Каталіцкая Царква выступіла супраць дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з заявай, у якой ад імя Каталіцкай Царквы ў Беларусі патрабуе неадкладна спыніць знос крыжоў у Курапатах.

Ранкам 4 красавіка на ўрочышчы Курапаты ў Мінску пачаліся “планавыя працы па добраўпарадкаванні ляснога фонду”, вынікам якіх стаўся дэмантах 70-і крыжоў, усталяваных на месцы растрэлаў НКУС.

У Міністэрстве лясной гаспадаркі пацвердзілі, што «усе незаконна ўзведзеныя спаруды, у тым ліку, і крыжы, будуць знесеныя», паведамляе “Наша Ніва” са спасылкай на прэс-сакратара мінлясгасу Анастасію Дакучаеву.

На ўдакладняючае пытанне, хто прызнаў крыжы, пастаўленыя людзьмі ў народным мемарыяле Курапаты, незаконнымі, Анастасія Дакучаева адказала так: «Ніводнага дакумента на ўсталяванне крыжоў не было. Таму крыжы лічацца самавольна ўсталяванымі, то бок, пастаўлены незаконна».

Куды крыжы павезьлі, і ці будуць яны вернутыя тым, хто іх усталёўваў, Дакучаева пакуль не адказала.

Падчас вядзення працаў былі арыштаваныя 16 грамадзянскіх актывістаў, у тым ліку, Павел Севярынец і Зміцер Дашкевіч.

“Праходячы за мяжой курс рэабілітацыі пасля складанай аперацыі па стабілізацыі пазванкоў металаканструкцыямі, я, тым не менш, сачу за падзеямі, якія адбываюцца на маёй Радзіме. Сёння сродкі масавай інфармацыі напоўнены трывожнымі звесткамі пра знос крыжоў у мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Курапаты, які разам са шматлікімі іншымі падобнымі месцамі на нашай Бацькаўшчыне з’яўляецца яе Галгофай і адначасова помнікам гісторыі і культуры. Праблема Курапатаў цягнецца ўжо даўно і мае глыбокія карані, але яе неабходна як мага хутчэй вырашыць”, – гаворыцца ў заяве, зробленай арцыбіскупам Кандрусевічам  ад імя Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

“У кастрычніку было паведамлена, што да канца мінулага года ў Курапатах будзе ўстаноўлены памятны знак, каля якога таксама можна будзе памаліцца. Аднак ніхто не спытаў прадстаўнікоў веравызнанняў, як павінна выглядаць месца малітвы, асабліва капліца: ці яна павінна быць міжканфесійнай і міжрэлігійнай, ці, можа, лепш кожнаму веравызнанню мець сваю. Між тым неабыякавыя да трагедыі масавых забойстваў людзі прыходзілі ў Курапаты, каб памаліцца, і імкнуліся нейкім чынам пазначыць гэтае месца і ўшанаваць памяць забітых і пахаваных тут продкаў і суайчыннікаў”, – нагадвае Кандрусевіч, дадаючы: “акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста — знак нашага збаўлення і надзеі”.

Прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы Сяргей Лепін у інтэрвію радыё “Свабода” заявіў, што ён здзіўлены тым, што міністэрства культуры Беларусі не ў курсе таго, што адбываецца ў Курапатах.

​«Мяне сытуацыя вакол Курапатаў і крыжоў вельмі непакоіць. Але давайце дачакаемся афіцыйнага камэнтару мінкульту, райвыканкаму, прадстаўнікоў уладаў. Спадзяюся, што гэта адбываецца не дзеля таго, каб пашырыць тэрыторыю рэстарана, можа, улады жадаюць паставіць прыгажэйшыя крыжы, маюць пэўныя пляны на рэканструкцыю гэтага мэмарыялу. Не пакідаю надзею, што гаворка ідзе пра ўдасканаленне гістарычнага помніка, а не пра яго разбурэнне», — кажа Лепін.

“Крыж — знак збаўлення кожнага чалавека Хрыстом! Крыж — знак бязмежнай любові Бога да чалавецтва! Так, як сёння аднесліся да Крыжоў у Курапатах напаўняе сэрца болем, смуткам, пакідае шмат пытанняў і задумы аб будучыні нашай Бацькаўшчыны! Так рабіць нельга ў краіне, дзе ўсе прызнаюцца да нашых хрысціянскіх каранёў!”, – піша ў сваім акаўнце ў фэйсбуку каталіцкі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Раней падзеі з абурэннем пракаментавалі настаяцель праваслаўнага кафедральнага Пакроўскага сабора ў Гродне а. Георгій Рой і каталіцкі святар з Віцебска кс. Вячаслаў Барок.

Шэраг праваслаўных вернікаў, каментуючы падзеі ў сацыяльных сетках, звяртаюць увагу на той факт, што зараз – сярэдзіна тыдню Ушанавання Крыжа па праваслаўным каляндары.

У 19.00 у Курапатах адбудзецца супольная малітва вернікаў усіх канфесіяў, далучыцца да якой арганізатары заклікаюць таксама няверуючых людзей.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі