Беларускія партыі патрабуюць спыніць знішчэнне Курапатаў
Адразу некалькі беларускіх партый выступілі з заявамі ў абарону Курапатаў пасля таго, як улады Беларусі 4 красавіка знішчылі каля 70 крыжоў і затрымалі каля 15 іх абаронцаў.
Заява Беларускай хрысціянскай дэмакратыі
Беларускія хрысціянскія дэмакраты патрабуюць неадкладна спыніць незаконнае знішчэнне нацыянальнага мемарыялу Курапаты.
Знос крыжоў з’яўляецца часткай адной рэпрэсіўнай кампаніі, якая пачалася з пераследу незалежнага прафсаюзу РЭП, затым незалежных журналістаў па “справе БЕЛТА”, з крымінальных спраў у дачыненні да блогераў Пятрухіна і Кабанава, ціску і крымінальнага пераследу арганізатараў пратэстаў супраць акумулятарнага завода ў Брэсце, незаконных затрыманняў лідараў і актывістаў падчас Дня Волі 24-га і 25 сакавіка.
Махавік рэпрэсій, якія разгарнулі беларускія ўлады, сее варожасць у беларускім грамадстве, дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці. Наступствы масіраванай рэпрэсіўнай кампаніі могуць правакаваць і сацыяльныя выбухі падчас наступных электаральных кампаній.
Мы патрабуем неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Спыніць знішчэнне мемарыялу Курапаты, аднавіць зняважаныя крыжы.
Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі так пракаментаваў сітуацыю:
«Складваецца ўражанне, што ў расейскага пасла і спецпрадстаўніка Пуціна Бабіча ў Беларусі ёсць моцная каманда падтрымкі, якая складаецца з сілавых структур, адказных за планаванне і правядзенне рэпрэсій. Знос крыжоў у Курапатах падчас Вялікага посту ў апошні дзень крыжапаклоннага тыдня, калі ў цэрквах асабліва шануецца крыж, выглядае асабліва блюзнерскім. Супрацьпаставіць гэтай хвалі гвалту беззаконня мы можам толькі нашу салідарнасць. Сёння час абараняць нацыянальную памяць, абараняць людзей, якія знаходзяцца пад атакай рэжыму».
Курапаты — урочышча пад Мінскам, дзе пад час сталінскіх рэпрэсіяў, паводле розных падлікаў, былі забітыя ад 40 да 200 тысяч чалавек. Шмат гадоў гэтае месца было сімвалам памяці пра ахвяраў, месцам дзе сіламі неабыякавых грамадзянаў ствараўся народны мемарыял.
Увесь гэты час улады практычна не звярталі ўвагу на абарону урочышча: ўсталяваныя там крыжы неаднаразова былі паламаныя, была разбураная т.зв. «лава Клінтана», пастаўленая ў гонар візіту прэзідэнта ЗША. Пасля прыняцця рашэння пра з’яўленне ў Курапатах афіцыйнага помніка было, відавочна, прынятае рашэнне пра ўзяццё тэрыторыі пад кантроль і знішчэнне нязручных для ўладаў крыжоў.
Сёння ўлады перайшлі да актыўнай фазы: было знесена, па розных ацэнках, больш за 100 крыжоў. Як мінімум 6 актывістаў былі затрыманыя, нікога, у тым ліку журналістаў, на тэрыторыю урочышча не пускаюць супрацоўнікі міліцыі.
Рух «За Свабоду» лічыць падобныя захады спробай з боку ўладаў знішчэння народнага мемарыялу і выказвае рашучы пратэст супраць гэтых дзеянняў. Мы лічым, што ўсталяваныя ва ўрочышчы крыжы ў поўным аб’еме з’яўляюцца часткай мемарыяла і павінны ахоўвацца роўна так жа, як і ўсталяваны там дзяржавай помнік.
Падобнымі дзеяннямі ўлады наносяць шкоду справе захавання памяці пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Рух «За Свабоду» заклікае неадкладна спыніць працэс зносу крыжоў і адмовіцца ад падобных захадаў на будучыню.
Мы пратэстуем супраць затрыманняў абаронцаў Курапатаў і патрабуем іх неадкладнага вызвалення.
Заява Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі
У Курапатах бульдозерамі зносяць крыжы.
Тое, што зараз адбываецца ў Курапатах, нагадвае баль сатаністаў або часы бальшавікоў, калі скідалі крыжы з храмаў, а ўнутры арганізоўвалі свінарнікі і склады.
Памятаеце? Менавіта так і пачыналася. А скончылася – масавымі расстрэламі і з’яўленнем велізарнай магілы ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў Курапатах.
Спецаперацыя па вывазе і знішчэнні крыжоў на месцы, дзе знаходзяцца астанкі дзясяткаў тысяч людзей, агідная і амаральная.
Мы патрабуем яе спыніць, і заяўляем, што распарадчыкі і выканаўцы гэтага варварскага распараджэння панясуць адказнасць за свае дзеянні.
Каментар Аляксея Янукевіча, намесніка старшыні Партыі БНФ
Тое, што сёння ўлады твораць ў Курапатах, не мае і не можа мець ніякага апраўдання. Гэта мярзотнае, цалкам амаральнае дзікунства.
Руйнаваць крыжы, пад якімі ляжаць многія тысячы нявінных ахвяраў, на тым самым месцы, дзе яны памерлі пакутніцкай смерцю, прычым рабіць гэта свядома і дэманстратыўна – гэта поўнае адмаўленне агульначалавечай маралі, хрысціянскай веры, нацыянальных традыцыяў. То бок адмаўленне ўсяго, што робіць чалавека чалавекам.
Заява Зянона Пазьняка, старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ
Акупацыйны рэжым па загаду Лукашэнкі і патрабаванні Масквы пачаў знішчаць Народны Мемарыял Курапаты. Расейскія нашчадкі бальшавіцкіх бандытаў, якія забілі сотні тысячаў мірных грамадзянаў Беларусі, хочуць цяпер схаваць злачынствы, знішчыць народную памяць пра генацыд і магілы расстраляных людзей. Сёння яны прыехалі ў Курапаты з тэхнікай, на машынах са схаванымі нумарамі, ачапілі Мемарыял міліцыяй і пачалі ламаць крыжы над магіламі і па перыметру магільніка ды вывозіць іх у невядомым кірунку. На раніцы яны ўжо паспелі выламаць 70 з тысячы мемарыяльных крыжоў. Разбуралі ноччу. Гэта адкрытая вайна супраць памяці беларускага народа.
Звяртаюся да ўсіх, у каго жывыя душы, ідзіце ў Курапаты на абарону Народнага Мемарыялу. Збірайцеся там. Хай будзе вас шмат. Звяртаюся да каталіцкіх вернікаў Касцёла і праваслаўных беларусаў, да евангельскіх хрысціянаў і габрэяў, чый помнік варвары рэжыму апаганілі ў Курапатах. Баронячы Курапаты, мы баронім Бацькаўшчыну Беларусь.
Ворагі чалавецтва распачалі адкрытую вайну супраць народнай памяці пра генацыд. Пачалася гэтая адкрытая вайна пад непасрэдным наглядам здрадніка Народа пракладкай дарогі праз Курапаты, пабудовай ўвесяляльнага рэстарана ў ахоўнай зоне Народнага Мемарыяла, і цяпер – знішчэннем памятных крыжоў. Наступны этап вайны варвараў – агараджэнне сеткай тэрыторыі магільніка, забарона доступу людзям на тэрыторыю Мемарыяла і поўнае знішчэньне ўсіх памятных крыжоў над магіламі расстраляных. Чарговы этап – знішчэнне ўсіх масавых магіл і фальсіфікацыя гісторыі.
Звяртаюся таксама да маладых, што нарадзіліся ў задушлівай атмасферы антынароднага рэжыму, да тых – у каго жывыя душы. Ідзіце на абарону Курапатаў. Будзьце там. Запамінайце і фатаграфуйце абліччы злачынцаў і выканаўцаў злачынства, запісвайце іхныя прозвішчы, пасады і нумары машын, фіксуйце злачынства, не давайце яго рабіць. Усе яны, што апаганьвалі і знішчалі Курапаты, будуць пакараныя. Бог не пакіне Беларусь, калі мы адгукнемся і пастаім за сябе. Тыя, што паднялі руку на магілы расстралянага народа, тыя, як некалі камуністы, знойдуць свой канец.
Слава Айчыне! Жыве Беларусь!
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Пачаўся міжнародны конкурс дзіцячых малюнкаў «Красота Божьего мира» 01.07.2022 12:06
- Вернікаў царквы «Новае Жыццё» просяць пацвердзіць, што яны па-ранейшаму ў царкве 01.07.2022 10:14
- У Маладзечне асвяцілі кафедральны сабор 01.07.2022 07:12
- Верш беларускага святара паслужыў тэкстам антываеннай “Балады аб вайне” 30.06.2022 17:12
- Пастар Ганчарэнка: Бог здольны здзейсніць эканамічныя і палітычныя цуды 30.06.2022 16:05
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- “Мы не пакаяліся ў злачынствах камунізму”. Фотарэпартаж з “Ланцуга пакаяння” ў Мінску
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)