У Гродне прадставілі беларускую версію гімна Сусветных дзён моладзі ў Панаме

Панама
У Гродне ў каталіцкай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі 14 студзеня адбылася прэзентацыя афіцыйнай беларускамоўнай версіі гімна 34-х Сусветных дзён моладзі, якія праз некалькі дзён распачнуцца ў Панаме.

Пераклад тэксту гімна на беларускую мову здзейсніў кс. Андрэй Лішко, прэфект семінарыі ў Гродне, паведамляе catholic.by.

У дзень прэзентацыі ў семінарыйнай зале сабралася гродзенская моладзь, у тым ліку,удзельнікі беларускай дэлегацыі, у якую ўваходзіць біскуп Юзаф Станеўскі, адказны за душпастырства моладзі ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Спеў гімна выканалі музычны гурт семінарыі Ave i музычны гурт Акадэмічнага душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі Open.

Тэкст афіцыйнага гімна раскрывае дэвіз СДМ 2019, абвешчаны папам Францішкам: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38), a музыка пабудавана на характэрных панамскіх рытмах.

Пераклад гімна СДМ 2019 на беларускую мову:

Мы, пілігрымы, сёння прыбылі сюды

з розных кантынентаў, гарадоў і вёсак.

Добрую навіну хочам свету абвяшчаць мы,

Кожны з нас — гэта Хрыста місіянер.

Так, як Марыя, хочам адказаць мы «Так»

на Твой заклік і Твой «план».

Радуецца неба і гучыць спевам хвалы,

уся зямля праслаўляе Твае справы.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.

Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Вось я, Твая слуга,

Вось я, Твая дачка,

Вось я, Твой сын

Тaк, як Марыя, хочам разам мы пайсці

як Касцёл, несці Тваю любоў.

Маладыя сведкі і верныя вучні,

Поўныя веры, радасці, паклікання.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.

Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Не страшыцеся, не бойцеся

занесці свету Божую любоў.

Аддаць Яму жыццё, так, як Марыя

Паказала нам, як быць слугою.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.

Хай мне станецца паводле Твайго слова. (6х)

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі