы 13 снежня прапанавала сваім кандыдатам мітрапаліта Епіфанія, усё было вельмі неадназначна. Бо ўжо на архірэйскім саборы выявілася разыходжанне, калі частка (па некаторых дадзеных 15 архірэяў) падтрымала кандыдатуру кіруючага Валынскай епархіяй УПЦ КП мітрапаліта Міхаіла. Акрамя таго, частка УАПЦ ды нават УПЦ КП была згодна аддаць свае галасы за мітрапаліта Сімеона, кіруючага архірэя Вінніцкай епархіі МПУ. Становішча была настолькі крытычным ды непрадбачаным, што ўжо вечарам 15 снежня ў сацыяльных сетках з’явіліся крытычныя заўвагі ўдзельнікаў сабору адносна працэдуры выбару, а ўжо ў нядзелю, 16 снежня, валынскі дэпутат абласной рады Мікалай Булыга, які быў дэлегатам сабору, раскрытыкаваў пазіцыю патрыярха Філарэта ды часткі епіскапаў УПЦ КП ў справе падтрымкі кандыдатуры мітрапаліта Епіфанія: “Філарэт шляхам шантажу прэзідэнта і царкоўнікаў дамогся, каб паставілі 39-гадовага “юнака” прадстаяцелям новай Царквы. Ён праявіў сябе як палітыкан. Прэзідэнт праявіў сябе як дзяржаўны муж, бо не мог страціць томас для Украіны. Прэзідэнт быў вымушаны ўгаворваць уладыку Міхаіла, каб той адрокся. І ўладыка праявіў мужнасць і дзяржаўны падыход, і для таго, каб Украіна не страціла томас, зняў сваю кандыдатуру. У працэсах такога ўзроўню заўсёды ўдзельнічала дзяржава. Прэзідэнт Украіны сыграў галоўную ролю ў атрыманні Томас. А Філарэт іх усіх “скарыстаў”, груба кажучы” [6]. Што праўда, гэта пакуль найбольш крытычны выступ удзельніка сабору.

Варта адзначыць, што мітрапаліт Епіфаній перамог з мінімальнаю перавагаю, а расклад будучага сіноду, дзе сталымі членамі будуць толькі тры прадстаўніки ад УПЦ КП, УАПЦ ды МП, а іншыя падлягаюць ратацыі кожныя паўгады, робіць магчымасць усталявання дыктату адной з былых юрысдыкцый мінімальнай. Акрамя таго, як адзначаюць некаторыя эксперты, кіраванне ўладыкі Епіфанія, які мае вельмі добрую адукацыю, ведае некалькі моў ды не належыць да ўнутраных магутных групаў уплыву, можа надаць спакой у часе станаўлення новай Царквы.

Таксама добрым знакам ёсць прыняцце ў якасці асновы Статуту, які быў запрапанаваны Усяленскім патрыярхатам, бо яго галоўныя палажэнні, згодна наяўнай інфармацыі, уключаны ў томас, які будзе атрыманы Прадстаяцелям ПЦУ у Канстанцінопалі 6 студзеня.

Пры гэтым, прыняцце выбару аб’яднаўчага сабору Канстанцінопальскім патрыярхам ды памінання Прадстаяцеля ПЦУ сярод іншых кіраўнікоў Памесных Праваслаўных Цэркваў падчас нядзельнага богаслужэння Усяленскага Патрыярха ужо 16 снежня беспярэчна сведчыць аб паўстанні новай кананічнай аўтакефальнай Царквы ва Украіне.

Чакальная пазіцыя прадстаўнікоў МПУ

Шмат хто задаецца пытаннем аб досыць абмежаваным удзеле прадстаўнікоў МПУ ў аб’яднаўчым саборы. Бо, нягледзячы на папярэднія прагнозы, толькі два яе архірэі прыйшлі на сабор. Мы паспрабавалі высветліць пазіцыю тых праваслаўных святароў МПУ, якія яўна не адзначаліся адданасцю “рускаму свету”, але, тым не менш, адмовіліся з’явіцца на аб’яднаўчы сабор. У працэсе абмену думкамі выявілася некалькі найбольш сур’ёзных аргументаў:

— Недавер паспяховасці самога аб’яднаўчага сабору. Бо на працягу апошніх 18 гадоў гэта была ўжо, як мінімум, пятая спроба аб’яднання УПЦ КП ды УАПЦ. Удзел у саборы, які мог скончыцца правалам, пакідаў святароў МПУ ў “падвешаным стане”, бо рэакцыя на іх удзел з боку МПУ была цалкам прадбачаная.

— Асцярожнасць у пытанні “жыццяздольнасці” новай Царквы, бо аб’ядноўваліся архірэі ды святары, якія шмат гадоў былі антаганістамі. Шмат святароў МПУ хочуць паназіраць за новай Царквой ды пераканацца ў яе моцнасці.

— Праблема асабістага ўспрыняцца архірэяў, якія мусяць узначаліць епархіі новай Царквы. Не сакрэт, што некаторыя ўладыкі УПЦ КП ды УАПЦ не карыстаюцца вялікай павагай ды аўтарытэтам у сваіх абласцях.

— Чаканне надання ды агалашэння самога томасу аб аўтакефаліі. Таксама рэальнай дзейнасці Усяленскага патрыярхату ў справе абароны архірэяў ды святароў МПУ, якія вырашылі далучыцца да ПЦУ, але зазналі праз гэта каральныя санкцыі МПУ.

Такім чынам, малая прысутнасць прадстаўнікоў МПУ на аб’яднаўчым саборы не ёсць крытычным фактарам. Працэс прыяднання да ПЦУ будзе актывізавацца з яе станаўленнем. Менавіта гэта меў на ўвазе новы Прадстаяцель ПЦУ, калі заявіў, што “дзверы новай Царквы адчынены для ўсіх”[7]

Вынік

Новая кананічная аўтакефальная Праваслаўная Царква Украіны, нягледзячы на шалёны супраціў не толькі Маскоўскага Патрыярхату, а і кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі, адбылася. Неўзабаве яна атрымае афіцыйны томас аб аўтакефаліі з рук Канстанцінопальскага патрыярха, але ўжо дэ-факта ўвайшла ў склад Усяленскага Праваслаўя. Але гэта толькі першы крок. Усіх яе вернікаў, архірэяў, святароў і міран чакае вялікая ахвярная праца па разбудаванні новай Праваслаўнай Царквы ды ўсталяванні яе ўласнай ідэнтычнасці.

1. Вселенський патріарх таки просив голів УАПЦ й УПЦ КП не висуватися на посаду / https://www.pravda.com.ua/news/2018/12/14/7201226/

2. В надії на мудрість Константинополя / https://zbruc.eu/node/85254

3. Сюрпризы Собора. Почему Филарет бросил вызов Вселенскому патриарху / https://www.religion.in.ua/zmi/ukrainian_zmi/42051-syurprizy-sobora-pochemu-filaret-brosil-vyzov-vselenskomu-patriarxu.html

4. Відбувся Архієрейський Собор УПЦ Київського Патріархату / https://www.cerkva.info/posts/vidbuvsia-arkhiiereiskyi-sobor-upts-kyivskoho-patriarkhatu

5. Собор КП підтримав на очільника нової церкви ставленика Філарета — джерела / https://www.pravda.com.ua/news/2018/12/13/7201192/

6. “Філарет їх всіх попользував”, – волинський депутат про обрання Епіфанія / https://konkurent.in.ua/publication/34058/filaret-ih-vsih-popolzuvav-volinskiy-deputat-pro-obrannya-epifaniya/

7. Митрополит Епіфаній: Двері церкви відкриті для всіх/ https://www.pravda.com.ua/news/2018/12/15/7201353/

прот. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі