Беларуская мова ў Праваслаўнай царкве ў 2018 годзе

пасха 29

Хутка завершыцца 2018 год, напрыканцы якога справы праваслаўнай царквы так ці іначай даводзілася абмяркоўваць і каментаваць амаль усім у нашым рэгіёне – вернікам і атэістам, праваслаўным і каталікам, украінцам і беларусам. Праваслаўе нечакана згубіла сваю паважную ўстойлівасць і зрабілася непрадказальным і зменлівым асяроддзем. Цяперашні крызіс пачаўся ва Ўкраіне, але ўжо паспеў набыць глабальныя маштабы і нясе ў сабе як вялікія пагрозы, так і вялікія магчымасці для ўсходняга хрысціянства. Тым часам у Беларускай праваслаўнай царкве таксама адбываюцца цікавыя, хоць і не заўсёды заўважныя працэсы, сярод якіх – паступовы распаўсюд беларускай мовы.

Кароткая гісторыя адносінаў праваслаўнай царквы і беларускай мовы

На цяперашні момант сучасная беларуская мова існуе ў праваслаўнай царкве не толькі як мова зносінаў часткі вернікаў, як мова царкоўных медыя і публікацый, але і як мова еўхарыстычнай Літургіі. Але гэта само па сабе часам патрабуе тлумачэнняў і нават «апраўданняў», бо існуе трывалы стэрэатып, быццам у богаслужбовым ужытку могуць быць толькі некаторыя традыцыйныя мовы, а карыстацца сучаснымі перакладамі «некананічна». Аднак у хрысціянстве панятку сакральнай мовы няма. Наадварот, меркаванне, паводле якога Святое Пісьмо можа існаваць толькі на габрэйскай, грэцкай і лацінскай мовах (бо на іх былі зроблены надпісы на крыжы Хрыста) стала ў Царкве вядомае як «трохмоўная ерась», і з ёю адчайна змагаліся святыя Кірыл і Мятод, калі перакладалі богаслужбовыя тэксты на адмыслова распрацаваную царкоўнаславянскую.

Ліст патрыярха Ціхана

Аднак да пачатку ХХ стагоддзя царкоўнаславянская мова канчаткова разышлася і з гутарковымі і з літаратурнымі мовамі тых краін, дзе ёю карысталіся для набажэнства. Яна зрабілася незразумелаю, і пытанне пра моўную рэформу ўжо наспела. Распачаты паміж дзвюма рэвалюцыямі Памесны Сабор Расійскай царквы 1917-1918 гадоў дазволіў і заахвоціў служыць па-руску і па-ўкраінску. А ў 1921 годзе патрыярх Ціхан адказаў на просьбу, скіраваную да яго Радай БНР, і дабраславіў выкарыстанне ў царкве беларускай мовы. Аднак у савецкі час многія пастановы Сабору было немагчыма ажыццявіць. У БССР бывалі беларускамоўныя пропаведзі ў цэрквах, але Літургія цалкам па-беларуску не служылася ні да вайны, ні пасля. У міжваенныя часы па-беларуску служылі ў некаторых цэрквах Віленскага краю ў аўтакефальнай Польскай праваслаўнай царкве, якая тады дзейнічала ў Заходняй Беларусі. Таксама беларускую мову пачалі ўжываць на эміграцыі на беларускіх прыходах Канстанцінопальскага Патрыярхату, у новастворанай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царкве і ў адноўленай грэка-каталіцкай царкве. З пачатку 1990-х гадоў БАПЦ і БГКЦ пачалі развівацца ў незалежнай Беларусі. А першае набажэнства ў межах Маскоўскага Патрыярхату, цалкам адслужанае па-беларуску, адбылося ў 1999 годзе у Петрапаўлаўскім саборы ў Менску. З таго часу там спачатку штомесяц, а потым штосуботу заўсёды служыцца Літургія па-беларуску.

Доўгі час гэта была адзіная рэгулярная праваслаўная служба па-беларуску ў сталіцы. Але пачынаючы з Вялікадня 2015 года святар Аляксандр Шрамко служыць Літургію па-беларуску штомесяц па нядзелях. Таксама ў 2015 годзе з Жыровічаў у Менск пераехала Духоўная Акадэмія, і ў яе капліцы на вуліцы Зыбіцкай пачалі час ад часу служыць па-беларуску святары-студэнты. У пэўны момант у аўтара гэтых радкоў узнікла ідэя сабраць разам інфармацыю пра гэтыя набажэнствы, каб людзі маглі ведаць, дзе і ў які час яны адбываюцца. Тады было вядома пра гэтыя тры месцы ў Менску і таксама, што нешта падобнае адбываецца часам у Горадні.

Калі ж напрыканцы 2017 году мы з перакладчыцай Янай Уладыкай выключна з цікаўнасці паспрабавалі ў першы раз зрабіць падобны расклад, то нас чакала адкрыццё. Аказваецца, у Горадні прыходаў, дзе бывае Літургія па-беларуску, цэлых шэсць! Потым высветлілася, што ёсць яшчэ адзін прыход у Менску – царква святой Таццяны, дзе службы бываюць па пятніцах. Потым «знайшліся» пяць цэркваў у Менскай вобласці. Звязацца з гэтымі храмамі было не заўсёды проста, але нарэшце атрымалася наладзіць сталы кантакт і штомесяц рабіць падрабязны расклад, які публікаваўся ў фэйсбуку, на сайце sobor.by, на хрысціянскім партале «Крыніца» і часам на сайце «Нашай Нівы». Магчыма, хоць і малаверагодна, што ёсць і іншыя прыходы з беларускамоўнымі службамі, пра якія так і не атрымалася яшчэ даведацца за гэты час. Акрамя гэтага, у іншых месцах беларуская мова ўжываецца ў царкоўнаславянскім набажэнстве ў біблійных чытаннях і ў казаннях, але палічыць такія прыходы складана. Некаторыя святары па патрэбе заўсёды могуць здзейсніць па-беларуску хрост, шлюб, адпяванне, паніхіду. Але цяпер, напрыканцы 2018 года, можна падвесці пэўныя вынікі менавіта наконт Літургіяў, абапіраючыся на тыя дадзеныя, што атрымалася сабраць пры падрыхтоўцы раскладаў.

Становішча ў 2018 годзе

Увогуле за гэты год Літургія на беларускай мове служылася ў Беларускай праваслаўнай царкве 230 разоў. Гэта адбывалася на пятнаццаці розных прыходах. Шэсць з іх у Горадні, чатыры ў Менску і пяць у Менскай вобласці (Барысаў, Заслаўе, Івянец, вёска Любань Вілейскага раёну і Калодзішчы пад Менскам). Паводле царкоўнага адміністратыўнага падзелу гэтыя прыходы адносяцца да чатырох розных епархій – Менскай, Гарадзенскай, Барысаўскай і Маладзечанскай (Любань, Івянец). Заслугоўвае асобнай увагі і нават, магчыма, сацыялагічнага даследвання той факт, што менавіта ў Горадні такіх службаў болей за ўсё. Як вядома, менавіта ў Гарадзенскай дыяцэзіі і ў самой Горадні найбольш моцныя ў Беларусі пазіцыі мае польская мова ў каталіцкім касцёле, таму пашырэнне беларускай у праваслаўных парафіях, магчыма, можна патлумачыць пэўнай міжканфесійнай канкурэнцыяй.

У кожнай з гэтых шаснаццаці парафіяў беларускамоўныя Літургіі адбываюцца з рознаю рэгулярнасцю ў розныя дні тыдня. Найбольш стабільна і часта яны служацца ў менскім Петрапаўлаўскім саборы, дзе ўсё пачыналася, і ў гарадзенскай царкве святых Барыса і Глеба – штосуботу. Таксама штотыднёвыя набажэнствы ў гэтым годзе былі ў царкве святой Таццяны ў менскім Уруччы, там яны служыліся кожную пятніцу, але з перарывам на Вялікі пост і на лета. У Івянцы службы па-беларуску адбываюцца двойчы на месяц, яшчэ ў чатырох розных прыходах па краіне – штомесяц па нядзелях. У астатніх месцах яны адбываюцца нерэгулярна, у залежнасці ад сітуацыі. Таксама ёсць тры прыходы, дзе Літургія па-беларуску традыцыйна служыцца раз на год у пэўны дзень. Увогуле службы па-беларуску часта прымеркаваныя да пэўных датаў царкоўнага календара, што маюць дачыненне да Беларусі і яе хрысціянскай традыцыі – Сабору ўсіх беларускіх святых і Сабору ўсіх новапакутнікаў і вызнаўцаў Беларусі, дзён успаміну святой Еўфрасінні Полацкай, святога епіскапа Міны Полацкага, святога Фёдара Астрожскага, дзён ушанавання Менскай і Жыровіцкай ікон Божай Маці і іншых. На некаторых прыходах па-беларуску служыліся святочныя Літургіі на Раство і Вялікдзень. Таксама ў Івянцы беларускамоўная Літургія была пастаўленая на грамадзянскае свята 25 сакавіка, на 100-годдзе абвяшчэння БНР. Пасля службы тады адбыўся адмысловы малебен за беларускі народ.

Восеньскія складанасці

Глыбокі сістэмны крызіс, які ахапіў у канцы года ўвесь праваслаўны свет, ускосна закрануў таксама і беларускамоўныя набажэнствы. Адным з іх галоўных ініцыятараў і папулярызатараў быў святар Аляксандр Шрамко, вядомы сваёй грамадскай і публіцыстычнай дзейнасцю. Штомесяц ён служыў па-беларуску ў царкве святой Ксеніі Пецярбургскай у менскім Сухараве. Пры гэтым, акрамя ўжывання беларускай мовы, айцец Аляксандр рабіў і іншыя крокі, каб зрабіць Літургію больш усвядомленай і зразумелай – трымаў заўжды адчыненаю галоўную браму іканастаса, голасна прамаўляў анафару (галоўную еўхарыстычную малітву), часам прасіў некаторых прыхаджанаў рыхтаваць і прамаўляць казанне. Але напрыканцы лета настаяцель прыхода фактычна адхіліў айца Аляксандра ад штомесяцовага служэння па-беларуску, даручыўшы гэта іншым святарам. У жніўні і верасні Літургію служылі іншыя святары ў больш «класічным» стылі.

Але ўжо ў кастрычніку ход падзеяў значна паскорыўся. У Менску адбыўся Сінод Рускай праваслаўнай царквы, які прыняў рашэнне пра разрыў стасункаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам у адказ на яго дзеянні ва Ўкраіне. Сінод узначальваў патрыярх Кірыл, і падчас яго візіту ў Менск айцец Аляксандр Шрамко апублікаваў у сваім фэйсбуку допіс, дзе крытычна выказаўся наконт яго паводзінаў з вернікамі і колькасці яго аховы. Як саркастычна гавораць некаторыя, «найвышэйшая ўзнагарода для святара пасля залатога крыжа і мітры – гэта забарона ў служэнні». Назаўтра пасля публікацыі таго паста менавіта гэта і адбылося з а. Аляксандрам. Яго допіс адразу сабраў тысячы дадатковых упадабанняў і перадрукаў, а сам Шрамко яшчэ доўга быў у цэнтры ўвагі беларускіх і сусветных медыя. Некалькі разоў айца Аляксандра спытвалі, ці не магло быць адной з прычынаў гэтых санкцый яго служэнне па-беларуску, і ён адказваў, што гэта зусім не звязаныя гісторыі.

Аднак у лістападзе нечакана высветлілася, што службы па-беларуску кіраўніцтва сухараўскага прыхода вырашыла фактычна скасаваць – зрабіць адну Літургію на тры месяцы і, магчыма, у будзённы дзень. Без актыўнага святара, які рабіў гэта па ўласнай ініцыятыве, было вырашана не «напружваць» астатні клір. Аднак група прыхаджанаў сухараўскай царквы выступіла супраць гэтых зменаў. Тэолаг Наталля Гарковіч сабрала каля шасцідзесяці подпісаў за захаванне беларускамоўнай Літургіі і перадала іх мітрапаліту Паўлу падчас аўдыенцыі. Паводле яе словаў, мітрапаліт паставіўся да праблемы з разуменнем і пастанавіў працягнуць штомесяцовыя службы ў Сухараве, а таксама падтрымаў прапанову адслужыць Святочную службу на Раство Хрыстова ў цэнтры горада – у Духоўнай Акадэміі. Цікавым чынам у некаторыях медыя гэтая гісторыя была пададзеная так, быццам мітрапаліт Павал «спачатку забараніў, а потым зноў дазволіў» службы па-беларуску. Увогуле гэты выпадак добра ілюструе, што нават пры прыязна-нейтральным стаўленні ерархіі, важную ролю грае актыўнасць або пасіўнасць святароў, а таксама мае вялікае значэнне здольнасць вернікаў выказваць і абараняць сваю пазіцыю.

Выклікі і перспектывы

Калі не лічыць абмеркавання гэтых канфліктаў у навінах, беларуская мова ў праваслаўнай царкве дагэтуль застаецца адносна нябачнай, аднак яна ёсць і паступова пачынае гучаць у новых і новых месцах. Аднак нават калі і святар, і вернікі, і ерархія згодныя на беларускамоўнае служэнне на пэўным прыходзе, арганізаваць яго не заўсёды проста. Перш за ўсё, бракуе перакладаў саміх службаў. «Афіцыйны» пераклад тэксту Літургіі, выдадзены камісіяй пад кіраўніцтвам айца Сяргея Гардуна, змяшчае толькі асноўныя часткі службы, у ім няма зменных частак для асобных святаў, а таксама малітваў анафары, асноўнай часткі Літургіі, калі адбываецца асвячэнне дароў. Таксама дагэтуль няма прынятага Праваслаўнай царквой поўнага перакладу службаў суткавага цыклу – ютрані, вячэрні і іншых. Праз гэта святары або ўжываюць уласныя, «неафіцыйныя» пераклады, або некаторыя пераклады БАПЦ ці грэка-каталікоў. Пераклад камісіі часта крытыкуецца за якасць, у ім нямала неабгрунтаваных царкоўнаславянізмаў. Гэта ж закранае і больш глыбокую праблему – а менавіта што дагэтуль няма поўнага беларускага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў. Да юбілею Скарыны рыма-каталіцкая і праваслаўная біблійныя камісіі выдалі свае пераклады Новага Запавету, аднак літургічныя тэксты ў вялікай ступені базуюцца таксама і на кнігах Старога Запавету. Нарэшце, усходні абрад заўсёды патрабуе спеву, такім чынам для служэння Літургіі або іншых службаў па-беларуску неабходны хор, здольны выконваць усе царкоўныя гімны па-беларуску. Трэба адзначыць, што паступова павялічваецца колькасць людзей, якія маюць жаданне і здольныя спяваць гэтыя гімны кампактна і зразумела, то бок адпаведна музычным нормам.

Каб аблегчыць гэтыя праблемы для тых, хто хацеў бы распачаць беларускамоўныя багаслужбы, група энтузіястаў у гэтым снежні запусціла сайт liturgy.churchby.info, які паступова напаўняецца літургічнымі тэкстамі і нотамі для спеваў. На ім жа будуць публікавацца і расклады беларускамоўных службаў. Магчыма, у 2019 годзе мапа беларускамоўных службаў пашырыцца, але гэта ў першую чаргу залежыць ад жадання і актыўнасці прыходаў і прыхаджанаў. Тым часам, менскія спевакі ўжо рэпетуюць калядныя спевы для святочнай Літургіі на Раство 2019 году. Яна адбудзецца ў панядзелак 7 студзеня ў 9 гадзін раніцы на Нямізе, у храме святога Кірылы Тураўскага пры Духоўнай акадэміі (вуліца Зыбіцкая 25).

Раство 2019

Постскрыптум

Дзвесце трыццаць разоў за год служылася Літургія па-беларуску – гэта многа ці мала? Складана ацаніць. У наш час у рыма-каталіцкай царкве служыцца нашмат болей імшаў па-беларуску штодня. Пры гэтым у 1940 годзе ў БССР не было ні аднаго адкрытага касьцёла ці праваслаўнага храма, і службаў не было ні на якой мове. Адна Еўхарыстыя – многа гэта ці мала?

Царква заўжды існуе ў пэўным палітычным і грамадскім кантэксце, спрабуючы пры гэтым абараняць сваю самастойнасць. Ужыванне ў царкоўным жыцьці беларускай мовы не нейтральнае, гэта не праява «проста рэлігіі па-за палітыкай». Само сцверджанне, што беларуская мова існуе – гэта ўжо палітычная пазіцыя, не для ўсіх відавочная. Тым больш яе ўжыванне і пры гэтым ужыванне публічнае, якім заўсёды з’яўляецца Літургія. Але ці можа яе царкоўнае ўжыванне быць інструменталізаванае? Ці можа яна ў Царкве служыць умацаванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці? Так. Але ці дзеля гэтага яна там?

Для хрысціянаў Еўхарыстыя – найвышэйшы цуд і найглыбейшая таямніца. Яна не бывае больш ці менш таямнічай, больш ці менш цудоўнай. Дзе б яна ні здзяйснялася, у вёсцы ці ў сталіцы, пры вялікім сцячэнні народу ці ў храме з двума-трыма прыхаджанамі, на вялікае свята ці ў звычайны будзённы дзень – для хрысціянаў гэта заўсёды ўдзел ва Ўцелаўленні і Ўваскрасенні Хрыста. І цяпер у нашай краіне гэтыя таямнічыя і страшныя словы, якія былі ўпершыню прамоўленыя па-арамейску, а потым безліч разоў паўтараліся на самых розных мовах, можна пачуць і па-беларуску: «Бярыце, ешце, гэта Цела Маё, што за вас ломіцца дзеля адпушчэння грахоў».

Андрэй Строцаў

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі