І ўваскрэсне Бог!

IMG_3540

Ва ўрочышчы Курапаты, на месцы масавых рэпрэсіяў, сёння знесеныя 70 крыжоў.

«Што здарылася?» – многіх хвалявала гэтае пытанне, і паверыць у рэальнасць таго, што адбывалася, было цяжка. Прэс-сакратар Прэзідэнта пазней патлумачыла: «Чытайце прэзідэнта!.. кіраўніком дзяржавы было абяцана, што ў Курапатах будзе наведзены парадак, даручэнне заняцца гэтым было дадзенае адпаведным ведамствам. Гэта месца трэба добраўпарадкаваць». Усебакова падтрымліваю Прэзідэнта: трэба навесці парадак у Курапатах! Але вось метады мясцовых дзержымордаў і прышыбеевых – не падтрымліваю.

Па стратэгіі таксама ёсць пытанні, і самае галоўнае: «якая яна, гэтая стратэгія?». Дай Бог, каб потым, зірнуўшы на вынік добраўпарадкавання, мы сказалі «Вау!» – кшталту, як кажа мой сябра-мастак, «дурным палову працы не паказваюць»…

А яшчэ мяне спрабаваў супакоіць адзін добры чалавек: маўляў, крыжы усталяваныя былі без узгадненняў апазіцыянерамі, да таго ж яшчэ і пратэстантамі. Ага, вось яно што…

Апазіцыя, якая ўладкоўвае помнікі культуры, а не барыкады, і заклікае запаліць памінальныя знічы на могілках, а не колы ад машын на плошчы… Карацей, у нашай улады павінна быць шмат зайздроснікаў. Некаторыя б кіраўнікі ў такой сітуацыі з радасцю б самі бярвёны падвозілі і адкрывалі б усё новыя і новыя месцы масавых пахаванняў…

І пяцідзясятнікі, якія не цураюцца крыжоў, а самі ўсталёўваюць крыжы і па-спаведніцку адграбаюць за гэта… Нібы назіраеш рэлігійную эвалюцыю ў рэальным часе! Калі ў вашай царкве не шануюць крыж, значыць, яна проста з’явілася пазаўчора, ніяк не ўкаранёная ў гісторыі, ды і проста пакуль яго не заслужыла, – магчыма, у яе яшчэ ўсё наперадзе…

Цікава, а на Грабарцы – усе крыжы ўзгодненыя з уладамі, ці ёсць парачка-іншая няўзгодненых? Эххх.

Сябры! Захоўвайце свае сэрцы ад зла. Шанаваць Крыж – гэта не проста злучыць адну палку з іншай. І, тым больш, не проста ненавідзець тых, хто асмеліцца раз’яднаць гэтыя палкі. Гэта значыць саўкрыжавацца з Хрыстом і супаўстаць з памерлых разам з Ім. Як Ён: «зразумець і дараваць». Ці проста адразу дараваць, – бо наўрад ці зразумееш некаторыя рэчы ў некаторыя выпадках…

І памятайце: «Бесы вельмі баяцца пазнакі Святога Крыжа, бо на ім Збаўца выкрыў і выставіў іх на ганьбу» (прап. Антоній Вялікі, 356). Хоць спачатку дэманы думалі, што гэта яны выставілі Госпада…

Протаіерэй Сяргей Лепін

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі