Епіфаній выправіў сваю памылку

e0d2f13788a7fb39ad9dd1a46831aeed286b0ef8

Калі мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Епіфаній служыў першую літургію ў якасці прадстаяльніка Праваслаўнай Царквы Украіны, на Вялікім уваходзе ён не памянуў Кірыла Расійскага. Пазней архіўладыка патлумачыў гэты свой учынак тым, што Расія – варожая краіна, а Кірыл моліцца за яе войска.

Каментуючы гэты эпізод, я напісаў рэпліку “Мітрапаліт Кіеўскі зрабіў першую памылку”.

Памянуць Кірыла, пісаў я, трэба было хоць бы таму, што не ўсе вернікі Маскоўскай Царквы як у самой Расіі, так і ў іншых поставецкіх дзяржавах варожа настаўленыя да Украіны і аўтакефаліі ПЦУ. Памянуць Кірыла трэба было і таму, што сам Ісус Хрыстос вучыў любіць ворагаў і бласлаўляць тых, хто кляне цябе. Гэта якраз той выпадак, калі трэба быць вышэй за крыўды і паказваць: вось яны плявузгаюць на нас, яны не жадаюць нам дабра, але мы молімся за іх. У такім разе новая Царква і яе прадстаяльнік будуць не толькі паказваць вернасць запаветам Ісуса з Назарэта, але і маральна стаяць вышэй за Кірыла і тых, хто яго падтрымлівае ва ўкраінскім пытанні.

На першай літургіі пасля атрымання томаса пра аўтакефалію Кірыла Расійскага мітрапаліт Епіфаній памянуў. І гэта цалкам адпавядае аднаму з палажэнняў томаса, у якім ясна запісана, што прадстаяльнік Праваслаўнай Царквы Украіны павінен за літургіяй памінаць усіх прадстаяльнікаў кананічных аўтакефальных цэркваў. Пэўна, і Патрыярх Варфаламей у асабістай гутарцы звярнуў увагу маладога ачольніка ПЦУ на гэтае прадпісанне.

Тое, што Епіфаній памянуў Кірыла, не застанецца не заўважаным кіраўнікамі іншых праваслаўных цэркваў і будзе станоўча ацэнена ва ўсім хрысціянскім свеце. Памінаннем Кірыла мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны кажа: яны зычаць нам зла, пасылаюць нам праклёны, забіваюць нашых братоў, а мы працягваем ім аліўкавую галінку міру і заклікаем іх да хрысціянскай любові. Гэтым жэстам Праваслаўная Царква Украіны паставіла сябе вышэй за сваіх апанентаў і нядобразычліўцаў.

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі