Святая Зямля: антыхрысціянскі вандалізм і беспакаранасць?

dormition-tag

11 сакавіка 2019 года асобы, якіх абвінавачвалі ў стральбе ва Успенскім абацтве ў Ерусаліме (абацтва Дарміцыён) каля трох гадоў таму, былі апраўданыя. Дарадца каталіцкіх лідараў Святой Зямлі заклікае ўлады не адпускаць іх.

На хвалі антыхрысціянскага вандалізму ў апошнія гады Успенскае абацтва ў Ерусаліме неаднаразова падвяргалася нападам. У студзені 2016 года на мурах абацтва з’явіліся хрысціянафобскія надпісы на іўрыце: «Смерць хрысціянам-язычнікам, ворагам Ізраіля», «Хай яго імя (Ісус) і яго памяць будуць сцёртыя» або «Хрысціяне ў пекле». На сваім афіцыйным вэб-сайце Лацінскі Патрыярхат Ерусаліма падкрэсліў, што гэта здараецца не ўпершыню: «У маі 2014 года, адразу пасля ад’езду Папы Францішка і ў лютым 2015 года, абацтва было абстралянае. У 2013 і 2012 гадах на сценах будынка былі таксама напісаныя антыхрысціянскія графіці.

Такія акты звычайна асуджаюцца ўрадам Ізраіля, сродкамі масавай інфармацыі і ізраільскай грамадскасцю. Шмат разоў хрысціянскія цэрквы Святой Зямлі прасілі дзяржаўныя ўстановы зрабіць больш для прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Аднак у заяве, апублікаванай 14 сакавіка 2019 года на сайце Лацінскага Патрыярхату, дарадца кіраўнікоў каталіцкіх цэркваў Святой Зямлі заявіў ад іх імя, што «было прынятае да ўвагі вынесенае ізраільскім судом у панядзелак 11 сакавіка рашэнне апраўдаць падазраваных габрэяў у нападзе на Ўспенскае абацтва ў Ерусаліме, важнае святое месца і хрысціянскі манастыр, каля трох гадоў таму. Ізраільская прэса паведаміла пра адсутнасць доказаў. Некаторыя прызнанні былі прызнаныя несапраўднымі з-за таго, што былі атрыманыя Шын Бэт пад ціскам. З дваіх падазраваных адзін быў непаўнагадовым падчас нападу. Другі, Інон Рэўвені, раней атрымаў пяць з паловай гадоў турэмнага зняволення за спаленне ў чэрвені 2015 года Царквы памнажэння хлеба і рыбы ў Табхе, якой апякуюцца нямецкія бенедыктынцы, як і ва Успенскім абацтве ў Ерусаліме.

Рашэнне ізраільскага суда ў мінулы панядзелак выклікала замяшанне кіраўнікоў каталіцкіх цэркваў Святой Зямлі, бо злачынцы ўсё яшчэ знаходзяцца на волі. Гэта могуць быць толькі падазраваныя, якія напярэдадні былі апраўданыя, або тыя, хто застаўся па-за ўвагай следчых. У заяве прадстаўнік кіраўнікоў каталіцкіх цэркваў Святой Зямлі Вадзі Абунасар лічыць, што праз тры гады пасля атак «гэтае рашэнне азначае, што тыя, хто нападаў на Успенскае абацтва, не былі прыцягнутыя да адказнасці. Такая рэальнасць для нас непрымальная!»

Папярэдняя заява Лацінскага Патрыярхату на гэты конт была зробленая ў кастрычніку 2018 года пасля актаў вандалізму ў манастыры салезіянцаў Бейт Джэмаль. Прадстаўнікі Лацінскага Патрыярхата тады прызналі, што яны не бачаць «амаль ніякіх спробаў выпраўлення гэтай небяспечнай сітуацыі з боку дзяржаўных органаў, звязаных з бяспекай і адукацыяй», і адкрыта заклікалі Ізраіль і «ўсе адпаведныя органы імкнуцца пакараць нападнікаў і навучыць людзей не ўчыняць такія злачынствы». У студзені 2016 года Лацінскі Патрыярхат рашуча асудзіў напад на Успенскае абацтва і нагадаў, што «адзінымі лекамі супраць такіх актаў з’яўляецца адукацыйны кантроль, які можа папярэдзіць распальванне нянавісці супраць хрысціян».

Акты антыхрысціянскага вандалізму на Святой Зямлі (графіці, падпалы, апаганьванне цэркваў і могілак) памнажаюцца ў апошняе дзесяцігоддзе. Гэтыя акты звычайна ажыццяўляюцца дзеячамі габрэйскага ўльтранацыяналістычнага руху.

У апошнія гады былі зафіксаваныя атакі габрэйскіх экстрэмістаў на манастыр салезіянцаў у Бейт Джэмаль, на манастыр Дэйр Рафат, на царкву Табха, на манастыр Латрун, а таксама на святыя месцы іншых хрысціянскіх канфесій, у прыватнасці, Армянскай Апостальскай царквы і Праваслаўнай Царквы на гары Сіён з мэтай знішчыць хрысціянскую прысутнасць унутры перыметра грабніцы Давіда, аднаго з месцаў юдэйскага паломніцтва.

Пераклад са скарачэннямі з французскай мовы:

Terre Sainte: vandalisme antichrétien et impunité? (Святая Зямля: антыхрысціянскі вандалізм і беспакаранасць?)

Vandalisme: les Eglises catholiques appellent à l’action (Вандалізм: каталіцкія цэрквы заклікаюць да дзеянняў)

Заява Лацінскага Патрыярхату: Deux suspects juifs acquittés lors de l’attaque de l’abbaye de la Dormition à Jérusalem

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі