Томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны. Аналітычны агляд

373c5259cad00c70fe148591fc49ff2f_1546689936_wysiwyg

Падпісанне ды наданне Канстанцінопалем томасу аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царкве Украіны, якое адбылося 5 – 6 снежня 2019 года ў патрыяршым храме Юрыя Пераможца на Фанары, без перабольшання ёсць вельмі значнаю падзеяю не толькі для Украіны, а і для ўсяго хрысціянскага свету. Паўстала новая кананічная Праваслаўная Царква, якая мае ўсе магчымасці зрабіцца адной з найбольшых ва Усяленскім Праваслаўі. У дадзеным артыкуле мы паспрабуем прааналізаваць уласна тэкст томасу, бо ён ёсць не проста граматай аб наданні аўтакефальнага статусу, а вельмі сур’ёзным дакументам, які будзе рэгуляваць усё жыццё Праваслаўнай Царквы Украіны (далей – ПЦУ).

Адразу варта адзначыць, што насуперак сцверджанням Маскоўскага Патрыярхату, томас надае менавіта аўтакефалію, а не аўтаномны статус. Гэта значыцца: ПЦУ будзе цалкам самастойная ды незалежная. Аднак ў дадзеным дакуменце ўтрымліваюцца некаторыя новыя падыходы, якія, па нашым меркаванні, з’явіліся і як вынік рашэнняў Усеправаслаўнага сабору 2016 года, так і падзеяў, якія суправаджалі яго падрыхтоўку ды правядзенне. Таксама ўлічаны пэўны негатыўны вопыт у арганізацыі ўнутрыцаркоўнага жыцця некаторых іншых Праваслаўных Цэркваў.

Па нашым меркаванні, увесь тэкст Томосу можна ўмоўна падзяліць на некалькі блокаў, якія, хоць і не вылучаны спецыяльна, вельмі добра праглядаюцца.

Кіруючая роля Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Усяленскім Праваслаўі

Ва ўсім тэксце томасу рэфрэнам праходзіць сцверджанне аб безумоўнай кіруючай ролі Канстанцінопальскага Патрыярхату ва Усяленскім Праваслаўі. Гэта, найперш, наступныя сцверджанні аб тым:

—  што на Канстанцінопальскай кафедры ляжыць асаблівая адказнасць за Праваслаўны свет ды захаванне канонаў: “Апостальскі Канстанцінопальскі Прастол, які паводле шматвяковага кананічнага падання абавязаны клапаціцца пра Святыя Праваслаўныя Цэрквы, маюць у гэтым патрэбу, а найбольш пра тых, якія заўсёды з імі звязаныя кананічнымі вузамі, напрыклад гістарычная Мітраполія Кіеўская”;

— што Канстанцінопаль мае выключнае права надання аўтакефаліі праз “абавязак клопату Вялікай Хрыстовай Царквы за Праваслаўны свет, для лячэння пастаянна пагражаючых расколаў і падзелаў у мясцовых Цэрквах”;

— што Канстанцінопаль з’яўляецца канчатковай судовай інстанцыяй для архірэяў і святароў: “захоўваецца права ўсіх архірэяў і іншага духавенства на апеляцыйны зварот да Ўсяленскага Патрыярха, які мае кананічную адказнасць прымаць безапеляцыйныя судовыя рашэнні для епіскапаў і іншага духавенства памесных Цэркваў, згодна з 9-м і 16-м святымі канонамі IV Халкідонскага Усяленскага Сабору”.

— “што Аўтакефальная Царква Украіны прызнае галавой Свяцейшы Апостальскі і Патрыяршы Усяленскі Пасад, як і іншыя Патрыярхі і Прадстаяцелі”

Таксама, Усяленскі Патрыярх акцэнтуе – толькі Канстанцінопальская кафедра вызначае месцы ў Дыптыху: “Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны павінен памінаць паводле старажытных паданняў святых айцоў нашых, Усяленскага Патрыярха, Дабраслаўлёных Патрыярхаў і іншых Прадстаяцеляў Памесных Праваслаўных Цэркваў, у шэрагу дыптыха, згодна з кананічным парадкам, атрымаўшы сваё месца пасля Прадстаяцеля Царквы Чэхіі і Славакіі ў свяшчэнным дыптыху і на царкоўных сходах”. Уласна і вызначэнне тытулу кіраўніка ПЦУ знаходзіцца выключна ў кампетэнцыі Канстанцінопаля: “не дапускаецца якога-небудзь дапаўнення або аднімання з яго тытула без дазволу Канстанцінопальскай царквы”.

Кананічныя межы Праваслаўнай Царквы Украіны, адносіны з Канстанцінопалем ды Усяленскім Праваслаўем

Томас вельмі дакладна апісвае кананічныя межы ПЦУ: “мы прызнаем і абвяшчаем усталяваную ў межах тэрыторыі Украіны аўтакефальную царкву”, пры гэтым “не можа ставіць епіскапаў або засноўваць парафіі за межамі краіны; ужо існуючыя з гэтага часу падпарадкоўваюцца, згодна з парадкам, Усяленскаму Пасаду, які мае кананічныя паўнамоцтвы ў дыяспары, бо юрысдыкцыя гэтай Цэрквы абмяжоўваецца тэрыторыяй Украінскай Дзяржавы”.

На наш погляд, гэта здымае асноўную частку праблемы ў прызнанні ПЦУ іншымі членамі Усяленскага Праваслаўя, бо ў свой час Кіеўскі Патрыярхат заснаваў епархіі ды парафіі (некалькі з іх – УАПЦ) на кананічнай тэрыторыі Польскай, Эладскай, Фінскай Праваслаўных Цэркваў, а таксама Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель ды Славакіі. Таксама тут выконваецца традыцыя ды пастанова апошняга Усеправаслаўнага Сабору, якія аддаюць дыяспару пад амафор Канстанцінопальскага патрыярхату.

Практычна гэта будзе выглядаць наступным чынам: структуры былога Кіеўскага Патрыярхату, створаныя ў краінах, дзе існуюць уласныя Памесныя Цэрквы, аўтаматычна будуць далучаны да іх, а ў іншых дзяржавах – да адпаведных кананічных структур Усяленскага Патрыярхату. Адносна цікаваю можа быць доля былых епархій Кіеўскага Патрыярхату на тэрыторыі Расіі, бо Маскоўскі Патрыярхат прыпыніў еўхарыстычныя адносіны з Канстанцінопалем ды адназначна не будзе вызнаваць гэтыя структуры. Па меркаванні некаторых экспертаў з кананічнага права, яны могуць зрабіцца анклавам Усяленскага Патрыярхату ў Расіі ды нават прыцягнуць да сябе тых, каго не задавальняе дзейнасць Расійскай Праваслаўнай Царквы.

Акрамя таго, Канстанцінопальскі патрыярхат улічыў негатыўны вопыт, калі некаторыя Праваслаўныя Цэрквы адмовіліся браць удзел у Усеправаслаўным Саборы 2016 года ды зазначыў у томасе: “Праваслаўная Царква Украіны, праз свайго Першага або кананічнага месцаблюсціцеля Кіеўскага прастола, абавязаная ўдзельнічаць па важных кананічных, дагматычных і іншых пытаннях у Міжправаслаўных нарадах, якія збіраюцца час ад часу, паводле святых звычаяў, ад пачатку усталяваных Айцамі”. Такім чынам, удзел ва ўсіх міжправаслаўных мерапрыемствах, якія збірае Усяленскі Патрыярхат, робіцца для ПЦУ абавязковым, кананічна выводзіцца з кампетэнцыі як Кіеўскага мітрапаліта, так і сіноду, архірэйскага і памеснага сабораў.

Вельмі істотна, што Канстанцінопаль “прызнае і абвяшчае ўсталяваную ў межах тэрыторыі Украіны, аўтакефальную царкву нашай духоўкай дачкой і заклікаем усе сусветныя Праваслаўныя Цэрквы прызнаваць яе як сястру і ўспамінаць пад імем «Святая Царква Украіны», тым самым канчаткова скасоўвае ўсе спробы Маскоўскага Патрыярхату паводзіцца на тэрыторыі былой Кіеўскай мітраполіі як “вярхоўная ўлада”, называючы сябе “царквой-маці”. У доўгатэрміновай перспектыве гэта падрывае ўсе спробы Маскоўскага Патрыярхату ўсталяваць кананічнае манапольнае становішча ў Беларусі ды Літве, якія таксама былі часткаю Кіеўскай мітраполіі, ды стварае прэцэдэнт надання ім аўтакефаліі па ўкраінскім сцэнары.

Досыць незвычайным для Усяленскага Праваслаўя ёсць прапісванне ў томасе права “Ўсяленскага Пасаду на экзархат ва Украіне і святыя стаўрапігіі”, якія “захоўваюцца нязменшанымі”. Праз гэтае сцверджанне Канстанцінопаль мае права не толькі на прысутнасць сваіх прадстаўнікоў (экзархаў) ва Украіне, што, у прынцыпе, з’яўляецца нармальнай практыкай у адносінах Праваслаўных Цэркваў, а і ствараць тут уласныя кананічныя структуры (манастыры, брацтвы, парафіі), якія не ўваходзяць у структуру ПЦУ. Пры гэтым само стварэнне гэтых структур Канстанцінопаль можа аніяк не ўзгадняць з Кіеўскім мітрапалітам, сінодам ды саборамі ПЦУ. Апошняе, хоць і мела месца ў часе існавання Кіеўскай мітраполіі, з’яўляецца цалкам новым у адносінах Канстанцінопаля з іншымі Памеснымі Цэрквамі, нават з тымі, што атрымалі аўтакефалію з рук Усяленскага Патрыярхату. З аднаго боку, падобная практыка можа быць пэўным засцерагальнікам ад злоўжывання архірэяў ПЦУ уладай, а з іншага – маем вельмі багата гістарычных прыкладаў, калі стаўрапігіі цалкам беспадстаўна паўставалі супраць царкоўнай улады ды стваралі бязладдзе ў Царкве (хрэстаматыйны прыклад – шматгадовая барацьба Кіеўскага мітрапаліта Пятра (Магілы) з Львоўскім стаўрапегійным брацтвам, якая прынесла Царкве вельмі багата шкоды).

Дзяржава і стварэнне аўтакефальнай Царквы

Ужо з першых радкоў томасу падкрэсліваецца, што аўтакефалія – гэта не толькі царкоўнае, а і дзяржаўнае пытанне: “паколькі набожная і Богам захаваная зямля Украіны ўмацаваная і ўзвялічаная вышэйшым задумам і атрымала сваю поўную палітычную незалежнасць, дзяржаўныя і царкоўныя кіраўнікі якой ужо амаль трыццаць гадоў горача просяць яе царкоўнага самакіравання” ды томас “уручаны ў дакладнай і ідэнтычнай копіі Вялебнаму Прадстаяцелю Найсвяцейшай Царквы Украіны, кір Епіфанію і Яго правасхадзіцельству прэзідэнту спадару Пятру Парашэнку”.

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што толькі ў супольнасці працы Царквы ды дзяржавы можа быць атрыманая аўтакефалія – царкоўная незалежнасць. Фактычна гэта працяг старой практыкі, калі аўтакефалія надавалася выключна пры падтрымцы падобнага руху з боку дзяржавы. Пры гэтым, як сведчаць гістарычныя прэцэдэнты надання аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царкве, а таксама Праваслаўнай Царкве Чэшскіх зямель ды Славакіі, кіраўнікі дзяржавы могуць і не спавядаць праваслаўя.

Хоць указанне імя кіраўніка дзяржавы ў томасе ёсць досыць нязвычным, але яно тлумачыцца як веравызнаннем прэзідэнта Украіны, так і ягоным вялікім укладам у аб’яднанне праваслаўных ды набыццё аўтакефаліі Праваслаўнай Царквой Украіны.

Пытанне ўнутранага жыцця ПЦУ

Рыхтуючы томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы Украіны, Канстанцінопаль заклаў пэўныя засцерагальнікі, каб яна не пераўтварылася ў т.зв. “царкоўную манархію”, калі ўлада знаходзіцца выключна ў руках Прадстаяцеля ды вузкага кола “сталых членаў сіноду”, а большасць архірэяў ды духавенства знаходзяцца на становішчы “прыгонных”. Пачатак гэтага працэсу быў пакладзены ў часе прыняцця Свяцейшым сінодам Канстанцінопальскага Патрыярхату праекту Статуту ПЦУ, які быў у далейшым прыняты на аб’яднаўчым саборы ў Кіеве.

Так, як мы ўжо адзначалі вышэй, у томасе выразна прапісанае права ўсіх архірэяў і святароў ПЦУ звяртацца з апеляцыяй да Канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым рашэнне суду Усяленскага Патрыярхату з’яўляецца безапеляцыйным і абавязковым для ПЦУ. Таксама падкрэсліваецца немагчымасць змены тытулу Кіеўскага мітрапаліта.

Сам Сінод ПЦУ “штогод склікаецца з архірэяў, запрошаных па чарзе па іх старшынстве з ліку тых, якія маюць епархіі ў геаграфічных межах Украіны”. Ратацыя членаў сіноду робіць немагчымым “прыўласненне” кіраўніцтва Царквою невялікай групай асоб. Усе дзеі архірэяў ды сам Статут ПЦУ “маюць ва ўсім абавязкова адпавядаць палажэнням гэтага Патрыяршага і Сінадальнага томасу”.

У томасе прапісаны і засцерагальнік ад магчымых ерасей ды скажэння веры, які могуць вынікнуць праз неспадзяваныя выпадкі: “Для вырашэння значных пытанняў царкоўнага, дагматычнага і кананічнага характару варта Вялебнаму мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны, ад імя Святога Сінода сваёй Царквы звяртацца да нашага Свяцейшага Патрыяршага і Усяленскага Пасаду, якія імкнуцца ад яго з аўтарытэтным меркаваннем і цвёрдым ўзаемаразуменнем”.

Падсумоўваючы кароткі агляд томасу, мусім заўважыць, што ягоныя палажэнні не ёсць чыста тэарэтычнымі і іх немагчыма ігнараваць ці змяніць. Бо “на ўсіх гэтых умовах, наша Святая Хрыстовая Вялікая Царква дабраслаўляе і абвяшчае Праваслаўную Царкву Украіны Аўтакефальнай”.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі