Крыжовыя шляхі ў Курапатах сабралі больш за 200 чалавек

Куропаты
Ва ўрочышчы Курапаты ў Мінску на месцы растрэлаў НКУС, дзе ранкам 4 красавіка супрацоўнікі мінлясгасу дэмантавалі 70 крыжоў, – працы вяліся пад аховай байцоў АМАПу і суправаджаліся арыштамі грамадзянскіх актывістаў, – увечары ў 16.00 і ў 19.00 адбыліся міжканфесійныя набажэнсты Крыжовага шляху з адмысловымі разважаннямі і малітвамі.

Куропаты

Першы крыжовы шлях, арганізаваны па ініцыятыве каталіцкіх сем’яў, сабраў каля 20 чалавек, у тым ліку ў ім узялі ўдзел каталіцкі святар Уладзімір Марушэўскі і паэт Дзмітрый Строцаў.

Увечары на Крыжовы шлях прыйшлі больш за 200 чалавек. Удзел у малітоўным шэсці прыняў каталіцкі святар Алег Шэнда, пастар пратэстанцкай царквы «Ян Прадвесьнік» Антоні Бокун, а таксама дарадца амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, палітыкі Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч, Мікалай Статкевіч, прадпрымальнік Павел Белавус і іншыя.

Са спевам гімну «Магутны Божа» і адмысловымі малітвамі ўдзельнікі спусціліся крыжовай хадой да плоту, які пачалі ставіць супрацоўнікі мінлесгасу.

У сацыяльных сетках пашыраецца прапанова праводзіць ў Курапатах набажэнства Крыжовага шляху штовечар у 19.00 да вырашэння канфлікту.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі