Заява прэс-службы Апостальскага візітатара для грэка-каталікоў адносна Курапатаў

IMG_3527

Раніцай 4 красавіка 2019 года ва урочышчы Курапаты пад Мінскам, у месцы загубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў, пачаўся дэмантаж і вываз крыжоў, якія былі ўсталяваныя грамадскасцю напрацягу некалькіх гадоў. Дагэтуль невядома мэта гэтага акту.

Крыж для хрысціянаў з’яўляецца святым сімвалам пакуты і збаўчай смерці Госпада нашага Ісуса Хрыста. Для усіх людзей абсягу хрысціянскай цывілізацыі крыж з’яўляецца сімвалам памяці памерлых, асабліва тых, якія памерлі ад несправядлівага насілля.

Курапаты — гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасцей і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій ў першай палове ХХ стагоддзя.

Важнасць гэтага памятнага месца адзначана беларускай дзяржавай, якая ўключыла гэта месца ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей пад катэгорыяй 1, якая надае помніку міжнароднае значэнне.

Каталіцкая Царква выступіла супраць дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах

У сувязі са зносам крыжоў, усталяваных грамадскасцю ва ўрочышчы Курапаты, мы поўнасцю салідарны з Заявай Старшыні Каферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які між іншым напісаў:

“Заклікаю адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць гэтыя дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі”.

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост у пятніцу 5 красавіка 2019 г., праз малітву і праз руплівае пакланенне Крыжу Хрыстоваму ў бліжайшыя дні, уключна з нядзеляй 7 красавіка 2019 г., бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах.

Протапрэзбітар Яўген Усошын

Прэс-служба Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі

 Мінск, 4 красавіка 2019.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі