Алег Трусаў: цікавасць да Універсітэта імя Ніла Гілевіча – велізарная

SAM_5209

На чарговай Радзе ТБМ імя Ф. Скарыны 27 студзеня кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, які выконвае абавязкі рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча, распавёў пра дзейнасць, якую вядзе ТБМ па фарміраванні новай навучальнай установы.

— Пры Таварыстве беларускай мовы зараз дзейнічаюць курсы, на якіх займаюцца 75 наведвальнікаў. Гісторыя Беларусі, хімія, фізіка, матэматыка, польская, англійская і нямецкая мовы вывучаюцца праз беларускую мову. Аплата за курсы размяркоўваецца на арэнду памяшкання і аплату 15 выкладчыкаў, якія ёсць у штаце. З сакавіка мы набіраем вучняў 10-11 класаў для падрыхтоўкі да здачы ЦТ. На курсы могуць прыязджаць навучэнцы не толькі з Менска, але і з ваколіц.

Ідзе актыўная праца з мэтай набыцця ліцэнзіі, але для гэтага трэба падрыхтаваць персанальныя праграмы па 6 накірунках навучання, якія мы будзем прапаноўваць студэнтам. Трэба зрабіць падрабязныя навучальныя планы, прадставіць спісы выкладчыкаў. Каб атрымаць ліцэнзію, трэба прадставіць у Міністэрства адукацыі і іншыя структуры больш чым 30 папер. Кожны тыдзень мы праводзім рэктарат і рухаем справу. Калі паспеем атрымаць ліцэнзію ў гэтым годзе, то пачнем набіраць студэнтаў з верасня, калі не – то ў наступным годзе. 70% выкладчыкаў павінны быць уладкаваныя па працоўных кніжках. Але працаваць ва ўніверсітэце ахвотна пагаджаюцца кандыдаты і дактары навук сталага веку, якіх вельмі шмат.

Галоўнае, што Універсітэт ёсць, курсы працуюць, – падкрэсліў Алег Трусаў. — Калі мы ездзілі па Беларусі, то пераканаліся, што цікавасць да Універсітэта — велізарная. Нядаўна, калі мы былі ў Барысаве, мясцовая грамадскасць задавала шмат пытанняў наконт Універсітэта. Жадаючыя вучыцца ёсць. Прыватны Універсітэт дае нашмат больш, чым дзяржава. У прыватным універсітэце не трэба ствараць камсамол і браць на працу ідэолага, ёсць свае перавагі. Такіх універсітэтаў у нас у краіне 10, і яны здольныя зарабляць грошы. Самае цяжкае – атрымаць ліцэнзію. Дзяржава, хаця не дае ні капейкі, але зацікаўлена, бо ў бюджэт пойдуць грошы. Навучанне будзе ісці па накірунках: бізнес і кампутарныя тэхналогіі, ахова культурнай спадчыны і турызм, літаратурны і мастацкі пераклад, культуралогія, германістыка (краіназнаўства), паланістыка. На кожны накірунак мы хочам браць па 60 студэнтаў.

Нядаўна хакеры ўзламалі ўніверсітэцкі сайт, што сведчыць пра неабыякавасць да яго. Зараз яго праца аднаўляецца. Мы адчынілі рахункі Універсітэта ў беларускіх і расейскіх рублях, у еўра і далярах. Нядаўна ад Асамблеі недзяржаўных арганізацый наш Універсітэт атрымаў узнагароду ў намінацыі “Новая ініцыятыва”. Гэта ўзняла наш прэстыж ва ўсім свеце, бо ў конкурсе ўдзельнічала 57 намінантаў, а ў журы было 112 грамадскіх лідараў.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі