«Радыё Марыя» – цуд валанцёрства. Інтэрв’ю са стваральніцай

1 лістапада 2016 года ў Беларусі пачало працаваць міжнароднае хрысціянскае радыё, якое вяшчае ўжо больш чым у 70 краінах свету – «Радыё Марыя».

Па ўсім свеце «Радыё Марыя» – гэта валанцёрскі праект. У Беларусі супольнасць, якая стварае Радыё, налічвае ўжо больш за 50 чалавек. На «Радыё Марыя» можна пачуць якасную беларускую і сусветную хрысціянскую музыку, паслухаць цікавыя праграмы – адукацыйныя, духоўныя, інтэрв’ю і нават калыханкі. «Радыё Марыя» пазіцыянуе сябе як радыё для кожнага чалавека, незалежна ад яго веравызнання, для ўсіх, каму ў сучасным жорсткім свеце не хапае святла і дабрыні.

Сёння мы размаўляем з Яўгеніяй Найдовіч, валанцёрам «Радыё Марыя Беларусь», адной з тых, хто ствараў «Радыё Марыя» ў нашай краіне.

Яўгенія, Вы адна з тых, хто пачынаў «Радыё Марыя» у Беларусі. Распавядзіце як гэта было і колькі прайшло часу ад думкі аб стварэнні да першага эфіру?

Першы ліст адносна Радыё Марыя ў маім кампутары датаваны 27-ым жніўнем 2014 года. Значыць у гэтым годзе будзе ўжо 5 гадоў, як мы распачалі гэтую справу. У той час майму мужу Вячаславу Гулевічу, які на той момант скончыў Мінскі тэалагічны каледж, было даручана ўзначаліць «Радыё Марыя» на Беларусі з боку вернікаў. Бо кожнае  «Радыё Марыя» у свеце мае двух кіраўнікоў – з боку вернікаў і з боку святароў.

Не ведаю, чаму справа не пайшла ў тых, хто быў да нас, але ў нашым выпадку было вельмі складана не сысці з гэтай сцежкі. Крочыць па ўсіх арганізацыйных этапах было не проста складана, а часам амаль немагчыма.

Але нам пашчасціла – ад самага пачатку мы былі не адныя супраць гэтай арганізацыйнай махіны. Мы былі ўтрох. У склад каманды ўваходзіў і ксёндз Аляксандр Тарасевіч, які ў той перыяд аддаў шмат свайго часу і жыццёвай энергіі на тое, каб зварухнуць з мёртвай кропкі гэты валун.

Варта сказаць і словы падзякі ксяндзу Юрыю Санько. Ён меў ужо пэўны досвед у гэтай галіне, шчыра ім дзяліўся, ва ўсім нам дапамагаў. Памятаю, прыйдзеш у касцёл, зноў атрымаўшы адмоўны адказ на хадайніцтва аб рэгістрацыі, а там ксёндз Юрый, такі вялікі і вясёлы. Скажа пару натхняльных словаў, і ты ляціш ізноў спрабаваць. Мы ўсе не давалі адно аднаму ўпасці ў роспач, і нават мелі дамову, ніколі не сумаваць і не сумнявацца ўсім адначасова, а рабіць гэта толькі па чарзе (смяецца).

Такім чынам, толькі ў нашым выпадку прайшло 2 гады ад моманту ідэі да яе рэалізацыі.

А чаму ў Беларусі Радыё пачало працаваць толькі ў 2016 годзе, у Польшчы яно з 1991-га, у Расеі з 1999-га, ва Ўкраіне з 2010-га?

Напэўна, Пан Бог дае кожнай краіне свой момант, калі яна ўжо гатова прыняць у сябе «Радыё Марыя». Можа менавіта таму мы так не хутка атрымалі гэтую магчымасць. Бо «Радыё Марыя» не звычайны сродак масавай інфармацыі, а сур’ёзны сацыяльны і культурны праект, для якога патрэбна адпаведная глеба. Дарэчы, мы не былі апошняй краінай на тэрыторыі Еўропы, дзе яно адкрылася. Нягледзячы на тое, што ўсе суседзі ўжо мелі ўласнае «Радыё Марыя», пасля нас, у мінулым годзе, было адкрыта РМ Славенія. Так што мы ўжо згубілі статус самага малодшага і самага мілага «Радыё Марыя» у нашай вялікай радыёмарыйнай сям’і.

Што датычыцца РМ Польшча, – гэта ўвогуле асобная гісторыя. Польскае радыё не мае нічога агульнага з сусветным «Радыё Марыя». У тым ліку і за-за таго, што яны парушалі правіла паводле якога «Радыё Марыя» не кажа аб палітыцы і ніяк не ўдзельнічае ў палітычным жыцці краіны і свету. У іх нават і лагатып іншы. Але для нас яны, шчыра кажу, канкурэнты. Бо значная частка Заходняй Беларусі слухае менавіта іх, а пра нас і ведаць не хоча. Канечне, вада камень точыць, і мы пакрысе крочым і па Захадзе Беларусі. Ездзім па касцёлах і просім людзей хоць аднойчы паспрабаваць паслухаць беларускі варыянт «Радыё Марыя». Бо мы свае, беларусы, а яшчэ нам можна тэлефанаваць на супольную малітву, а ў Польшчу – задорага (смяецца).

Нават і цяпер часта людзі прымаюць нас за польскае радыё. Але спадзяемся, нас таксама палюбяць.

52871872_426776338060918_7626829042485821440_n

«Радыё Марыя» ва ўсім свеце – гэта валанцёрскі праект. Але хто стварае РМ ў Беларусі, хто гэтыя людзі, распавядзіце.

У штаце беларускага «Радыё Марыя» толькі 3 супрацоўнікі, якія працуюць на пастаяннай аснове. Таксама ксёндз-дырэктар Аляксандр Улас, які з’яўляецца нашым лідарам і духоўным апекуном. Часам здаецца, што ён жыве ў студыі, так шмат у яго працы. Пан Бог і тут быў да нас ласкавы і даў нам гэтага таленавітага святара, які, дарэчы, яшчэ і супер-спецыяліст ў тэхнічнай галіне. Шмат чаго для студыі ён зрабіў уласнымі рукамі, выкарыстаўшы, як мы жартуем, «абломкі старых пыласмокаў».

Галоўны каардынатар усёй працы на студыі Алена Кот. На ёй ляжыць адказнасць за ўсё, што адбываецца ў Радыё – ідэі, праграмы, госці, праекты, каардынацыя дзейнасці валанцёраў і яшчэ шмат чаго ляжыць на ёй.

А яшчэ адзін Божы дар для Радыё – гэта валанцёры. Памятаю, калі мы былі на сусветным кангрэсе «Радыё Марыя» яшчэ ў статусе гасцей, мне на вочы трапіўся часопіс пад назвай «Радыё Марыя – цуд валанцёрства». Канечне, я разумела, што такое валанцёрства, але не магла ўявіць сабе, што гэта значыць у сэнсе дзейнасці Радыё. Ну, думаю, хтосьці праграму напіша, хтосьці ружанец правядзе. А зараз разумею – гэта не проста праграма, ці спеў, ці ружанец, гэта частка чалавечага сэрца, якую ён аддае Пану Богу, Панне Марыі і сваім суайчыннікам.

Быць валанцёрам у любой галіне – гэта крута, самаахвярна і варта павагі, але быць валанцёрам у хрысціянскім медыйным праекце, які, на першы погляд, нікога не ратуе ад беднасці, ад хваробы і ад смерці – гэта зусім асаблівае служэнне. Бо ўсведамленне карыснасці гэтай дзейнасці – яно не на паверхні і патрабуе асэнсавання.

Сёння каманда «Радыё Марыя» – гэта ўжо больш за 50 чалавек. Нават складана палічыць. Бо ёсць тыя, хто пастаянна рыхтуе праграмы, прыходзіць на Радыё кожны тыдзень, а ёсць тыя – хто проста ёсць, і гэта таксама важна і каштоўна. Адно слова-заклік аб дапамозе ў нашай валанцёрскай суполцы – і хтосьці прымчыцца ці паправіць памылкі ў тэксце, ці раздаць флаеры, ці бабулю ў вёсачцы навучыць карыстацца смартфонам, ці проста спячэ і прынясе пірог.

Ёсць імёны, якія ўжо ўпісаныя ў гісторыю «Радыё Марыя» ў Беларусі. Гэта айцец Аляксандр Фаміных, па якім можна звяраць календар, бо ён ад самага пачатку вядзе катэхезу па серадах. Ксёндз Дзмітрый Пухальскі, які адзін з нямногіх, хто паверыў у нас, калі мы яшчэ нікім не былі і стаў рыхтаваць сур’ёзныя праграмы. Гэта нашыя любыя святары, стваральнікі важных і карысных праграм – Яўген Голуб, Павал Эйсмант і нашы сябры-семінарысты, і айцец Міхаіл Цвячкоўскі з Жодзіна, і ўсе святары, з парафій якіх вядуцца трансляцыі. Таксама біскуп Аляксандр Яшэўскі, які ніколі не адмаўляў нам у парадах і маліўся  разам з намі.

Вось зараз я пытаюся ў нашага галоўнага рухавіка – Алены Кот, каб каго не забыць адзначыць, а яна піша: «Калі ласка, не забудзь сказаць і пра нашых сяброў грэка-католікаў: і святара, і хор, і перакладчыка, і спадара Ігара Цярэшчанку, без якіх нам ніяк!»

А яшчэ нашыя дарагія старэйшыя валанцёры – нават і не ведаю, як аддзячыць за той супакой і парадак, які яны нам нясуць. Вось, напрыклад, спадарыня Рэгіна. Калі нас яшчэ ніхто не ведаў, і не адгукаўся на нашыя заклікі аб супольнай ружанцовай малітве ў эфіры, мы адчувалі сябе так самотна, як штосьці непатрэбнае, а тут голас спадарыні Рэгіны, і спадарыні Ірыны, і потым і іншыя галасы, якія нас не пакідалі, і быццам казалі: «Давайце, Радыё Марыя, усё не дарэмна, патрэбны толькі час!» А яшчэ дзяўчынка Каралінка, якая з намі ад сваіх 12 гадоў, адказная за праграму для падлеткаў. А наша Алінка Угорыч – цуд і святло, якой выпалі найскладанейшыя часы – быць адказнай за «нулявы» варыянт Радыё, якое 2 гады таму было нібыта «голенькае», бо нічога ў ім не было.

А наш галоўны «фіксік» Саша , які робіць тэхнічныя цуды з дапамогай адвёрткі! Бог дае для працы студыі самых таленавітых, гэта дакладна!

А яшчэ ёсць тыя, хто не толькі на працягу тыдня рыхтуе праграмы і іншыя неабходныя рэчы, але і на выходных днях ездзіць па Беларусі, каб распавесці пра «Радыё Марыя», дапамагчы слухачам разабрацца з радыё ў інтэрнэце, усталяваць мабільныя прыкладанні.

Гэты спіс можна працягваць і працягваць!

Праца на Радыё не самы просты занятак – адно абслугоўванне пульту чаго вартае, а яшчэ вядзенне інтэрв’ю, гуказапіс, дыкцыя, журналісцкая праца. Ці вы неяк рыхтуеце сваіх валанцёраў перш, чым даць ім у рукі мікрафон?

Сесці за мікрафон «Радыё Марыя» можа амаль кожны чалавек, які гэтага захоча, бо спецыфіка нашага Радыё ў тым, што яно – радыё людзей, вернікаў, беларусаў. Спачатку не ўсе зразумелі, што мы не звыклы інфармацыйны рэсурс. Для нас не так важна, якая ў цябе дыкцыя, як тое, што ў цябе ў сэрцы. Не падумайце, што тут няма рэдактарскай працы, альбо пэўнай хрысціянскай цэнзуры. Але кожны ў каго ёсць час і жаданне прысвяціць сябе стварэнню кантэнта для Радыё – жаданы і чаканы. Дапаможам, інструкцыямі ўзброім, за памылкі абдымем. Хаця ёсць адно патрабаванне, якое нам бы хацелася не парушаць – гэта выкарыстоўванне беларускай мовы ў эфіры. Канечне, калі госці будуць размаўляць па-руску, польску, ангельску – перакладзем слухачам, але калі ты вядучы, то трэба сябе перамагчы і здолець размаўляць на мове. Так, напрыклад, было і ў маім выпадку. Я думала, што ніколі не змагу карыстацца мовай, але Пан Бог пакіраваў і адкрыў мне моўную скарбонку. Так што цяпер і я магу быць сведчаннем таго, як валанцёры засвойваюць мікрафон.

Але ж ёсць у нас і складаныя тэхнічныя рэчы. Вось, напрыклад, пульт. За пультам «Радыё Марыя» кожны дзень працуюць самыя сапраўдныя гукаінжынеры. Зараз з намі Марына Сабалеўская, а да яе быў Аляксей Заічанка, які потым стаў семінарыстам. Дарэчы, аб Марыне мы маліліся ўсёй супольнасцю, бо калі Лёша паступіў у семінарыю, мы засталіся сам-насам з пультам, а гэта было складана.

А ўвогуле, на «Радыё Марыя» валанцёры самі працуюць за пультам, робячы не самыя складаныя, але патрэбныя рэчы. Аднойчы і мы да гэтага прыйшлі. Было абвешчана, што патрабуецца каманда вядучых на вечаровыя «жывыя» ружанцы, і такія адважныя і ахвярныя рабяты неўзабаве знайшліся. Спачатку быў трэнінг, дзе мы ўсе вучыліся не толькі працаваць за пультам, але і адказваць на тэлефонныя званкі, бо гэта, дарэчы, таксама навука. А потым, крок за крокам, яны самі выдатна засвоілі студыйную «кухню» і цяпер кіруюць пультам і эфірам самастойна, і гэта таксама Божы дар!

Зараз у студыю таксама патрэбныя вядучыя эфіраў у іншыя дні тыдня, таму запрашаем і ўсяму навучым.

А каб справа рабілася лягчэй, мы ўжо распрацавалі карысныя пакрокавыя інструкцыі, дзе напісана як і што рабіць. Бо, ведаеце, калі ўключаецца чырвоная лямпачка прамога эфіру, ад страху можна забыць і «Ойча наш», і нават сваё імя.

52905698_783442798693473_1250148543302205440_n

Добра, з тымі, хто робіць «Радыё Марыя» у Беларусі мы пазнаёміліся. А хто вашыя слухачы? Колькі чалавек слухае РМ?

Дзякуючы таму, што мы інтэрнет-радыё, мы можам амаль дакладна палічыць колькасць слухачоў, якія з намі ёсць. Дакладней, не слухачоў, а ўключаных прымачоў. У нашым выпадку «прымач» – гэта тэлефон, планшэт, кампутар і нашыя «сапраўдныя радыё», якія мы робім сваімі рукамі. Але ж колькі там ля прымачу адначасова збіраецца людзей – невядома. Аднойчы я пажартавала ў эфіры, што вітаю нашыя «мільёны» – так на адным вядомым радыё вітаюць сваю аўдыторыю. На той момант «мільёнаў» было шэсцьдзесят чалавек, і тут жа нам патэлефанавала спадарыня Вікторыя, наш дарагі слухач з Мінску. Яна сказала: «Дзетачкі, што вы, нас не 60, нас значна больш, мы тут на малітву ля радыёпрымача збіраемся цэлай кампаніяй, усе разам!».

Па падліках, дзённая колькасць слухачоў складае калі 400 чалавек. А на працягу месяца ў «Радыё Марыя» ёсць каля 4000 унікальных карыстальнікаў.

Калі мы прыязджаем у які-небудзь касцёл, каб распавесці пра Радыё, мы просім людзей: «Калі ласка, хоць адзін раз уключыце!» Бо ведаем, што аднойчы ўключыўшы, ужо немагчыма не слухаць Радыё, бо яно вартае гэтага.

А якія перадачы карыстаюцца найбольшай папулярнасцю? Якая Ваша ўлюбёная?

Адныя з самых папулярных праграмаў малітоўныя, а таксама Імшы, якія мы транслюем з розных касцёлаў. Наша мара – кожны тыдзень трансляваць Імшу з новага касцёла, каб беларускія вернікі маглі такім чынам «вандраваць» па розных святынях і слухаць розных святароў. Але ж і іншыя праграмы ўжо не збіраюць адначасова менш за пяцьдзесят чалавек, і гэта сведчыць, што працуем не дарэмна, што пакрысе Радыё набірае вядомасць, і людзям падабаецца тое, што можна праз яго атрымаць.

Што да мяне – я люблю супольную малітву з усімі разам, гэта для мяне лепшы момант на працягу эфірнага дня. Люблю і добрыя калыханкі, і катэхезы нашых выдатных святароў, і маленькія замалёўкі «Сонечныя праменьчыкі», і сведчанні, і геаграфію. Ды ўсё люблю!

А яшчэ «Радыё Марыя» стварае некалькі праектаў не ў фармаце радыё. Наш сябар і валанцёр Тарас Шчыры робіць цудоўную моладзевую гульню «Я – журналіст». Падчас яе падлеткі могуць палепшыць камунікатыўныя навыкі, навучыцца ставіць пытанні і рабіць цікавыя інтэрв’ю. Таксама Тарас з’яўляецца куратарам праекта пад назвай «ХІБ – Хрысціянскі інтэлектуальны батл». Гэта гульня ўжо не аднойчы праходзіла ў мінскіх парафіях. Таксама ёсць планы праводзіць гэтыя карысныя для сучаснай моладзі імпрэзы і ў іншых беларускіх гарадах.

Канечне, люблю я і тыя праграмы, якія раблю сама. Рабіць люблю, слухаць не (смяецца). Бо мне падабаецца праз гэта даведвацца аб чымсьці новым, а таксама шукаць для нашых слухачоў цікавую і добрую інфармацыю. Мы не так даўно абмяркоўвалі на Радыё, што і як рабіць далей. І супольна вырашылі, што маем вялікую адказнасць перад слухачамі і вельмі хочам рабіць самае лепшае для іх. І кожны раз перад вачыма ёсць і спадарыня Ірына з Маладзечна, і спадарыня Надзея з Мар’інай Горкі, і мінчанін спадар Станіслаў, і спадарыня Яніна, і ўсе-ўсе людзі, якія так вераць нам.

Вы пакуль працуеце толькі ў інтэрнэце. А як з рэгістрацыяй Радыё на хвалях? Што пра гэта думаеце, чаму Радыё не рэгіструюць ужо чацвёрты раз і ці магчыма яго рэгістрацыя ў Беларусі ўвогуле?

На цяперашні момант мы інтэрнэт-радыё. Ведайце, што мы робім усё магчымае, каб гэты статус змяніць. І зноў хачу падзякаваць, на гэты раз Арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які аказаў нам такую вялікую падтрымку ў перамовах з уладамі, але пакуль сітуацыя мяняцца не будзе. Раней мы перажывалі, што не маем магчымасці быць звычайным радыё, вяшчаць на хвалях, каб нас слухалі ў машыне і праз звычайны радыёпрымач. Але потым вырашылі, што не будзем сумаваць з-за гэтага, а проста навучымся з гэтым жыць.

Так здарылася, што нават не грошы вырашаюць гэтае пытанне, а нейкія іншыя абставіны, на якія мы не можам паўплываць. У той жа час, ведаеце, атрыманне ліцэнзіі СМІ яшчэ не гарантуе атрымання частаты для вяшчання. Можна атрымаць яе дзесьці ў адной маленькай кропцы на мапе Беларусі і больш нідзе, а грошай гэтая ліцэнзія каштуе велізарных. Тады будзе марнаванне фінансавых сродкаў і больш нічога. А інтэрнэт дае амаль неабмежаваныя магчымасці.

Такое радыё я нават у Кітаі магу паслухаць у добрай якасці. Альбо падчас адпачынку людзі слухаюць імшу па «Радыё Марыя» нават на тых курортах Турцыі, дзе няма касцёлу. Засталася толькі маленькая справа – навучыць нашых бабуляў карыстацца Радыё ў інтэрнэце. Гэта нялёгка, але ніхто і не абяцаў нам лёгкага жыцця (смяецца), і гэта ўсё можна зрабіць. Аднак шкада, калі ў чалавека ёсць патрэба ў «Радыё Марыя», але ў яго зусім-зусім няма інтэрнэту, тады мы рэальна сумуем.

52849960_620137861775241_7815769000343764992_n

Наколькі важная дзейнасць «Радыё Марыі» ў Беларусі і якія вашыя мэты?

Ведаеце, калі гэта ўсё распачыналася, ніхто з нас не ўсведамляў, ШТО ёсць на самой справе «Радыё Марыя». А цяпер, пасля гэтых год, мы ўжо разумеем, што нельга сысці. Нас слухаюць розныя людзі, з розных гарадоў, рознага ўзросту, з рознымі жыццёвымі абставінамі. Ёсць сярод іх і тыя, для каго паслухаць Імшу і прыняць удзел у малітве на «Радыё Марыя» – гэта амаль адзіная магчымасць «апынуцца» на Імшы і ў малітоўнай супольнасці. Гэта і зусім старэнькія, хворыя і самотныя людзі. А як жа радасна «даставіць» ім у хату і Імшу, і малітву, і галасы жывых простых людзей, такіх жа звычайных беларусаў.

А яшчэ мы часта становімся сведкамі цудаў. Вось, напрыклад, на мінулым тыдні што адбылося. Адна дзяўчынка на супольным ружанцы агучыла сваю інтэнцыю: «каб бацька знайшоў працу». І адразу пасля эфіру ў студыю патэлефанаваў слухач, і сказаў, што хоча прапанаваць працу для гэтага чалавека, і пакінуў свой нумар тэлефона. Ну не цуд? Вось што Пан Бог робіць!

Мы чуем галасы людзей у тэлефоннай трубцы, чытаем іх словы, якія яны дасылаюць у студыю: свае сведчанні, просьбы, словы падзякі, пажаданні адносна эфіру, а нават і выпраўленні моўных памылак, якія мы робім. Усё гэта знак, што нельга павярнуць назад і спыніць Радыё.

Кажу пра гэта і мне страшна. Бо мы залежым ад такой колькасці розных абставінаў! Аднойчы я пісала праграму пра святога Максіміліяна Марыя Кольбэ, які заснаваў журнал «Рыцар Беззаганнай». Так я даведалася аб тым, што ў першым нумары гэтага часопісу чытачы былі папярэджаныя, што: «З прычыны недахопу фінансавання, мы не можам гарантаваць чытачам, што «Рыцар» будзе выходзіць рэгулярна». Але дзякуючы ахвяраванням, якія паступалі як раз тады, калі выдавецтву пагражала банкруцтва, «Рыцар» працягваў выконваць сваю місію.

Гэтак і мы знаходзімся ў такіх абставінах. Радыё не з’яўляецца камерцыйным праектам, які мог бы ўтрымоўваць сябе праз рэкламу, таму мы залежныя ад ахвяраванняў. Працу Радыё немагчыма рабіць з дома, немагчыма рабіць яе толькі перыядычна, – патрэбная і студыя, і абсталяванне, і хоць тры, але пастаянныя супрацоўнікі. Таму мы, канечне, патрабуем грошай на гэтыя не вялікія, але важныя расходы. Калі людзі вырашаць, што «Радыё Марыя» не вартае ахвяраванняў, альбо дзяржава вырашыць, што нас трэба зачыніць – то мы знікнем. Такая наша рэчаіснасць. Але мы ведаем, што Пану Богу бачна і ясна наша сітуацыя, і аддаем усё Ягонай волі.

Фота з архіва «Радыё Марыя»

Падрыхтавала Вольга Севярынец

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі