Пасля Томасу. Цярністы шлях станаўлення Праваслаўнай Царквы Украіны

_105081162_051474716

Трэцяга лютага 2019 года адбылася інтранізацыя кіраўніка Праваслаўнай Царквы Украіны (далей – ПЦУ), мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Епіфанія. Гэта была апошняя ўрачыстая падзея, якая афіцыйна завяршае працэс кананічнага стварэння новага сябра Усяленскага Праваслаўя. Такім чынам, праз паўтара месяцы пасля аб’яднаўчага сабору ды амаль месяц пасля ўручэння Томасу, ПЦУ ўвайшла ў другі этап свайго існавання – уласна памеснага царкоўнага жыцця, хоць і ва ўмовах пераходнага перыяду. Аднак папярэдні, першы перыяд, які мусіў стаць часам сапраўднага аб’яднання, прайшоў вельмі цяжка ды ўнёс пэўны дысананс у радасць падзеі, якую кіраўнік ПЦУ, уладыка Епіфаній, назваў “другім хрышчэннем Украіны, бо мы атрымалі сваю незалежную ўкраінскую Царкву”.

У дадзеным артыкуле мы паспрабуем сабраць ды прааналізаваць некаторыя факты, якія выявіліся ў першыя паўтары месяцы жыцця Праваслаўнай Царквы Украіны.

1. Бэкграўнд аб’яднаўчага сабору як падстава неспакою

Тое, што падрыхтоўка ды правядзення аб’яднаўчага сабору праходзіла вельмі цяжка, не з’яўляецца навіной. Аб гэтым пісалі шмат аналітыкаў і журналістаў, пачынаючы з лета – восені 2018 года. На фоне гэтых матэрыялаў асаблівай увагі заслугоўваюць некалькі праграмных аналітычных артыкулаў галоўнага рэдактара вельмі ўплывовага ды набліжанага да Усяленскай патрыярхіі партала “ORTHODOXIA.INFO” Андрэаса Лудараса: “Філарэт: частка рашэння або крыніца праблемы?” [1] і “Праваслаўны свет – гэта не савецкі саюз, Ваша Дабрашчаснасць!” [2]. Апошні матэрыял быў апублікаваны практычна за дзень да перамоў, што дае нам права высунуць гіпотэзу аб цяжкім падрыхтоўчым перамоўным працэсе, які не спыняўся практычна да адкрыцця сабору.

Зрэшты, хоць негатыўныя моманты правядзення сабору, выбараў Прадстаяцеля пачалі патрапляць на старонкі СМІ ўжо на другі дзень й не спыняліся практычна ўвесь снежань, нават у якасці размоў ды канферэнцый [3]. Было зразумела – кожны з ўдзельнікаў аб’яднаўчага сабору захаваў уласныя прэтэнзіі да партнёраў, якія мусяць быць прадметам наступных перамоў. Натуральна, што большасць святароў і вернікаў спадзяваліся на іх вырашэнне менавіта ў паслясаборным працэсе.

На жаль, апошняя палова снежня не выявіла ніякіх рэальных адзнак аб’яднання. Кіеўскі Патрыярхат (далей – УПЦ КП) ды Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (далей – УАПЦ) не спяшаліся падаваць дакументы на скасаванне ўласнай рэгістрацыі, а ПЦУ – на дзяржаўную рэгістрацыю. Архірэі УПЦ КП і УАПЦ не спяшаліся аднавіць еўхарыстычную еднасць, а ў некаторых храмах УПЦ КП працягвалі згадваць патрыярха Філарэта менавіта як Прадстаяцеля (Свяцейшага Патрыярха Кіеўскага і ўсяе Украіны), хоць кананічна мусілі згадваць выключна “Дабрашчаснага Епіфанія, мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны”. Таксама прыпынілася супольнае служэнне Дабрашчаснага Епіфанія з патрыярхам Філарэтам.

Звычайна, спікеры былых УПЦ КП і УАПЦ, а таксама тыя былыя прадстаўнікі Маскоўскага Патрыярхату, які пайшлі ў ПЦУ, спрабавалі ўсё “спісаць” на “цяжкасці пераходнага перыяду”, выказваючы спадзяванні: “пасля ўручэння Томасу ўсё будзе добра”. Аднак падобны бэкграўнд выклікаў пэўныя негатыўныя думкі, што, на наш погляд, выявілася ў вельмі марудны працэс далучэння да ПЦУ парафій Маскоўскага Патрыярхату ва Украіне (далей МПУ).

Агульна, калі правесці пэўны аналіз неспакою кліру ды вернікаў ПЦУ у канцы снежня – пачатку студзеня, можна выявіць некалькі галоўных падстаў.

Па-першае, сам тэкст Томасу трымаўся ў таямніцы. А аб’яднанне УПЦ КП, УАПЦ і часткі МПУ, нягледзячы на ўсе прыгожыя словы, было здзейснена выключна пад Томас. Ні УАПЦ, а тым больш частка МПУ, не жадалі проста далучацца да УПЦ КП у яе былым статусе. Разам з тым, досыць вялікая частка архірэяў, святароў і вернікаў УПЦ КП не згаджалася на існаванне ў якасці часткі экзархату, мітраполіі або аўтаноміі у складзе Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Па-другое, існаваў пэўны недавер да самога факту надання Томасу. Бо акрамя таямніцы ўсіх перамоў ды ягонага тэксту, што ўжо адзначалася вышэй, час надання неаднаразова пераносіўся, хоць анансаваўся вышэйшымі прадстаўнікамі УПЦ КП і ўлады Украіны.

Такім чынам, падсумоўваючы перыяд ад завяршэння аб’яднаўчага сабору ды кананічна паўстання ПЦУ (15 снежня 2018 года) і да ўрачыстага надання Томасу аб аўтакефаліі ў Канстанцінопалі (6 студзеня 2019 года), ва ўкраінскім праваслаўі склалася парадаксальнае становішча: былая УАПЦ і былая частка МПУ, якая далучылася да ПЦУ, а таксама частка былой УПЦ КП, шчыра выконвалі ўсе належныя кананічныя прыпісы менавіта як члены ПЦУ. У той жа час частка УПЦ КП, нягледзячы на тое, што гэтая Царква фармальна ўвайшла ў ПЦУ цалкам ды самаліквідавалася, кананічна працягвала сваё ранейшае існаванне.

2. Атрыманне Томасу, яго прадстаўленне ў рэгіёнах ды асабістыя амбіцыі – новыя выклікі

Урачыстае атрыманне Томасу, якое адбылося ў Канстанцінопалі 6 студзеня 2019 года, першапачаткова прадугледжвала, што ў склад афіцыйнай дэлегацыі ПЦУ разам з яе Прадстаяцелям увойдуць былыя кіраўнікі УПЦ КП і УАПЦ. Аднак, як выявілася ўжо 5 студзеня, яны на уручэнні Томасу адсутнічалі. “Як адзначаецца на сайце Львоўскай епархіі былой УАПЦ, мітрапаліт Макарый кажа аб непадпарадкаванні былога патрыярха УПЦ КП, а сёння мітрапаліта ПЦУ Філарэта, які не жадае прыняць прызнаны Усяленскай Патрыярхіяй Мітрапаліцкі ўклад Праваслаўнай Царквы Украіны, а менавіта не жадае зняць патрыяршы кукаль. Менавіта гэта стала прычынай адсутнасці Філарэта і Макарыя 6 студзеня ў Канстанцінопалі на ўручэнні Томасу аб аўтакефаліі ПЦУ” [4]. Крыху пазней, на той самой падставе, мітрапаліт Макарій адмовіўся быць пачэсным грамадзянінам Львову [5].

Зрэшты, найбольш непрыемныя моманты выявіліся ўжо пасля атрымання Томасу. І гэта не толькі прынцыповае ігнаравання патрыярхам Філарэтам усіх богаслужэнняў, на якіх прысутны Прадстаяцель ПЦУ мітрапаліт Епіфаній, а і абставіны прадстаўлення Томасу ў рэгіёнах Украіны.

Так, ва ўсіх гарадах, дзе прадстаўляўся Томас, каля Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі знаходзіўся: або Дабрашчасны Епіфаній, або патрыярх Філарэт. Ніводнага выпадку, калі яны былі на падобных захадах разам, не было. Больш таго, прысутнасці побач з патрыярхам Філарэтам унікалі практычна ўсе епархіяльныя архірэі былой УАПЦ ды МПУ. Падобны дысбаланс у пытанні еднасці асабліва быў бачны ў Львове ды Вінніцы, а публічныя заявы былога кіраўніка УПЦ КП працягвалі выклікаць збянтэжанне вялікай часткі вернікаў ПЦУ.

Цалкам натуральна, што новыя выклікі ў справе дасягнутага аб’яднання не засталіся па-за ўвагай Канстанцінопальскага Патрыярхату. Ужо 11 студзеня, даючы інтэрв’ю ВВС, архіепіскап Памфільські Данііл (Зялінскі), экзарх Канстанцінопальскага патрыярха ва Украіне, выяўляе вялікі неспакой праз дзеянні патрыярха Філарэта: “Я думаю, уладыка Філарэт зараз мае шанец увайсці ў гісторыю як адзін з будаўнікоў памеснай ПЦУ, як чалавек, які на працягу свайго жыцця зрабіў велізарную працу і з вялікім гонарам і годнасцю адышоў у бок, стаўшы духоўным дзядулем гэтай царквы. Ці ён мае шанец разбурыць усё, пра што кажа, што ён будаваў усё сваё жыццё. Выбар за ім” [6]. Аднак асцярожны намёк афіцыйнага прадстаўніка Усяленскага Патрыярхату, на вялікі жаль, не быў пачуты ў асяродку былой УПЦ КП.

Яшчэ адным сведчаннпм занепакоенасці грамадскасці станам спраў у ПЦУ ёсць рэдакцыйны артыкул на адным з вядучых рэлігійных сайтаў Украіны “Праваслаўная Царква Украіна на парозе крызісу праз патрыяршыя амбіцыі Філарэта”, у якой прама гаворыцца наступнае: “Нягледзячы на тое, што аб’яднаная Праваслаўная Царква Украіны (ПЦУ) толькі ўтварылася, яе чакае сур’ёзны крызіс, звязаны з арганізацыйнымі, у прыватнасці кадравымі пытаннямі” [7]. На нашу думку, ці не цэнтральным матэрыялам аглядавага рэдакцыйнага артыкула зрабілася сведчанне аднаго з архірэяў ПЦУ, уладыкі Андрыяна (Куліка), які адказвае на вельмі хвалюючае пытання аб дзяржаўнай рэгістрацыі новай Царквы ды першых збораў епіскапату (архірэйскага сабору або сіноду): “Яшчэ не вядома. Нам бы перажыць 23-га студзеня. Ганаровы патрыярх стаў у вельмі дэструктыўную позу. Гэтакае ўражанне, быццам ён хоча ўсё разбурыць, бо не паводле яго “хацелак” атрымліваецца… Гэта ўнутраная інфармацыя. Хоць ён агучвае сваё бачанне адкрыта на пропаведзях і публічных выступах…”. Пры гэтым іерарх, каментуючы падставы з’яўлення свайго каментарыя, адзначае: “Маўчанне падчас таго, як рыхтуецца злачынства, будзе саўдзелам у злачынстве”.

Патрэбна адзначыць, што занепакоенасць вялікай групы архірэяў ды вернікаў ПЦУ адносна захавання еднасці мела пад сабою сур’ёзныя падставы. Ужо раніцай 19 студзеня 2019 года, на партале дыякана Андрэя Кураева, з’яўляецца фота “Распараджэння” патрыярха Філарэта на бланку УПЦ КП, у якому ён загадвае, каб пад час богаслужэння першым згадвалі яго  і толькі потым мітрапаліта Епіфанія. Дадзены дакумент быў выдадзены 16 студзеня 2019 года, а ягоны выхадны нумар “16” [8]. Апошні факт дае права высунуць гіпотэзу аб наяўнасці яшчэ 15 “распараджэнняў” структуры, якая кананічна была скасаваная яшчэ 15 снежня 2018 года. Менавіта тады быў падпісаны афіцыйны дакумент аб ліквідацыі, які, згодна ўкраінскага заканадаўства, мусіў быць прадстаўлены ў адпаведную дзяржаўную структуру на працягу трох дзён. Але мы пакінем пытанне дзяржаўнай ліквідацыі ды рэгістрацыі, а засяродзімся выключна на кананічных момантах, бо дадзены дакумент датычыцца менавіта іх.

Мусім адразу запярэчыць некаторым “адвакатам” законнасці дадзенага дакумента, якія асноўваюць свае доказы менавіта на адсутнасці акту зняцця з дзяржаўнай рэгістрацыі УПЦ КП. Царква жыве па дакладна вызначаных канонах, якія ёсць агульнымі для ўсяго Усяленскага Праваслаўя, нягледзячы на асаблівасці дзяржаўнага заканадаўства розных краін. Да таго ж, калі ісці за логікаю дадзеных “адвакатаў”, наданне ПЦУ Томасу аб аўтакефаліі мусіла адбыцца толькі пасля дзяржаўнай ліквідацыі юрыдычных асоб УПЦ КП і УАПЦ ды рэгістрацыі ўласна ПЦУ.

Каноны прадугледжваюць, што кожны клірык (архірэй, святар, дыякан і т.д.) можа знаходзіцца толькі ў адной юрысдыкцыі. А кожная юрысдыкцыя мусіць мець толькі аднаго архірэя на пасадзе Прадстаяцеля, што, уласна, і абумоўлівае парадак згадвання пад час богаслужэння: Прадстаяцель заўсёды згадваецца першым. Не ўдараючыся ў некаторыя асаблівасці кананічнага стану пасля 11 кастрычніка 2018 года, калі Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату кананічна рэабілітаваў клір УПЦ КП і УАПЦ, разгледзім толькі становішча пасля Кіеўскага аб’яднаўчага сабору.

Так, згодна саборным рашэнням, УПЦ КП, УАПЦ і частка МПУ аб’ядналіся ў адзіную кананічную структуру (ПЦУ) ды абралі свайго Прадстаяцеля. Менавіта яму як “першаму сярод роўных” быў уручаны Томас аб аўтакефаліі ПЦУ. Нават калі гіпатэтычна ўявіць, што УПЦ КП (і УАПЦ) засталіся асобнымі кананічнымі адзінкамі ў складзе ПЦУ (накшталт экзархатаў), у іх ўсё роўна адзін Прадстаяцель – уладыка Епіфаній, што аўтаматычна знімае ўсе пытанні адносна чаргі згадвання на богаслужэнні. Таму з кропкі гледжання кананічнага права: або аб’яднанне не адбылося, або патрыярх Філарэт не вызнае выбар Памеснага аб’яднаўчага сабору ды самачынна “прызначыў” сябе прадстаяцелям ПЦУ. Мусіце пагадзіцца: становішча вельмі небяспечнае ды можа нават справакаваць кананічную крызу.

Натуральна, усе гэтыя падзеі ды інфармацыйныя выкіды, выклікалі пэўны падзел у ПЦУ. З аднаго боку былі прыхільнікі патрыярха Філарэта, у свядомасці якіх ён заставаўся прадстаяцелям і бясспрэчным аўтарытэтам, з іншага – іх ідэйныя апаненты, для якіх патрыярх Філарэт — выключна былы кіраўнік УПЦ КП, няхай і вельмі аўтарытэтны. Пры гэты, на думку апошніх, ПЦУ мусіць жорстка выконваць тэкст Томасу ды прынятага на аб’яднаўчым саборы Статуту.

Вынікам гэтага падзелу зрабілася тое, што парафіі МПУ, якія вырашаюць перайсці ў ПЦУ, адразу абіраюць “пэўны бок падзелу”. Частка пераходзіць да былых епархій УПЦ КП, частка – УАПЦ, а частка бачыць сваім архірэем выключна былога прадстаўніка МПУ (найчасцей ім робіцца мітрапаліт Аляксандр Драбінка). Гэта яўна не спрыяе набліжэнню ўнармавання кананічнага жыцця ПЦУ за прынцыпам “адзін горад – адзін епіскап”.

На жаль, на думку шэрагу экспертаў, не спрыялі замацаванню еднасці ПЦУ і некаторыя дзеі дзяржавы. Так, наданне звання “Герой Украіны” выключна патрыярху Філарэту з ігнараваннем былога кіраўніка УАПЦ выклікала не толькі жвавае абмеркаванне ў сацыяльных сетках, а і адкрыты дэмарш мітрапаліта Макарыя, які адмовіўся ад ордэна, якім яго хацелі нагародзіць. У выніку былы Прадстаяцель УАПЦ застаўся адзіным з галоўных архітэктараў ПЦУ, які не адзначаны дзяржаўнаю ўзнагародаю.

Варта адзначыць, што Прадстаяцель ПЦУ, Дабрашчасны мітрапаліт Епіфаній увесь час спрабаваў згладзіць канфлікты ды наладзіць дыялог з былымі архірэямі УАПЦ і МПУ. Калі меркаваць па інфармацыі на афіцыйных сайтах ды сацыяльных сетках, сустрэчы Прадстаяцеля і гэтай часткі епіскапату ПЦУ адбываліся досыць рэгулярна, а мітрапаліт Макарый (Малеціч) нават прадстаўляў уладыку Епіфанію святароў Кіеўскай епархіі ПЦУ (праванаступніцы Кіеўскай епархіі УАПЦ) [9].

Такім чынам, можна зрабіць вывад, што нават факт надання Томасу не залагодзіў супярэчнасці ды выклікі аб’яднаўчаму працэсу, а нават узняў іх на новы узровень, абвастрыўшы іх. Да акту дзяржаўнай рэгістрацыі ПЦУ прыйшла сур’ёзна падзеленай на два лагеры, нягледзячы на спробы Прадстаяцеля залагодзіць супрацьстаянне.

3. Супярэчнасці афіцыйнай рэгістрацыі, парадокс інтранізацыі ды пытанне легітымнасці першага сінода ПЦУ

Ужо да паловы студзеня 2019 года зрабілася зразумелым, што зацягванне працэсу дзяржаўнай рэгістрацыі ПЦУ, а таксама правядзенне першага сіноду (ці архірэйскага сабору) выклікана сур’ёзнымі спрэчкамі розных груп епіскапату ПЦУ. Пытанне ўвесь час адкладалася, інфармацыя аб перамовах архірэяў адсутнічала ў грамадскай інфармацыйнай прасторы. Толькі 30 студзеня 2019 года, за некалькі дзён да інтранізацыі мітрапаліта Епіфанія, адбылася афіцыйная дзяржаўная рэгістрацыя ПЦУ, якая выклікала шмат пытанняў не толькі ва Украіне, але і ў Усяленскім праваслаўі.

Так, асноўным пытанням супярэчнасці быў той факт, што ў афіцыйных дакументах дзяржаўнай рэгістрацыі першай стаіць назва “Украінская Праваслаўная Царква”, а назва паводле Статуту ды Томасу “Праваслаўная Царква Украіны” пададзеная як дадатковая [10]. Гэты факт яўна супярэчыць не толькі рашэнням Кіеўскага аб’яднаўчага сабору, а і ўласна Томасу Канстанцінопальскага Патрыярхату аб наданні аўтакефаліі. Таму не дзіўна, што ўжо неўзабаве з’яўляецца артыкул вядомай украінскай журналісткі ды аналітыка Кацярыны Шчоткінай “Насуперак Томасу. Як з падачы Філарэта з’явіўся двайнік УПЦ” [11]. Каментуючы метамарфозы яшчэ адной назвы ў дакуменце аб афіцыйнай рэгістрацыі ПЦУ, журналістка адзначае: “Па дарозе «згубілася» яшчэ адна грэцкая ініцыятыва – якая стасуецца назвы новай украінскай царквы. Калі памятаеце, на Фанары настойвалі на назве Праваслаўная царква Украіны — ПЦУ. Менавіта пад гэтакай назвай царква была прадстаўленая публіцы пасля аб’яднальнага сабора. Але зарэгістраваная ў Мінюсце яна была пад некалькі іншай назвай: “Кіеўская мітраполія Украінскай Праваслаўнай Царквы (Праваслаўная царква Украіны)” — УПЦ (ПЦУ). Фактычна двайнік Кіеўскай Мітраполіі Украінскай Праваслаўнай Царквы, той, якая Маскоўскага патрыярхату, УПЦ МП. Цікава, гэта таксама “Узгоднена з Усяленскай Патрыярхіяй»? Ці гэта ўжо не мае значэння — Томас далі, а далей мы самі вырашым, як жыць і як называцца?”

Мы не паленаваліся, ды ўзялі каментарый у прэс-службы Канстанцінопаля адносна назвы ПЦУ: “Ніякай змены назвы, або магчымасці яе інтэрпрэтацыі (у УПЦ – рэд.), Свяшчэнны Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату не прымаў”

Фактычна, як уважаюць эксперты, пад уплывам патрыярха Філарэта ды без згоды памеснага або архірэйскага сабору, або нават сіноду ПЦУ, зроблена спроба перагляду не толькі пастаноў аб’яднаўчага сабору, а і ўласна самога Томасу аб аўтакефаліі ПЦУ. І хоць пакуль Усяленская Патрыярхія захоўвае маўчанне, па каментарыях шэрагу архірэяў ды супрацоўнікаў Канстанцінопальскага патрыярхату ў сацыяльных сетках, можна высунуць гіпотэзу, што “лічыльнік магчымасці прыпынення Томасу запушчаны”. Агулам аб небяспечнасці самачыннай змены назвы кіраўніцтва ПЦУ папярэджваў вядомы багаслоў, архімандрыт Кірыла (Гаварун) яшчэ ў канцы снежня 2018 года. [12]. Таму тут цалкам дарэчная думка аналітыка Кацярыны Шчоткінай: “Назва УПЦ цалкам відавочна — месца страсці. Не ў апошнюю чаргу асабіста патрыярха Філарэта, які да апошняга настойваў менавіта на УПЦ. Па-першае, пераемнасць УПЦ КП. Па-другое, ён за гэту назву з 1992 года ваюе і раптам аддаць? Тым больш галоўным канкурэнтам і “крыўдзіцелям”? Толькі праз тое, што Усяленскаму патрыярху вельмі хочацца згладзіць куты і наогул увесь працэс легітымізацыі ўкраінскай царквы перад усяленскім праваслаўем? Дзіўна, але, здаецца, у ПЦУ ўпэўненыя, што ўсё гэта — згладжванне канфліктаў і легітымізацыя ПЦУ — праблемы Усяленскага патрыярха, а зусім не нашы. Наша справа — святкаваць перамогу і дзяліць трафеі” [11].

Пэўныя адзнакі праблемаў мела й інтранізацыя Прадстаяцеля ПЦУ Дабрашчаснага мітрапаліта Епіфанія, якая адбылася ў Сафійскам саборы Кіева 3 лютага 2019 года. Так, у інтэрв’ю “Радыё Свабода” ад 2 лютага ўладыка Епіфаній анансаваў прысутнасць на гэтым святочным захадзе патрыярха Філарэта, але той раптоўна захварэў і быў адсутны. Натуральна, 90-гадовы чалавек сапраўды можа захварэць, але той факт, што гэта адбылося менавіта ў дзень інтранізацыі, а да гэтага ён таксама ніводнага разу не служыў з уладыкам Епіфаніям, дае магчымасць да розных меркаванняў. Тым больш – патрыярх прыбыў на першае пасяджэнне сіноду ПЦУ, якое адбылося 5 лютага, ды без праблемаў вытрымаў яго.

Але найбольш крытыкі выклікаў першы Сінод ПЦУ, які адбыўся 5 лютага 2019 года ў будынку мітрапаліта на тэрыторыі Кіеўскай Сафіі. Практычна не было пытання, якое б не выклікала пытанняў: ад спосабу прызначэння ягоных сяброў да пэўных незразумелых рашэнняў.

а) Персанальны склад. Нагадаем, што ў Статуце ПЦУ зазначаецца, што сінод складаецца з 13 сяброў. Натуральна, што ў яго на сталай аснове ўваходзіць Прадстаяцель ПЦУ, а на час пераходнага перыяду – яшчэ 3 сталых члены, якія прадстаўляюць асноўныя групы, што аб’ядналіся ў ПЦУ (УПЦ КП – патрыярх Філарэт; УАПЦ – мітрапаліт Макарый; МПУ – мітрапаліт Сімеон). А вось часовыя члены, якія падпадаюць пад ратацыю, мусяць абірацца па празрыстым прынцыпе, які вызначаецца часам архірэйскай хіратоніі. Нават палажэнні Томасу аб аўтакефаліі ПЦУ, а таксама прынятага яе Статута выразна вызначаюць, хто павінен увайсці ў кіруючы орган царквы. Усе гэтыя дакументы выпісаныя так, каб склад Сінода зрабіў немагчымым узурпацыю ўлады адной або некалькімі царкоўнымі групамі. Аднак ані празрыстасці падрыхтоўкі пасяджэння сіноду, ані зразумеласці прызначэння ягоных часовых сябраў, выканана не было. Нават сталыя члены сіноду, адказваючы на пытанні журналістаў перад яго пачаткам, абураліся такой хадой падзей. Так, “мітрапаліт Львоўскі Макарый і мітрапаліт Вінніцкі і Барскі Сімеон распавялі, што да апошняга не разумелі ні статусу сходу, ні яго парадку дня. І ў аўторак яны разам прыйшлі да дому мітрапаліта на тэрыторыі Сафіі Кіеўскай. “Першае пасяджэнне Сінода новай царквы … парадак дня не ведаем … Пра пасад, то са мной ніхто не размаўляў”. Мы нават не ведаем, хто будзе членамі Сінода сёння”, — прызнаўся Сімеон ў аўторак раніцай карэспандэнту выдання “Главком”” [14].

Практычна адразу пасля апублікавання персанальнага складу Сіноду ПЦУ з крытычнымі заўвагамі выступілі некалькі архірэяў ПЦУ, што найбольш цікава, менавіта з складу былой УПЦ КП. Напрыклад, епіскап Андрыян (Кулік) адзначыў: “Магу падзяліцца толькі агульнымі думкамі архірэяў ПЦУ. Нягледзячы на тое, што Філарэт са СВАІМ сінодам (сінод былога КП) вырашылі заехаць у ізноў Праваслаўную Царкву Украіны, па сутнасці гэта апынуўся сінод Філарэта з дадаткам трох галасоў, разам узятых, ад іншых цэркваў Украіны. Дык вось!, каб не быць шматслоўным, хачу сказаць, што архірэі ПЦУ не лічаць сінод 5 лютага паўнамоцным”[14], а кіраўнік Валынскай епархіі ПЦУ, мітрапаліт Міхаіл дапаўняе: “Згодна са Статутам і Томасам я павінен быць членам Святога сінода. Але мяне на пасяджэнне не запрасілі, я на ім не быў. Я разумення не маю аб тым, што гэта быў за сход, які адбыўся 5 лютага” [15].

Што праўда, становішча паспрабаваў выправіць былы кіраўнік прэс-службы УПЦ КП, архіепіскап Яўстраці (Зара): “Мітрапаліт Епіфаній кансультаваўся са Усяленскім патрыярхам, яго прадстаўнікамі. Ніякага парушэння Томасу. Ніякага парушэння Статута ў гэтым няма. Такі склад Сінода адпавядае такому парадку, які ёсць і ў Канстанцінопальскай патрыярхіі і які ўведзены Статутам Праваслаўнай царквы Украіны” [14]. Аднак адзін з аўтарытэтных экспертаў па пытаннях украінскай аўтакефаліі, архімандрыт Кірыла (Гаварун) вельмі жорстка абверг усе довады уладыкі Яўстрація ды закончыў свой каментарый так: ““Прызначэнне” жа членаў Сінода па ўласным меркаванні не дазваляюць сабе нават у тых Памесных Цэрквах, дзе нормы саборнасці даўно сталі проста рытарычнай формай” [16].

б) Незразумеласць некаторых рашэнняў Сіноду. Сярод арганізацыйных ды кадравых рашэнняў, якія прыняў першы сінод ПЦУ, два выклікалі пэўную незразумеласць ды крытыку. Гэта вызначэнне статусу патрыярха Філарэта; наданне вікарыю Кіеўскай епархіі, намесніку Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра, архіепіскапу Агапіту статусу епархіяльнага архірэя, а таксама прызначэнне протаіерэя Аляксандра Трафімлюка старшынёю Упраўлення духоўнай адукацыі і багаслоўскай навукі.

Так, патрыярх Філарэт прызнаецца кіраўніком “Кіеўскай епархіі ў складзе прыходаў і манастыроў г. Кіева (выключаючы Свята-Міхайлаўскі Залатаверхі манастыр г. Кіева), якія да 15 снежня 2018 года знаходзіліся ў яго падпарадкаванні як Патрыярха Кіеўскага і ўсёй Русі-Украіны” [17, часопіс №1]. З аднаго боку, да патрыярха Філарэта ўжыты той жа прынцып пераходнага перыяду “хто з чым прыйшоў, той з тым і застаецца”, як і да іншых архірэяў. Але, як справядліва заўважае Кацярына Шчоткіна, “кіруючым архірэем царквы, згодна з тытула (і проста логіцы рэчаў), з’яўляецца мітрапаліт Кіеўскі — ён зусім не выпадкова так называецца. Калі ўжо так атрымалася, што Кіеўскай епархіяй кіруе не ён, дык дзе яго епархія? На гэтае пытанне Сінод не адказаў” [11].

Надання архіепіскапу Агапіту статусу “епархіяльнага архірэя” выключна праз “вызначальны статус манастыра” таксама выклікае шмат пытанняў, бо, згодна сайту манастыра, у ім налічваецца толькі 10 манахаў, уключаючы самога уладыку [18]. На думку некаторых экспертаў, дадзены крок быў здзейснены выключна для таго, каб уключыць архіепіскапа Агапіта у склад першага сіноду (згодна Статуту ПЦУ, членамі сіноду могуць быць выключна кіруючыя епархіяльныя архірэі). Таксама незразумела: як будуць выкарыстоўвацца дадзеныя правы пасля ягонага выключэння з членаў сіноду на падставе чарговай ратацыі.

Не менш пытанняў выклікала і рашэнне аб прызначэнні протаіерэя Аляксандра Трафімлюка старшынёю Упраўлення духоўнай адукацыі і багаслоўскай навукі [17, часопіс №6]. Мы не будзем рабіць аналіз навуковай кампетэнтнасці а. Аляксандра, як гэта спрабаваў зрабіць дыякан Андрэй Кураеў [19], але ПЦУ мае досыць вялікую колькасць архірэяў-навукоўцаў, з доктарскімі ступенямі, каб быць годнымі такога прызначэння. Крытыкі справядліва адзначаюць, што сама іерархічная структура Царквы можа нарадзіць праблему, калі а. Аляксандру прыйдзецца даваць навуковы аналіз працы нейкага архірэя.

Зрэшты, аналіз першага сіноду досыць добра каментуюць словы мітрапаліта Макарыя: ““Ёсць адна асоба, якая далей не здаецца і кіруе так, як яму падабаецца і ўсё. Я сказаў (на сходзе) сваё меркаванне, як былы Прадстаяцель, каб такога больш не было, таму што ніхто ні з кім не раіўся”, — працягвае Макарый крытыкаваць патрыярха Філарэта. Мітрапаліт нават не выключае абскарджання прынятых рашэнняў. «Тут шмат наступстваў ёсць. Ёсць архірэі, хай звяртаюцца, калі жадаюць, да Усяленскага патрыярха. Гэта іх права””[11].

На нашу думку, усе пералічаныя вышэй праблемы ды выклікі, якія могуць прывесці да непрадбачаных наступстваў для ПЦУ, нават да прыпынення дзеі Томасу, добра разумее Дабрашчасны мітрапаліт Епіфаній, ставячы “захаванне еднасці, якая была дасягнута на Аб’яднаўчым саборы” сваёй першай задачай [20].

4. Пераходы парафій і вернікаў у ПЦУ

Пераход парафій і вернікаў МПУ у ПЦУ распачаўся практычна адразу пасля аб’яднаўчага сабору. Аднак, не ў апошнюю чаргу праз апісаныя вышэй праблемы, ён праходзіць не так актыўна, як чакалася ад пачатку. Паспрабуем разглядзець пытанне больш падрабязна.

а) Пераход парафій. Форма пераходу парафій на сёння прапісаная ў заканадаўстве Украіны – рашэння большасці парафіяльных збораў. Аднак, паколькі індывідуальнае сяброўства ў праваслаўных парафіях адсутнічае, у вёсках практычна адбываюцца сходы жыхароў, на якіх і выносіцца рашэнне. У гарадах ды мястэчках усё адбываецца больш павольна, бо ініцыятарамі пераважна выступаюць святары ды парафіяльны актыў [21]. На сёння, калі верыць інтэрактыўнай мапе пераходаў [22], у ПЦУ перайшло каля 240 парафій. На вялікі жаль, усё ж большасць парафій пераходзяць без святароў, якія застаюцца ў МПУ. Пры гэтым апошнім часам, пасля надання Томасу, хуткасць пераходаў павялічылася. Найбольш пераходзяць парафіі ў Цэнтры ды на Захадзе Украіны.

Натуральна паўстае пытання: калі ПЦУ перабольшыць МПУ па колькасці парафій і наколькі зацягнецца пераход?

На сёння, калі адкінуць парафіі на акупаваных тэрыторыях (Крыму і Данбасе), а таксама фармальныя парафіі (якія фактычна маюць толькі дзяржаўную рэгістрацыю), МПУ мае ва Украіне каля 8500 — 9000 парафій (ПЦУ – 6500-7000). З наяўнай на сёння хуткасцю пераходаў, да канца бягучага года можна чакаць пераходу ад 800 да 1200 парафій. Аднак тут варта зрабіць некалькі заўваг:

Па-першае, нават пераход большасці парафіі з МПУ у ПЦУ далёка не заўсёды дэ-юрэ ліквідуе парафію МПУ. Калі ёсць жадаючыя, яны без перашкод маюць магчымасць зарэгістраваць новую парафію МПУ або ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць без рэгістрацыі.

Па-другое, досыць вялікая колькасць храмаў МПУ ў Кіеве, а таксама абласных і раённых цэнтрах, належыць епархіям МПУ, юрыдычным асобам, на правах прыватнай уласнасці або доўгатэрміновай арэнды. Таму вернікам, якія пакінулі МПУ, часам лягчэй зарэгістраваць новую грамаду ды пабудаваць храм, чым ваяваць уласна за пераход.

Па-трэцяе, калі разглядаць Цэнтр ды Усход Украіны, шмат парафій МПУ – гэта выключна святар з храмам ды пачкам дакументаў, якому епархіяльнае упраўленне выплачвае заробак. Уласна парафіі там няма, акрамя 5-10 асоб на заробку.

Такім чынам, ва ўкраінскіх рэаліях фармальная колькасць парафій не ёсць дастаткова ілюстрацыйнаю. І тут мы падыходзім да яшчэ аднаго варыянта – індывідуальныя пераходы вернікаў.

б) Індывідуальныя пераходы вернікаў з МПУ у ПЦУ. Ужо пасля 11 кастрычніка 2018 года, калі на Сінодзе Канстанцінопальскага Патрыярхату адбылася кананічная рэабілітацыя кліру былых УПЦ КП і УАПЦ, пачаліся досыць масавы сыходы вернікаў з МПУ, а пасля надання Томасу ён значна пабольшаў. Асабліва гэта зрабілася бачна ў гарадскіх храмах МПУ, калі на свята Нараджэння Хрыстовага ды Богаяўлення, іх наведалі на парадак менш вернікаў. Падобную тэндэнцыю пацвярджае і сацыялогія. Так, на канец студзеня 2019 года, вернікамі ПЦУ сябе лічыла 44% праваслаўных украінцаў; вернікамі МПУ – 15% [23]. Пры гэтым агульная тэндэнцыя сведчыць аб павелічэнні вернікаў ПЦУ менавіта за кошт тых праваслаўных, якія не вызначылі свайго юрысдыкцыйнага статусу, бо працэнтная колькасць вернікаў МПУ прыблізна параўнальна з колькасцю сталых прыхільнікаў прарасійскіх партый на прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

в) Асаблівасці пераходаў. Паколькі ў пераходны перыяд кананічны працэс пераходу святароў і (або) парафій не прапісаны ў дакументах ПЦУ, а ў шэрагу абласцей адначасна дзеюць епархіі былых УПЦ КП, УАПЦ ды нават адна епархія былой МПУ, назіраецца пэўная цікавая тэндэнцыя: Большая частка парафій, якія пераходзяць разам са святарамі (або некаторыя святары МПУ з Усходу Украіны без парафій), спрабуюць унікаць далучэння да былых архірэяў УПЦ КП ды пераважна далучаюцца да былых архірэяў МПУ або УАПЦ. Пры гэтым, калі гэтых варыянтаў няма ў “роднай” вобласці, пераход здзяйсняецца без уліку кананічных межаў існуючых епархій. Напрыклад, пад амафорам мітрапаліта Аляксандра (Драбінкі) перайшоў святар з Луганскай вобласці, а таксама парафіі са святарамі ў Львоўскай і Івана-Франкоўскай абласцях. Ці зробіцца гэтая тэндэнцыя пры масавых пераходах “хранічнай” і як з яе будзе бесканфліктна выходзіць ПЦУ пасля пераходнага перыяду, пакуль сказаць немагчыма.

г) Пераходы з УГКЦ. Ужо ў самым пачатку аб’яднаўчага працэсу ды перамоў з Канстанцінопалем аб наданні аўтакефальнага статусу, досыць вялікая частка грэка-каталікоў вымагала далучэння УГКЦ да дадзенага працэсу. Пры гэтым дадзены рух меў пэўную арганізацыю ды залучыў досыць вядомых палітыкаў [24]. Падобная тэндэнцыя не была выпадковаю, бо сама УГКЦ паўстала на Галічыне толькі ў канцы ХVII– пачатку ХVIIІ стст. выключна як адказ на анексію Кіеўскай праваслаўнай мітраполіі Расійскаю Праваслаўнаю Царквою. Не ўдаючыся ў гістарычны аналіз ды перыпетыі лёсу, можна сказаць, што на сёння для большасці ўкраінскіх грэка-каталікоў асноўным (часам нават адзіным) фактарам ідэнтычнасці УГКЦ ёсць “украінскі характар царквы ды патрыятызм”. Да пэўнага часу, найбольш дзейсным фактарам, які стрымліваў вернікаў УГКЦ ад пераходу ў УПЦ КП ды УАПЦ, была нявызначанасць лёсу дадзеных юрысдыкцый, бо яны знаходзіліся ў кананічнай ізаляцыі. На супрацьвагу, УГКЦ мела цалкам правамоцны статус як частка Каталіцкай Царквы. Аднак пасля аб’яднаўчага сабору, прызнання яго вынікаў Усяленскім Патрыярхатам ды надання Томасу, становішча змянілася і адпаведна змяніўся настрой часткі вернікаў УГКЦ. Паводле дадзеных Украінскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі “Соцыаінформ”, пасля надання Томасу, сярод рэспандэнтаў, якія пазначылі сваю канфесійную прыналежнасць грэка-каталік, “50,8% рэспандэнтаў хочуць аб’яднання ПЦУ і УГКЦ” і толькі “16,1% — супраць гэтага”. Пры гэтым, як выплывае з даследавання, УГКЦ мусіць далучыцца да працэсу на агульных умовах Кіеўскага аб’яднаўчага сабору [25]. Падобныя настроі грамадскай думкі пакуль выліліся выключна ў індывідуальныя пераходы вернікаў, якія, па сведчанні святароў ПЦУ, былі яўна заўважаны на праваслаўных парафіях праз значнае павелічэння колькасці вернікаў у часе свята Нараджэння Хрыстовага ды Багаяўлення. Варта адзначыць, што па меркаванні некаторых даследчыкаў, акрамя надання Канстанцінопалем Томасу аб аўтакефаліі, значны ўплыў на свядомасць украінскіх грэка-каталікоў здзейсніла палітыка Ватыкану адносна Украіны: ігнараванне факту агрэсіі з боку Расійскай Федэрацыі, адсутнасць асуджэння анексіі Крыму і г.д.

Агулам можна канстатаваць, што да ПЦУ актыўна пераходзяць не толькі праваслаўныя ўкраінцы, а і частка былых грэка-каталікоў. Пры гэтым пераход менавіта святароў МПУ досыць абмежаваны, але гэта пакуль можна спісаць не толькі на актыўнае матэрыяльнае заахвочванне з боку Маскоўскага Патрыярхату, але і на ўнутраныя супярэчнасці ПЦУ. Аднак апошнія навіны ПЦУ сведчаць, што Дабрашчасны мітрапаліт Епіфаній, нягледзячы на ўласны бэкграўнд УПЦ КП, і надалей намагаецца згасіць унутраныя супярэчнасці. Так, у нядзелю 10 лютага 2019 года ён наведаў храмавы комплекс Пераўтварэння Гасподняга на Церамках-2, дзе саслужыў з мітрапалітам Пераяслаў-Хмяльніцкім і Вішнеўскім Аляксандрам і іерархамі Праваслаўнай Царквы Украіны, духавенствам сабора і Кіева [26].

5. Міжнародны праваслаўны аспект

Ужо праз некалькі дзён пасля надання Томасу ПЦУ з’явілася сярод пераліку іншых аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў на афіцыйным сайце Канстанцінопальскага патрыярхату. Такім чынам, ПЦУ кананічна ўступіла ў еўхарыстычныя зносіны з Усяленскім Праваслаўем праз Канстанцінопальскі Патрыярхат. Пры гэтым, насуперак жаданню і працы Маскоўскага Патрыярхату, ні адна з Праваслаўных Цэркваў не разарвала адносіны з Канстанцінопалем праз аўтакефалію ПЦУ.

Агулам, яшчэ да аб’яднаўчага сабору ды надання Томасу практычна ўсе, у тым ліку і прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату, казалі, што пасля ўсіх афіцыйных працэдур, прызнанне ПЦУ з боку іншых Праваслаўных Цэркваў можа заняць пэўны час. Нават дапускалася – некаторыя з іх не будуць вызнаваць ПЦУ досыць доўгі час. Але на сёння толькі тры з 14 (ПЦУ займае 15 месца ў дыптыху) рашуча адмовілі ёй у прызнанні, аднак, пры гэтым, як ужо азначалася вышэй, адначасова адмовілі Маскоўскаму Патрыярхату ў падтрымцы ініцыятывы разарвання еўхарыстычнай еднасці з Усяленскім Патрыярхатам.

Аналізуючы прычыны рашучага непрыняцця ПЦУ з боку Сербскай і Польскай Праваслаўных Цэркваў, а таксама Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі, можна зрабіць выснову, што толькі ў адносінах Польскай ПЦ гэта можна неяк растлумачыць ранейшымі непаразуменнямі з УПЦ КП ды УАПЦ. Іншыя “адмоўнікі” маюць складаныя адносіны менавіта з Канстанцінопальскім Патрыярхатам.

Так, Сербская ПЦ не без падстаў баіцца, што Канстанцінопаль пойдзе на прызнанне аўтакефаліі Македонскай і Чарнагорскай ПЦ, а ПЦ Чэшскіх зямель і Славакіі мае асабісты канфлікт з Усяленскім патрыярхам з часу абрання свайго Прадстаяцеля – мітрапаліта Расціслава (Гонты) у 2014 года. Бо ад пачатку яго абранне не было прызнанае Канстанцінопальскім Патрыярхатам, толькі пасля доўгіх перамоў, у 2016 годзе, Усяленскі патрыярхат вызнаў яго законным Прадстаяцелям.

Добрым пазітыўным знакам у справе прызнання ПЦУ з боку большасці Усяленскага Праваслаўя можна лічыць вельмі добры прыём яе дэлегацыі ў найбольш уплывовых манастырах Афону [27] і супольнае служэння з ёй [28]. Толькі расійскі манастыр “св. Панцеляймона” ды некалькі звязаных з ім манастыроў, адмовіліся прыняць дэлегацыю ПЦУ. Варта зазначыць, што менавіта ў гэтых манастырах Маскоўскі патрыярх Кірыла дазволіў прычашчацца сваім вернікам на Афоне.

Такім чынам, разглядаючы міжправаслаўны рэзананс ад з’яўленне ПЦУ ды надання ёй Томасу аб аўтакефаліі, можна вызначыць агульную пазітыўную тэндэнцыю, якая будзе мець сваё развіццё разам з паспяховым станаўленнем уласна ПЦУ.

6. Вынікі

Ужо на пачатку працэсу аб’яднання ды набыцця аўтакефальнага статусу ПЦУ было зразумела, што працэс будзе ісці цяжка, а саму Царкву ды яе кіраўніцтва чакае шмат выклікаў ды магчымых канфліктаў, падставай якіх будзе пераважна т.зв. “чалавечы фактар”. Практычна гэта і адбылося ў першыя месяцы пасля аб’яднаўчага сабору. Аднак, калі глядзець на агульны стан працэсу, можна адразу вызначыць ягоны пазітыўны рух наперад. Гэта адносіцца і да фармальных крокаў (аб’яднаўчы сабор, наданне Томасу, інтранізацыя Прадстаяцеля, пабольшанне хуткасці руху пераходу парафій з МПУ і г.д.). Усё гэта дае надзею на паступовае пераадоленне цяжкасцяў пераходнага перыяду ды пераходу да звычайнага жыцця Праваслаўнай Памеснай Царквы.

Таксама пазітыўным момантам можна лічыць наладжванне міжнародных сувязяў ПЦУ, а галоўнае – правал маскоўскага плану абструкцыі Канстанцінопальскага Патрыярхату праз ягоныя дзеі ва Украіне.

Спасылкі:
1. Filaret: Part of the solution or source of the problem? / https://orthodoxia.info/news/filaret-part-of-the-solution-or-source-of-the-problem/

2. Православний світ – це не радянський союз, Ваше Блаженство! / https://orthodoxia.info/news/православний-світ-це-не-радянський/

3. Процес у дії: як формується позиція щодо майбутнього українського православ’я після Об’єднавчого собору-2018 /https://www.religion.in.ua/zmi/ukrainian_zmi/42216-proces-u-diyi-yak-formuyetsya-poziciya-shhodo-majbutnogo-ukrayinskogo-pravoslavya-pislya-obyednavchogo-soboru-2018.html

4. Мітрапаліт Макарый адмовіўся быць ганаровым грамадзянінам Львова, пратэстуючы супраць амбіцый Філарэта / https://www.religion.in.ua/news/vazhlivo/42292-mitropolit-makarij-vidmovivsya-buti-pochesnim-gromadyaninom-lvova-na-znak-protesta-proti-ambicij-filareta.html

5. Митрополит Макарій відмовився бути почесним громадянином Львова / http://leopolis.news/mytropolyt-makarij-vidmovyvsya-buty-pochesnym-gromadyanynom-lvova/

6. Екзарх Константинополя Даниїл: Православна церква України може стати патріархатом / https://www.bbc.com/ukrainian/features-46827400?fbclid=IwAR2lNaK0a-TdJ-KH-VEMekpdiDN2gih20aaKkznh0TH4r2JjBsCS8cbBHes

7. Православна Церква України на порозі кризи через патріарші амбіції Філарета / https://www.religion.in.ua/news/vazhlivo/42326-pravoslavna-cerkva-ukrayini-na-porozi-krizi-cherez-patriarshi-ambiciyi-filareta.html

8. Филарет решил умереть в звании старого маразматика / https://diak-kuraev.livejournal.com/2299240.html

9. Зустріч Предстоятеля з духовенством Київської єпархії / https://www.pomisna.info/news/zustrich-predstoyatelya-z-duhovenstvom-kyyivskoyi-yeparhiyi/

10. Зареєстровано Київську митрополію УПЦ (ПЦУ) / https://risu.org.ua/ua/index/all_news/orthodox/ocu/74542/

11. Екатерина Щеткина. Вопреки томосу. Как с подачи Филарета появился двойник УПЦ. / http://www.dsnews.ua/society/vopreki-tomosu-kak-s-podachi-filareta-poyavilsya-dvoynik-06022019161000

12. Історія цього документа така… / https://www.religion.in.ua/blogs/42169-istoriya-cogo-dokumenta-taka.html

13. Епіфаній про Путіна, Порошенка, вибори, прокльони і хустки / https://www.radiosvoboda.org/a/29746455.html

14. Синод Православної Церкви України викликав сплеск критики і зауважень / https://www.religion.in.ua/news/vazhlivo/42575-sinod-pravoslavnoyi-cerkvi-ukrayini-viklikav-splesk-kritiki-i-zauvazhen.html

15. Михайло Глуховський. Чи був Синод? Перший скандал у помісній церкві / https://glavcom.ua/publications/chi-buv-sinod-pershiy-skandal-u-pomisniy-cerkvi-567448.html?fbclid=IwAR2mFZkeF-7P36T5sRSy_A10SManyRizdoEVJs37LmZvDC4C3PA7LpWH1bk

16. Кирило (Говорун), архімандрит. Про “призначення” членів річного синоду ПЦУ / https://www.religion.in.ua/blogs/42560-pro-priznachennya-chleniv-richnogo-sinodu-pcu.html

17. Часопісы пасяджэння Святога Сінода ад 5 лютага 2019 / https://www.pomisna.info/doc/dokumenty-na-golovnu/zhurnaly-zasidannya-svyashhennogo-synodu-vid-5-lyutogo-2019-r/

18. Свято-Михайлівський чоловічий монастир / http://www.archangel.kiev.ua/index.php?option=com_content&view=category&layout=blog&id=17&Itemid=33

19. диакон Андрей Кураев. “Скучно…” / https://diak-kuraev.livejournal.com/2318421.html і “И скучно и беспросветно” / https://diak-kuraev.livejournal.com/2320741.html

20. Інтерв’ю глави Православної церкви України митрополита Епіфанія журналу “Новое Время” / https://nv.ua/ukr/ukraine/events/glava-pcu-nazvav-tri-osnovni-zavdannya-yaki-pered-soboyu-postaviv-50005152.html

21. Мар’яна П’єцух. Без сварак, але з сумненнем: як кіеўскі храм пераходзіў у ПЦУ / https://www.pravda.com.ua/articles/2019/02/8/7206046/

22. Переход приходов УПЦ МП в ПЦУ: создана интерактивная карта / https://news.liga.net/politics/news/perehod-prihodov-upts-mp-v-ptsu-sozdana-interaktivnaya-karta

23. Майже половина православних українців відносять себе до Помісної церкви / https://gazeta.ua/articles/comments-newspaper/_majzhe-polovina-pravoslavnih-ukrayinciv-vidnosyat-sebe-do-pomisnoyi-cerkvi/883808

24. «Церковне звернення» Порошенка: чому за бортом залишилася УГКЦ / https://www.pravda.com.ua/columns/2018/04/20/7178224/

25. Український центр вивчення громадської думки «Соціоінформ». Соціологічне дослідження щодо ставлення мешканців Львівщини до створення єдиної помісної Православної церкви України. Львів, 2019. Прэзентацыя адбылася 28 студзеня 2019 г. Аб ёй можна прачытаць тут: https://dailylviv.com/news/kultura/na-lvivshchyni-naibilshe-khochut-rizdva-25-hrudnya-i-obiednannya-tserkov-sotsioinform-68045?fbclid=IwAR1LLXdPZIq2f0FVYPbfgiSyPFM7JHaP5WAtVhdCc2714PIQSSwh-Kwg_Pk

26. Музей Блаженнішого Митрополита Володимира та Преображенський собор на Теремках відвідав Предстоятель Православної Церкви України Митрополит Епіфаній / http://mvfund.org/novini/818-muzej-blazhennishogo-mitropolita-volodimira-ta-preobrazhenskij-sobor-na-teremkakh-vidvidav-predstoyatel-pravoslavnoji-tserkvi-ukrajini-mitropolit-epifanij?fbclid=IwAR1Yaxgh72ZAp2Z2VpCD0wllokAYVFGZtWtcmfxsXxv5_rxy37kYonHv40E

27. Επίσκοπος της Αυτοκέφαλης Εκκλησίας της Ουκρανίας σε Ιερά Επιστασία και Μονή Εσφιγμένου / https://www.romfea.gr/agioritika-nea/26960-episkopos-tis-autokefalis-ekklisias-tis-oukranias-se-iera-epistasia-kai-moni-esfigmenou

28. Єпископ ПЦУ вперше провів богослужіння на Афоні / https://ukr.segodnya.ua/ukraine/episkop-pcu-vpervye-provel-bogosluzhenie-na-afone-1218950.html

прот. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі