Пяць манашак і адзін біскуп: да гісторыі Полацкай княскай дынастыі

16611_html_m71c1918d

Дынастыя Рагвалодавічаў, якая з канца Х стагоддзя кіравала Полацкім княствам, вядомая не толькі праз свае палітычныя ды вайсковыя справы, але і праз тое, што многія яе прадстаўнікі праславіліся як выбітныя дзеячы хрысціянскай Царквы – спачатку агульнай, яшчэ непадзеленай расколам 1054 году, а затым Праваслаўнай.

Прычым пачатак гэтаму паклала сама княгіня Рагнеда Рагвалодаўна, якая не толькі адрадзіла дынастыю свайго бацькі на полацкім пасадзе, але незадоўга перад смерцю ў 1000 годзе прыняла манаскі пострыг з імем Настасся. Хоць гэты і эпізод і ўзгадваецца толькі ў даволі познім Цвярскім летапісе, сам далейшы лёс Полацкай княскай дынастыі робіць такое развіццё падзей даволі верагодным.

Быў веруючым чалавекам і яе сын Ізяслаў. Напрыклад, ужо Ніканаўскі летапіс апісвае яго наступным чынам: «Быў жа гэты князь ціхі і лагодны, і памяркоўны, і міласцівы, і любіў вельмі і ўшаноўваў святарскі чын манашскі, і рупліва перачытваў Боскія пісанні, і пазбягаў нікчэмнай мітусні, і слёзны быў, і спагадны, і доўгацярплівы…».

Пры ім ці пры яго сыне Брачыславе ў Полацк прыбываюць вядомыя скандынавы-хрысціцелі Ісландыі Торвальд і Стэўнір, якія маглі спрычыніцца да заснавання ў Полацку манастыра і царквы святога Яна Хрысціцеля.

Сын Брачыслава Усяслаў засноўвае ў Полацку Сафійскі сабор, чым фактычна абвяшчае царкоўную незалежнасць Полацка ад суседніх Кіева і Ноўгарада. І хоць у “Слове пра паход Ігаравы” полацкі князь называецца ведзьмаком і пярэваратнем, аднак падчас перамоваў з кіеўскімі Яраславічамі ў 1067 годзе менавіта ён застаўся верным клятве, дадзенай пры цалаванні крыжа, тады як яго супернікі яе парушылі і зняволілі яго.

Унучкай Усяслава была славутая Еўфрасіння (Прадслава) Полацкая (1104-1167), якая ў 12 год прыняла манаскі пострыг, перапісвала, а, магчыма, і перакладала кнігі ў манастыры, заснавала шэраг цэркваў і манастыроў, ператварыўшы Полацк у сапраўдны культурны цэнтр. Менавіта да яе ўзыходзіць і беларуская святыня – крыж, створаны майстрам Лазарам Богшам. Памерла яна ў 1167 годзе ў паломніцтве да Труны Гасподняй у Ерусалім.

Найбліжэйшымі памочніцамі полацкай асветніцы былі дзве іншыя прадстаўніцы дынастыі – яе родная сястра Еўдакія (Гардзіслава) Святаслаўна і стрыечная сястра Еўпраксія (Звеніслава) Рагвалодаўна, якім прыпісваюць перапіску з Кірылам Тураўскім, напісанне полацкіх летапісаў і жыцця Еўфрасінні, кіраванне манастырамі.

Цікава, што калі ў 1129 годзе пасля захопу Полацку кіеўскі князь Мсціслаў выслаў сыноў Усяслава ў Візантыю, Еўфрасіння, Еўпраксія і Еўдакія засталіся фактычна адзінымі прадстаўнікамі Полацкай дынастыі ў княстве. Нельга выключаць, што менавіта дзякуючы ім на Полацкім пасадзе не здолелі замацавацца кіеўскія Манамашычы, і ўлада ў 1132 годзе вярнулася да Рагвалодавічаў – яе атрымаў родны брат Еўфрасінні і Еўдакіі Васілька Святаславіч.

Чарговай вядомай манашкай з полацкай дынастыі была пляменніца Еўпраксіі (Звеніславы) – Еўпраксія (свецкае імя Еўфрасіння) Пскоўская, дачка полацкага князя Рагвалода ІІІ. Выхаванка полацкага Спаса-Праабражэнскага манастыра, яна выйшла замуж за пскоўскага князя Яраслава, а калі той ажаніўся з іншай – прыняла манаскі пострыг, заснавала жаночы манастыр і стала яго ігуменняй. У 1243 годзе яна была забітая сваім пасынкам.

З роду полацкіх князёў паходзіў і біскуп (на беларускай мове ХІІ-ХІІІ стагоддзяў – піскуп) Сымон, пра якога мы ўжо пісалі раней. Спачатку ён кіраваў Полацкай епархіяй, а ў 1271-м – новаўтворанай Цвярской. Паводле летапісцаў, ён вельмі добра разбіраўся ў Святым Пісанні, займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў бедным, сіротам, удовам, заступаўся за пакрыўджаных і абараняў тых, супраць каго чынілі гвалт. Не было для яго праблемай нават уступіць у спрэчку з князем.

Такім чынам, прынамсі пяцёра прадстаўнікоў полацкіх Рагвалодавічаў сталі манашкамі, яшчэ адзін – біскупам. Трое з іх – Еўфрасіння Полацкая, Еўпраксія Пскоўская і Сымон Цвярскі – былі прылічаныя да ліку святых. А, магчыма, што і Еўпраксія Полацкая. І гэта пры тым, што ўласна полацкія летапісы, якія б маглі раскрыць падрабязнасці ранняй гісторыі Беларусі, не захаваліся.

А пачалося ж усё з Рагнеды, якая не толькі стаіць ля падмуркаў беларускай дзяржаўнасці, але і адыграла важную ролю ў хрысціянізацыі нашага краю. Магчыма, хрысціянскія Цэрквы Беларусі аддадуць належнае і ёй.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі