Каталіцкія і пратэстанцкія семінарыі не атрымліваюць фінансавую дапамогу ад уладаў Беларусі

рубли

Каталіцкія адукацыйныя ўстановы ў Беларусі яшчэ ні разу не атрымлівалі ад беларускіх уладаў фінансавай дапамогі на аплату працы супрацоўнікаў і выплаты стыпендый навучэнцам. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, ксёндз Юрый Санько.

“Не, мы на ўласным утрыманні”, — адзначыў суразмоўца.

Пры гэтым ён адзначыў, што з адукацыйных установаў Беларускай Праваслаўнай Царквы толькі некаторыя знаходзяцца на ўласным утрыманні, рэшта – на ўтрыманні дзяржавы.

Пра тое, што фінансавай дапамогі не атрымліваюць і пратэстанцкія навучальныя ўстановы заявіў намеснік епіскапа Аб’яднанай Царквы ХВЕ ў Беларусі, рэктар Тэалагічнага інстытуту ХВЕ Сяргей Паднюк.

«Дзяржава ніяк не падтрымлівае евангельскія навучальныя ўстановы ў нашай краіне. Пратэстанцкія духоўныя семінарыі не заснаваны дзяржавай, а заснаваны брацтвам Аб’яднанай Царквы хрысціян веры Евангельскай у Беларусі. Таму адукацыйныя ўстановы як ЕХБ, так і ХВЕ ўтрымліваюцца выключна за кошт ахвяраванняў цэркваў ці асабістых ахвяраванняў прыхаджан. Часцяком вернікі пераводзяць грошы на рахунак царквы, або памесная царква, адпраўляючы на ​​вучобу свайго верніка, можа аказаць фінансавую дапамогу. Часам практыкуецца і спецыяльны збор грошай на набажэнстве канкрэтна на развіццё духоўнай адукацыі сярод пратэстантаў у нашай краіне», — адзначыў ён.

Як паведамляла Krynica.info, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня падпісаў распараджэнне аб выдзяленні у 2019 годзе 905,4 тыс. рублёў (амаль 420 тыс. даляраў) у рамках штогадовай падтрымкі духоўных навучальных устаноў Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Грошы вылучаць з рэзервовага фонду прэзідэнта на аплату працы выкладчыкаў і работнікаў, а таксама выплаты стыпендый студэнтам і навучэнцам Мінскай духоўнай акадэміі, Мінскай духоўнай семінарыі, Віцебскай духоўнай семінарыі і Мінскага духоўнага вучылішча.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі