Габрэйскі алфавіт сведчыць пра Хрыста

Бог аднойчы сказаў: «Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь іх мець жыцьцё вечнае; а яны сведчаць пра Мяне» (Яна 5:39). Дзіўна і нечакана тое, што пра Бога сведчыць не толькі Пісанне, не толькі святыя тэксты, але нават літары, нават сам старажытнагабрэйскі алфавіт, які выкарыстоўваўся пры напісанні Святога Пісання Старога запавету.

Як вядома, Ісус Хрыстос размаўляў на арамейскай мове, якая ў той час была самай распаўсюджанай мовай у Палестыне. Таму, калі Сын Божы сведчыць пра Сябе, што Ён – «Альфа і Амега, пачатак і канец» (Адкрыццё 1:8), варта больш уважліва прыгледзецца да гэтага выраза скрозь прызму старажытнага іўрыту.

Альфа і Амега – гэта першая і апошняя літары грэцкага алфавіту. У старажытнагабрэйскім жа алфавіце, першая і апошняя літары – гэта א (алеф) і ת (тав). Літара «алеф» азначае «бык» і сімвалізуе ахвярную жывёліну, якую прыносяць у ахвяру Богу. Літара ж «тав» азначае «знак» і выклікае яшчэ большую цікавасць.

У кнізе прарока Езэкііля мы чытаем: «І сказаў яму Гасподзь: прайдзі пасярод горада, пасярод Ерусаліма, і на ілбах людзей, якія смуткуюць і ўбольваюцца праз ўсе гідоты, што чыняцца сярод яго, зрабі знак» (Езэкііля 9:4). Што гэта быў за знак? У сінадальным перакладзе і ў Септуагінце гэты знак не прачытваецца ў тэксце, аднак у Вульгаце і ў габрэйскім тэксце мы можам даведацца, што гэта быў за знак: «і напішы «тав» на ілбах мужоў», бо літара «тав» ת і азначае знак. Гэта заўважыў яшчэ блажэнны Еранім Стрыдонскі, перакладаючы з габрэйскай мовы на латынь Стары запавет, і напісаў пра гэта ў сваіх каментарах на кнігу прарока Езэкііля. Гэты знак спрадвеку лічыўся пячаткай і знакам Бога Ізраілева, а таксама асацыяваўся з Імем Божым. «І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе» (Адкрыццё. 14:1). Таксама ў іншым месцы: «І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх» (Адкрыццё 22:4). Такім чынам, літара ці знак «тав» не проста была пячаткай Бога Саваофа, але і сімвалізавала само Імя Божае, святы Тэтраграматон, а, значыць, служыла знакам Яго прысутнасці і аб’яўлення Яго славы.

Яшчэ адзін цікавы факт — тое, што ў старажытнагабрэйскім алфавіце, які меў выкарыстанне яшчэ да вавілонскага палону і захоўваўся ў самаран, літара «тав» ת мела іншае напісанне і выглядала як крыж +, знак самога Хрыста, яго слава і перамога. Таму, калі на святочнай Ютрані святар памазвае алеем лоб верных, ён не толькі робіць выяву Крыжа на хрысціянах, але і ставіць знак самога Бога, пячатку, якая ўяўляе Імя Божае, якім будуць захаваныя хрысціяне ў апошнія часы.

Таксама, вельмі характэрна тое, што літара «алеф» א у хуткапісе выглядае як Ic, што ідэнтычна абрэвіятуры імя Ісус.

Такім чынам, у словах Бога Ісуса, «аз есмь Альфа і Амега», алеф і тав, мы можам убачыць Ic +, гэта значыць “ахвяра, прынесеная на Крыжы” ці Ягня (Ic) Божае (+).

Вось тое дзівоснае, што можна ўгледзець у старажытным габрэйскім алфавіце, які нават на ўзроўні простых літар можа распавесці нам пра Збаўцу свету. У словах Бога, поўных глыбокага сэнсу, мы адначасова бачым Боскае прадвесце Яго ахвярнага служэння як Ягняці Божага, якое бярэ на Сябе грахі свету, а таксама Боскую якасць Месіі, знак Адзінага Бога і знак Яго святога Імя, перад якім трапеча ўся зямля.

Іван Ничипорук, навучэнец магістратуры Менскай Духоўнай Акадэміі

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі