Яшчэ аднаму ксяндзу з Польшчы забаранілі служэнне ў Беларусі. На гэты раз з Віцебска

1b022937cdf6173682fa7da43824d5ff_XL

Пробашчу каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску ксяндзу Паўлу Кнураку, які з’яўляецца грамадзянінам Польшчы, забаранілі служыць у Беларусі. Святар праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. Дагэтуль ён больш за 16 гадоў узначальваў парафію святога Апостала Андрэя ў Лынтупах (Пастаўскі раён).

Але ў лістападзе 2018 году пробашч быў вымушаны пакінуць краіну, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Перад ад’ездам у Польшчу ён казаў, што разлука часовая і што цягам некалькіх месяцаў пытанне можа вырашыцца і ён вернецца да паствы, паведамляе Віцебская Вясна.

Але 13 студзеня пасля ўрачыстай імшы Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч паведаміў парафіі, што ад упаўнаважанага па справах релігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі прыйшла чарговая адмова на працягненне служэння ў Беларусі. “Без тлумачэнняў прычын. І цяпер ужо канчаткова”, – удакладніў біскуп.

Алег Буткевіч  прызнаўся, што вельмі расчараваны адмовай і заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі ўладаў, каб яны былі больш адкрытымі да каталіцкага Касцёлу і ягоных патрэбаў.

Парафіяне абвясцілі збор подпісаў пад зваротам да Леаніда Гулякі з просьбай перагледзець рашэнне аб непрацягненні дазволу на служэнне ў Беларусі кс. Паўлу Кнураку і дазволіць яму вярнуцца ў сваю парафію. Яны просяць таксама патлумачыць, з якой прычыны было прынятае рашэнне аб забароне на яго служэнне ў нашай краіне. За адзін дзень пад зваротам падпісалася каля 300 чалавек. Неўзабаве тэкст петыцыі мусіць з’явіцца на Petitions.by.

Вернікі ў выпадку чарговай адмовы збіраюцца звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта.

“Зусім незразумела, як пры гэтым чалавек, які больш за 15 гадоў адпрацаваў у Беларусі на ніве духоўнага адраджэння нашай Айчыны, пазбаўляецца права знаходзіцца і служыць на яе тэрыторыі. Упэўненыя, што такія забароны шкодзяць іміджу ўсёй краіны”, – гаворыцца ў звароце.

Вернікі адзначаюць, што святар “адпраўляў набажэнствы, прамаўляў казанні і размаўляў з людзьмі на добрай беларускай мове”, выдатна ведаў нашую культуру і ўсімі сродкамі спрыяў яе развіццю.

Падчас перадкаляднай прэс-канферэнцыі Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звяртаў увагу на “пэўныя складанасці з запрашэннем святароў з замежжа, не толькі з Польшчы”. Казаў, што вакансіі святароў у Віцебскай дыяцэзіі пакуль немагчыма кампенсаваць ксяндзамі-беларусамі. Паводле яго, на падрыхтоўчых курсах у духоўнай семінарыі навучаюцца толькі два чалавекі з дыяцэзіі.

Паводле інфармацыі Віцебскай Вясны, за 2016-2018 гады ўлады не далі аніводнага дазволу на служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі замежнікам, як святарам, гэтак і манашкам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі