Мітрапаліт Кандрусевіч пра трагедыю ў Стоўбцах: чалавек адарваўся ад Евангелля

000020_297049

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, выступіў са зваротам з нагоды стаўбцоўскай трагедыі, калі 11 лютага ў школе №2 навучэнец 10 класа нажом забіў настаўніцу і аднаго вучня і моцна параніў яшчэ дваіх школьнікаў.

Паводле яго, такая складаная сітуацыя змушае засяродзіцца над духоўнымі прычынамі таго, што здарылася ў Стоўбцах. На думку арцыбіскупа, у пошуках прычын падобных трагедый недастаткова засяроджвацца толькі на сацыяльных прычынах ці сямейных абставінах, паведамляе Catholic.by.

“Прычына больш глыбокая. Тры пакаленні атэізацыі не прайшлі дарма. У выніку гэтага працэсу чалавек адарваўся ад каранёў духоўнага жыцця — Евангелля і вучэння Касцёла”, — заявіў мітрапаліт.

І хоць за апошнія тры дзесяцігоддзі сітуацыя змянілася, але не настолькі, каб максімальна спрыяць сапраўднаму духоўнаму адраджэнню, мяркуе Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле яго ў інтэрнэце і СМІ дзеці найчасцей бачаць гвалт, забойствы, алкаголь, наркотыкі, амаральны стыль жыцця. Арцыбіскуп заявіў пра неабходнасць звярнуць увагу на праблему духоўнага выхавання маладога чалавека.

Мітрапаліт заклікаў усіх людзей добрай волі, грамадскія і рэлігійныя арганізацыі, а таксама ўлады краіны ўчыніць усё магчымае для належнага здаровага выхавання маладога пакалення на духоўных каштоўнасцях “з мэтай дасягнення шчаслівай будучыні нашай краіны”.

Фота sk.gov.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі