У пытанні святароў і арміі мітрапаліту Кандрусевічу падабаецца досвед Літвы

DSC_0051

У пытанні вайсковай службы маладых святароў і семінарыстаў мітрапаліту, старшыне Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Тадэвушу Кандрусевічу падабаецца досвед суседняй Літвы. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі 19 снежня, адказваючы на пытанне карэспандэнта Krynica.info.

На дадзены момант сітуацыя ў Беларусі выглядае такім чынам, што прэзідэнт краіны мае права зацвярджаць спісы семінарыстаў і маладых святароў узростам да 27 гадоў, якім даецца адтэрміноўка ад вайсковай службы. Падаюцца гэтыя спісы ў жніўні ў Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, які перасылае іх па іншых інстанцыях.

“Наколькі мне вядома, у міністэрства абароны. Далей мы нічога не ведаем”, — адзначыў мітрапаліт.

А сёлета двойчы – увесну і ўвосень — узніклі праблемы святарскага прызыву, якія тычацца таксама і праваслаўных святароў. “Удалося вырашыць, але вельмі нервозна ўсё. Некаторыя семінарысты ўжо забралі рэчы з семінарыі і ехалі дамоў, а тут прыходзіць паведамленне пра адтэрміноўку”, — распавёў арцыбіскуп.

Пры гэтым ён выказаў спадзеў, што сітуацыя можа быць зменена ў межах падрыхтоўкі новага заканадаўства адносна адтэрміновак у войску, пра якую казаў міністр абароны Андрэй Раўкоў.

Па словах мітрапаліта, патрэбная хаця б большая празрыстасць, каб можна было ведаць, дзе знаходзіцца дакумент. Пры гэтым Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў многіх іншых краінах святары і семінарысты проста не ідуць у войска.

Увогуле ж ён лічыць вельмі цікавым досвед суседняй Літвы, які б можна было, на яго думку, пераняць і ў Беларусі. У прыватнасці, яму цікавая практыка, калі семінарыстаў раз у пяць гадоў на некалькі летніх месяцаў пасылаюць у войска разам з капеланам, дзякуючы чаму яны маюць духоўную апеку, але праходзяць і вайсковую службу. “Гэта б таксама вырашыла праблему. У войску пабыць таксама нядрэнна”, — падкрэсліў мітрапаліт.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі