Пажар Нотр-Дам распаліў малітву па ўсім Парыжы. Сведчанне беларуса

15 красавіка ў Парыжы падчас рэстаўрацыі загарэўся вядомы французскі Сабор Нотр-Дам — Сабор Парыжскай Божай Маці. Навіна імгненна разляцелася па ўсім свеце. Да Сабора сталі збірацца людзі, прэса, многія сачылі за здарэннем праз інтэрнэт. Усе перажывалі — ці здолеюць пажарнікі патушыць агонь і выратаваць адзін з галоўных будынкаў Парыжа і ўсёй Францыі.

У непасрэднай блізкасці ад палаючага Сабора апынуўся беларус Андрэй Строцаў, які вучыцца ў Парыжы. У сваім фэйсбуку Андрэй падзяліўся сведчаннем з месца здарэння — вакол Сабора сабралася мноства французаў, не адводзячы вачэй яны сачылі за пажарам, а многія… укленчылі і маліліся.

57162444_374104449857097_5594070168599789568_n

«Як гэта было.

Я ў сябе дома, стэлефаноўваюся з бацькамі. Пачаў гаварыць адну важную рэч, і раптам з-за вакна раздаецца выццё сірэн. Я акно адчыніў, кажу «спадзяюся, нічога страшнага». Скончылі размаўляць роўна а восьмай гадзіне.

Выключаю мэсэнджар, адкрываю фэйсбук. Бачу там першай навінай фатаздымкі Нотр-Дама ў агні.

Апошні раз я там быў 5 красавіка, назаўтра пасля Курапат, калі там выносілі для пакланенн Цярновы вянок.

Выходжу з дому. Я жыву блізка. Са сваёй вуліцы бачу велізарны слуп дыму.

Прыкладна праз 20 хвілін даходжу да мелькіцкай царквы Saint-Julien-le-Pauvre, проста насупраць сабора праз раку. Адтуль відаць увесь пажар.

Людзі стаяць і спяваюць «Багародзіца Дзева, радуйся» па па-французску, Je vous salue Marie.

Я застаюся там. Увесь час прыходзяць новыя людзі, пакуль у нейкі момант уся вуліца не запаўняецца некалькімі сотнямі людзей, якія спяваюць.

Некаторыя моляцца на каленях, у шэсць шэрагаў. Некаторыя трымаюць абразы і ружанцы.

Крыху сацыялогіі. Амаль усе — ад 20 да 30 гадоў. Прыкладна пароўну мужчын і жанчын. Твары — еўрапейскія, індыйскія, афрыканскія, магрыбскія, кітайскія. Ёсць некалькі дзяцей.

З’явіўся мой сусед і нейкі час там таксама прабыў. Потым прыйшлі трое сяброў.

Малітва пастаянная, без паўзаў. Здаравенныя мужчыны ў слязах. Але не толькі яны.

Некалькі разоў хтосьці выходзіць наперад і просіць хвіліну цішыні. Але па краях усё адно спяваюць.

Першы раз прачыталі з Евангелля ад Яна 2:13-25, пра выгнанне гандляроў і слова Ісуса пра разбурэнне Храма. У Яна гэта першая Пасха Ісуса ў Іерусаліме. У астатніх евангелістаў гэта адбываецца адразу пасля Ўваходу ў Іерусалім, гэта значыць перад апошняй Пасхай. Часам лічыцца, што як раз у Вялікі Панядзелак.

Другі раз усе разам прачыталі «Ойча наш». У трэці раз прачыталі малітву да святой Жэнеўевы, заступніцы Парыжа. У чацвёрты раз — малітву да Багародзіцы святога папы Яна Паўла II, якую ён прамовіў перад Нотр-Дамам. У пяты — малітва святога Францыска. У шосты — з Шарля Пэгі пра Багародзіцу. У сёмы — малітва пра пажарнікаў. (Можа быць, я штосьці забыўся).

Прынеслі ваду і печыва, усе перадаюць адзін аднаму.

Няма ні святароў, ні кагосьці, хто б неяк дырыжаваў, усё абсалютна самаарганізавана.

З’яўляюцца хлопчык і дзяўчынка са скрыпкамі і дадаюць да спеву сваю музыку.

Цямнее, запальваюцца ліхтары. У дзвюх вежах сабора сталыя ўспышкі ад ліхтароў пажарнікаў. Над саборам чырвоныя іскры і падобныя на іх чырвоныя зоркі — дроны-фотаапараты. Адусюль звоняць званы.

У 23.10 выходзіць чалавек і кажа, што структуру храма атрымалася уратаваць.

Хтосьці пачынае гімн «Nous Te saluons, Couronnee d’etoiles» і ўсе падхопліваюць. Потым яшчэ спяваюць некалькі багародзічных спеваў. Кажуць, што Цярновы Вянок і туніку святога Людовіка атрымалася вынесці з агню. Хтосьці пачынае спяваць Salve Regina па-лацінску, і таксама спяваюць усе. А потым ізноў Je vous salue Marie, увесь час.

Агонь усё яшчэ гарыць, але слабее. Паступова людзі пачынаюць разыходзіцца. Пасля паўночы ўстаём з сябрамі і ідзем на метро.

Да мяне падыходзіць адна журналістка, паказвае свой тэлефон, дзе яна набрала ўвесь тэкст Je vous salue Marie, і пытае, што гэта за малітва. Я ёй распавядаю.

Падыходзім паглядзець з іншай вуліцы, там такі ж натоўп народа і таксама ўсе спяваюць. Падобнае было і на іншых вуліцах, мастах, пляцах. Тысячы людзей гадзінамі спяваюць і моляцца на вуліцах».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі