«Дзякуй Богу» і «не дай Бог»: што Лукашэнка казаў пра Бога ў 2018 годзе

poslanie-4

Вось і падыходзіць да завяршэння 2018 год. Ужо зусім мала застаецца да прамовы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якой ён будзе падводзіць вынікі гэтага года. Свае вынікі вырашылі падвесці і мы. У прыватнасці, мы вырашылі паглядзець, што казаў пра Бога у 2018 годзе кіраўнік дзяржавы.

За аснову для гэтага мы ўзялі афіцыйны сайт беларускага прэзідэнта.

У цэлым Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выступах даволі часта згадваў Бога, але рабіў гэта, калі казаць словамі дзесяці запаведзяў, дарэмна. Так, найбольш частым выразам ў яго быў «Не дай Бог». Мы налічылі не менш за 37 падобных згадак на прэзідэнцкім сайце за гэты год. Тычыліся яны ў асноўным невыканання якіх-небудзь даручэнняў кіраўніка дзяржавы.

Другое месца ўпэўнена займае падобны па гучанні і супрацьлеглы па значэнні выраз “Дай Бог” — 13 разоў. Завяршае тройку лідараў фраза «Слава Богу» — 6 разоў.

Блізка да гэтых выразаў стаіць і «Дзеля Бога», праўда, згаданае ўсяго адзін раз.

Больш асэнсаваную ўзгадку Бога можна сустрэць у выпадках, калі Аляксандр Лукашэнка казаў аб межах або месцазнаходжанні Беларусі, якое «вызначана Госпадам Богам», ды і суседзі — «яны ад Бога». Падобных выразаў мы налічылі не менш за чатыры.

Але даводзілася чуць пра Бога ад кіраўніка дзяржавы і ў даволі экстравагантных сітуацыях. Так, можна было даведацца, што ў пытаннях экалогіі «нас яшчэ Бог беражэ за кошт гэтай «дыктатуры» і аўтарытарызму».

Ды і ў матчы Лігі Еўропы паміж мінскім «Дынама» з расейскім «Зенітам», які скончыўся з лікам 4:0 на карысць мінчан, «Бог быў на нашым баку, таму што мячы такія забівалі, што часам проста шанцавала». Праўда, калі прытрымлівацца гэтай логікі хтосьці пасля ўжо вельмі моцна разгневаў Бога, бо ў матчы ў адказ у Санкт-Пецярбургу бела-сінія разгромна прайгралі з яшчэ большым лікам — 8:1 і не прайшлі ў наступны раўнд.

Важна адзначыць і тое, як слова Бог пішыцца на сайце. Толькі ў адзінкавых выпадках яно пішыцца з вялікай літары, тады як у асноўным з маленькай. А вось слова прэзідэнт заўсёды пішыцца з вялікай літары.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі