Закон пра хатні гвалт: Касцёл гатовы да супрацы з дзяржавай

Кандрусевіч1

Каталіцкі Касцёл выступае супраць хатняга гвалту, але ў канцэпцыі законапраекту, падрыхтаванай Міністэрствам унутраных спраў, прысутнічае ідэя гендару, прыняць якую Касцёл не можа. Пра гэта 19 снежня на прэс-канферэнцыі заявіў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч.

Спаслаўшыся на словы Папы Францішка, ён назваў тэорыю гендару новай ідэалагічнай каланізацыяй, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Мітрапаліт адзначыў, што з нагоды гэтай канцэпцыі не толькі выступаў публічна, але і пісаў лісты ў МУС і прэзідэнту краіны. Разам з тым, паводле яго, хоць сама канцэпцыя была адрынутая, ідэалогія гендару нікуды не падзелася.

Гэтак, на круглым стале ў сярэдзіне лістапада прадстаўнікі ўладаў заявілі, што “для паступовага развіцця Беларусі неабходна развіваць ідэалогію гендару”. “І калі прадстаўнікі Касцёлу, Праваслаўнай Царквы і некаторыя свецкія выступілі супраць гэтага, тая самая асоба, якая займае вельмі высокую пазіцыю ў нашым грамадстве, была вельмі здзіўленая”, — адзначыў мітрапаліт.

“Мы за роўнасць, мы супраць хатняга насілля – гэта ненармальна, але няможна ў адзін мех усё скідваць”, — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён таксама адзначыў, што Касцёл не выступае супраць прыняцця закону супраць хатняга гвалту. “Мы гатовыя супрацоўнічаць з дзяржаўнымі ўладамі па выпрацоўцы тэксту гэтага дакументу”, — заявіў мітрапаліт.

Але, паводле яго, падчас падрыхтоўкі канцэпцыі да працэсу не запрасілі нікога ні з Каталіцкага Касцёлу, ні з Праваслаўнай Царквы. “Мы стаім на тым, што найперш трэба выхоўваць людзей, а ўсякімі забаронамі нічога не дасягнеш”, — дадаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі