Беларускія праваслаўныя святары і ўкраінская аўтакефалія

ztl_11-ATV_8515

Пасля апублікавання рашэнняў лістападаўскага Свяшчэннага Сіноду Канстанцінопальскага патрыярхату ды снежаньскага аб’яднаўчага сабору ўкраінскага праваслаўя, вынікам якога было стварэнне кананічнай Праваслаўнай Царквы Украіны, у медыяпрасторы з’явілася шмат артыкулаў, інфармацыі ды паведамленняў аб стаўленні беларускіх праваслаўных (чытай – Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы) да гэтых падзей. Натуральна, што яны паслядоўна даводзілі толькі адну пазіцыю – Маскоўскага Патрыярхату. І тут маскіроўка пад унутранаю назваю “Беларуская Праваслаўная Царква” не мусіла ўводзіць у зман, бо падобнай Праваслаўнай Царквы наогул не існуе як у кананічным Усяленскім Праваслаўі, так і сярод непрызнаных Праваслаўных Цэркваў свету.

Аднак 23 снежня на расійскай версіі сайту “Крыніца” з’явіўся ліст-артыкул за подпісам нейкага Мікалая Рыбакоўскага “Настрой беларускіх святароў на фоне ўкраінскіх падзей”, які, абапіраючыся на меркаванні зачыненай Viber-групы «Клір БПЦ», робіць наступны вывад: “заўзятага нацыяналізму няма, сур’ёзнага руху за аўтакефалію няма, пратэсту досыць шмат, плётак яшчэ больш, ну і добрых чалавечых пачуццяў таксама дастаткова”. Дадзены матэрыял актыўна распаўсюджваецца на розных медыя-рэсурсах як прыклад погляду “беларускага праваслаўнага святарства” на аўтакефалію праз прызму ўкраінскіх падзеяў. Менавіта апошні факт прымусіў нас даць пэўныя каментарыі, якія могуць зацікавіць беларускіх ды замежных чытачоў. Адразу заўважу – праз пэўнае кола кантактаў аўтара яны таксама могуць лічыцца досыць суб’ектыўнымі, бо паўсталі праз навуковыя ды асабістыя кантакты з беларускімі святарамі РПЦ, якіх не вельмі турбавалі як палітычныя погляды аўтара, так і трывалае святарства ў “некананічнай” украінскай праваслаўнай юрысдыкцыі.

Феномен дэмакратычнага праваслаўя ў Беларусі

Не ўдаючыся ў гістарычныя даследаванні, мусім адразу адзначыць той факт, што ў Беларусі ўжо ад канца ХIV ст. праваслаўе апынулася ва ўмовах поліканфесійнасці. Пры гэтым міжканфесійныя шлюбы не толькі шляхты, а і мяшчан ды сялян, былі справай звычнай. Нават ва умовах “дзяржаўнага праваслаўя” Расійскай імперыі ды афіцыйнай прапаганды варожасці да іншых канфесій, тут захоўвалася рэлігійная талерантнасць пераважнай большасці насельніцтва. Гэтакі феномен у адрозненні не толькі ад Расіі, але й суседняй Украіны існуе да сёння. Таму, нягледзячы на шматгадовыя адмоўныя заявы Маскоўскага Патрыярхату аб “украінскіх раскольніках”, ніякага рэальнага ўплыву не толькі на большасць праваслаўных вернікаў, а і на разумнае беларускае святарства яны не зрабілі. Аўтар гэтых радкоў меў і мае трывалыя кантакты з беларускімі праваслаўнымі святарамі, якія ніколі не выказвалі варожасці да Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату або Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Звычайна, яны не хацелі “нарывацца на непрыемнасці”, актыўна афішуючы свае погляды ды кантакты, але былі нават прыклады, калі святары Беларускага экзархату РПЦ без праблем суслужылі з сваімі родзічамі або старымі сябрамі з УПЦ КП ды УАПЦ ва Украіне. Скажу больш, у прыватных размовах на канферэнцыях або ў сацыяльных сетках святары БЭ РПЦ адразу й без праблем пераходзілі на беларускую мову.

Наогул, дэмакратызм Беларускага Экзархату РПЦ не толькі ў моўным пытанні служэння й казання, а і ў адносінах да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы (праўда старой яе фармацыі да 2008 года), да каталікоў абодвух абрадаў, шакаваў не толькі прадстаўнікоў Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне, а і нават маіх сяброў з УПЦ КП ды УАПЦ.

Звычайна, у Беларускім Экзархаце спрабуюць праводзіць палітыку “расійскага свету”, нават існуе пэўная колькасць ягоных адэптаў сярод архірэяў, святароў і вернікаў, але глабальнага ўплыву на свядомасць большасці парафіяльных святароў яны яўна не ствараюць. Менавіта таму мае суразмоўцы з ліку кліру БЭ РПЦ не бачылі нічога трагічнага ў стварэнні адзінай Праваслаўнай Царквы Украіны ды наданні ёй аўтакефальнага статусу Канстанцінопальскім патрыярхатам. Агульны рэфрэн быў наступным: “Гэта Масква абураецца, а нам няма чаго дзяліць ды ваяваць, ані з Канстанцінопалем, ані з Украінай (ПЦУ)”.

Па нашым меркаванні, у Беларусі склалася парадаксальнае становішча, калі імперская мадэль РПЦ МП, маючы ў Беларусі манапольнае становішча, апынулася цалкам чужой праваслаўным беларусам праз нацыянальны менталітэт ды гістарычныя абставіны. Фактычна, у падобных умовах, жаданне клірыкаў БЭ РПЦ адасобіцца ад Масквы мусіць досыць моцна праяўляцца. Уласна гэта і адбылося некалькі гадоў таму, калі на зборах духавенства новы экзарх, мітрапаліт Павел (Панамароў) запрапанаваў прасіць большую аўтаномію й атрымаў безумоўную падтрымку прысутных… Але на сёння, калі браць пад увагу згаданы вышэй артыкул, падобная падтрымка аўтакефаліі адсутнічае. Паўстае лагічнае пытанне: чаму так адбываецца? І тут мы мусім улічваць некалькі фактараў.

Палітычна-рэлігійныя рэаліі ды асаблівасці святарскага служэння

Не сакрэт, што палітычны рэжым у Беларусі далёка не дэмакратычны, што знайшло свае ўвасабленне й у рэлігійным заканадаўстве. Пры гэтым Маскоўскаму Патрыярхату нададзенае пануючае становішча, калі нават тэарэтычна зарэгістраваць якую-небудзь структуру з словам “праваслаўная” без яго згоды немагчыма. Дзяржаве ў гэтым выпадку абсалютна абыякава, ці з’яўляецца гэтая грамада прадстаўніком “альтэрнатыўнай” або “кананічнай” Праваслаўнай Царквы, а аб жаданні БЭ РПЦ мець “канкурэнтаў” казаць наогул бессэнсоўна. Да гэтага трэба дадаць той факт, што апошнія паўтары-два гады Маскоўскі Патрыярхат досыць жорстка кантралюе не толькі любыя “аўтакефальныя тэндэнцыі”, а нават звычайную крытыку з боку кліру ў былых рэспубліках СССР. Прыкладам падобнага кантролю ды жорсткай рэакцыі з боку вышэйшых кіраўнікоў РПЦ ёсць забарона ў служэнні былога клірыка Беларускага экзархату А. Шрамко, які досыць нявінна асмеліўся пакрытыкаваць Маскоўскага патрыярха Кірыла, але ніколі не выказваў ніякіх аўтакефальных сімпатый.

І вось тут мы падыходзім да галоўнага пытання – асаблівасці святарскага служэння.

Для нармальнага святара ягоны сан ды служэнне не ёсць звычайнай прафесіяй. Гэта пакліканне, якое ў далейшым набывае рэальныя формы ў атрыманні адпаведнай духоўнай адукацыі ды святарскай фармацыі. Потым надыходзіць час высвячання ў сан дыякана, а праз пэўны час – у святара. Пры ўсіх спрыяльных умовах шлях ад паступлення ў духоўную семінарыю да высвячэння доўжыцца не менш 5-6 гадоў, бо, калі будучы святар не жадае быць манахам або цэлібатам, яму яшчэ патрэбна знайсці сваё каханне ды ўзяць шлюб. Апошняе досыць праблематычна хутка зрабіць семінарысту праз закрыты характар духоўных навучальных устаноў. Акрамя таго, духоўнае жыццё святара патрабуе рэгулярнага ўдзелу (або ўласнага здзяйснення) богаслужэння, якое патрабуе прысутнасці вернікаў. Наогул, наяўнасць грамады (парафіі) – гэта абавязковы элемент святарскага служэння. Нават святары, якія заняты адміністратыўнымі царкоўнымі справамі або выкладаюць у духоўных установах, прыпісваюцца да парафіі, дзе і здзяйсняюць менавіта святарскае служэнне. І гэта пры тым, што мы прадугледжваем знаходжанне святара ў нейкай юрысдыкцыі, дзе ёсць правадзейны архірэй.

Таксама мусім улічваць, што на сёння большасць святароў паступілі ў семінарыю пасля школы або, у некаторых выпадках, пасля службы ў арміі. Гэта значыцца, нават у часе найбольш ранняга высвячэння (23-25 гадоў), ужо маючы сям’ю, яны не валодаюць ніякай свецкай спецыяльнасцю.

А зараз прапаную задумацца: што чакае святара, які адкрыта пачне выказваць сімпатыю або падтрымліваць ідэю аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў Беларусі або дзейнасць Канстанцінопаля ва Украіне? Тым больш, што нават у “зачыненых” групах ніхто не застрахованы ад кантролю спецслужбаў ды звычайнага даносу “добразычліўцаў” кіруючаму архірэю, кіраўніцтву Беларускага Экзархату або непасрэдна ў Маскву.

Першае, аб чым можна казаць з вялікай доляй верагоднасці, святар, прыхільнік аўтакефаліі, падпадзе пад санкцыі з боку Беларускага Экзархату. Хутчэй за ўсё, ён будзе пазбаўлены права служэння на пэўны час, што фактычна пазбавіць яго сродкаў для існавання. Падобнае пакаранне, калі няма “пакаяння”, можа працягвацца досыць доўга, практычна нявызначаны тэрмін. На што мусіць жыць і як гадаваць сям’ю святар, які не мае ніякай іншай спецыяльнасці, ва ўмовах масавага беспрацоўя ў Беларусі? Пытання хутчэй рытарычнае.

Але дапусцім: святар выявіўся з моцным характарам ды перакананнямі. Ён не “пакаяўся”, не змірыўся, а пачаў абскарджваць сваё пакаранне. Адзіная інстанцыя, якая рэальна можа яму дапамагчы – Канстанцінопальскі патрыярхат, які гістарычна мае права “апошняга слова” ва ўсяленскім праваслаўі, што праўда, Маскоўскі патрыярхат гэтага прывілею не вызнае. Таму ў сучасных умовах, абапіраючыся на украінскія прэцэдэнты, падобнаму святару выдадуць грамату аб прыёме ў клір Канстанцінопальскага патрыярхату. І тут, як кажуць, “дзяржава ўступае ў гульню”.

Нават маючы ўсе паўнамоцтвы ды легітымны статус як клірык Усяленскага Патрыярхату, падобны святар ніколі не зможа афіцыйна зарэгістраваць парафію, пабудаваць храм ды легальна праводзіць богаслужэнне. Бо, як мы ўжо адзначалі вышэй, рэлігійнае заканадаўства Беларусі проста не дае яму гэтакай магчымасці, а нелегальная дзейнасць, нават ва ўласнай кватэры або будынку, будзе жорстка карацца штрафамі (падобныя прыклады традыцыйна займаюць “годнае” месца ў справаздачах беларускіх праваабаронцаў). Рэальна мы павяртаемся да першапачатковай праблемы – святар зноў застанецца без сродкаў на існаванне, але яшчэ і з неабходнасцю плаціць досыць вялікія штрафы.

Падсумавання

Падсумоўваючы ўсё вышэй выкладзенае, можна з упэўненасцю сцвярджаць: ніводны святар Беларускага Экзархату не будзе публічна, у тым ліку ў сацыяльных сетках і нейкіх групах, выказваць сваё рэальнае станоўчае стаўленне да аўтакефаліі, аб’яднаўчага сабору ўкраінскага праваслаўя і г.д. Таму рабіць нейкія высновы, нават абапіраючыся на размовы ў зачыненай Viber-групе, як мінімум некарэктна. Засталося адзінае пытанне: Для чаго быў напісаны артыкул Мікалая Рыбакоўскага?

На нашу думку, галоўнай мэтай аўтара было паказаць праваслаўным беларусам, у тым ліку і пэўнай часткі святароў БЭ РПЦ, што большасць кліру не падтрымлівае, ані беларускі патрыятызм, ані надання аўтакефаліі беларускаму праваслаўю. У галовы нязгодных з пазіцыяй РПЦ МП закладаецца думка – вы меншасць, таму мусіце маўчаць. Але нават калі святароў, прыхільнікаў аўтакефаліі, у Беларусі сапраўды пакуль мала, мусім згадаць словы Хрыста: “Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства” (Лк. 12:32).

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі